Кацярына ПЯТРУЦКАЯ, дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, кандыдат педагагічных навук:
— Прытрымліваючыся дэвіза нашага каледжа “У нагу з часам і на крок наперадзе!”, установа крочыць сугучна з абноўленым Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Мінскі каледж займае актыўную пазіцыю ў прафесійнай падрыхтоўцы і выхаванні будучых педагогаў, што непасрэдна звязана з прадстаўленымі нормамі дакумента. Сёння мы выхоўваем навучэнцаў, а заўтра яны прыйдуць ва ўстановы адукацыі і будуць выхоўваць сваіх вучняў. Нараўне з інтэлектуальным, прафесійным развіццём асобы сёння ў цэнтры ўвагі знаходзіцца фарміраванне ў моладзі патрыятызму, грамадзянскасці. Гэтыя пытанні ва ўстанове адукацыі вырашае ў тым ліку клуб “П3 ФАРМАТ: педагог — патрыёт — прафесіянал”. Фармат работы клуба — дзелавыя гульні, сустрэчы з цікавымі і паспяховымі людзьмі, дыялогавыя пляцоўкі.
Гартаючы кодэкс, засяроджваеш увагу на важнай норме, у якой замацавана арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі на дзвюх дзяржаўных мовах. Сучасны педагог павінен у роўнай ступені валодаць і рускай, і беларускай мовай. Зносіны з навучэнцамі каледжа паказалі, што яны пакуль адчуваюць недастатковы ўласны ўзровень валодання беларускай мовай, каб арганізоўваць на ёй навучанне ва ўстановах адукацыі. Ва ўстанове вядзецца пошук інавацый для павышэння валодання беларускай мовай. Адной з іх з’яўляецца праект “Беларускамоўны панядзелак”, які атрымаў грант Мінгарвыканкама. Аўтары праекта — Н.В.Пралыгіна, загадчыца аддзялення, і Н.У.Чарнаброўкіна, выкладчыца, кандыдат філалагічных навук. Новы праект прадугледжвае правядзенне ў каледжы беларускамоўных дзён; стварэнне беларускамоўнага асяроддзя на вучэбных занятках, перапынках, у пазавучэбнай дзейнасці; стварэнне відэатэкі і інш. Матэрыялы, распрацаваныя ў рамках праекта, выпускнікі каледжа будуць выкарыстоўваць ва ўласнай педагагічнай дзейнасці.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО