Гэтую акуратную хатку пад дахоўкавым дахам, якая летам патанае ў зеляніне, пакажа вам любы пісьменны жыхар аграгарадка Глінішча, што на Гомельшчыне, у Хойніцкім раёне. І няхай яе не назавеш родавым гняздом Івана Мележа (яго падчас вайны спалілі акупанты і іх памагатыя), менавіта тут з лютага 1983 года абсталяваўся дом-музей народнага пісьменніка Беларусi. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Вечныя” лапці i медаль за вучобу
Рэдкiя кнігі i фатаграфіі, старая мэбля i начынне, асабістыя рэчы аўтара “Палескай хронікі” i іншых выдатных твораў, мноства цікавых і значных экспанатаў… Вельмі шмат нагадвае тут пра аднаго з самых знакамітых палешукоў, які надзяляў сваіх Ганну, Васіля і астатніх “людзей на балоце” вядомымі рысамі землякоў. Малодшы навуковы супрацоўнік дома-музея, яна ж галоўны і адзіны экскурсавод, Любоў Рубан расказвае:
— Як вядома, Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў нашым Глінішчы. Старая хата яго бацькоў у 1942 годзе была спалена палiцаямi за тое, што яго бацька з’яўляўся сувязным партызанскага атрада. Балота і хмызняк даходзілі тады да самай вёскі. Пасля вайны на тым старым папялiшчы пабудавалi новую вялікую хату на чатыры пакоі.Пасля смерці Івана Паўлавіча, а пазней і яго бацькоў, яе прадалі. Новыя гаспадары не далі дазволу на размяшчэнне там музея, і таму ён першапачаткова туліўся ў нашай новай школе на першым паверсе. Але прыязджала ўсё больш людзей, якія цікавіліся творчасцю знакамітага пісьменніка, творчасць Мележа ўключылі ў школьную праграму.
Па рашэнні кіраўніцтва Хойніцкага райвыканкама насупраць школы імя І.П.Мележа быў пабудаваны і 12 лютага 1983 года ўрачыста адкрыты вось гэты будынак музея, якому ўжо больш за 40 гадоў.
— Сям’я Мележ была мнагадзетнай?
— Так. У 1942-м у суседняй Каранёўцы на свет з’явіўся самы малодшы, апошні сын Расціслаў. Усяго ж у сям’і нарадзілася 9 дзяцей, але трое памерлі. Жылi яны бедна, i дзеці з юных гадоў уцягваліся ў працу, прывыкалі дапамагаць дарослым. Ледзь пасталеўшы, Іван пачаў пасвіць свіней. У непагадзь, золь, дажджы і снег ён хадзіў у школу ў Глінішчы з палатнянай торбачкай на плячах, у якой ляжалі кніжкі і кавалак хлеба. Яго мацi Марыя Дзянісаўна была непiсьменнай жанчынай, але бацька Павел Фёдаравіч умеў пісаць і чытаць і вельмі хацеў, каб Іван вучыўся. Будучы славуты пісьменнік скончыў пачатковую школу ў Глінішчы, а вось сярэднюю № 1 ужо ў Хойніках, прычым з залатым медалём. І яшчэ калі вучыўся, пачаў пісаць невялікія вершы.
— Прычым іх доўга не публікавалі…
— Першы пад назвай “Радзіме” апублікавалі толькі ў 1939 годзе ў газеце “Чырвоная змена”. Вельмі падтрымаў яго ў той час школьны выкладчык літаратуры Міхаіл Іванавіч Пакроўскі. Менавіта ён пераканаў хлопца не кідаць паэтычныя доследы і працаваць сур’ёзна. Пасля размовы з ім Іван пачаў пасылаць свае недасканалыя яшчэ опусы ў розныя рэдакцыі.
— Скажыце, ці праўда, што Іван Паўлавіч у дзяцінстве праяўляў розныя таленты, любіў маляваць і нешта рабіць сваімі рукамі, удзельнічаў у драматычным гуртку?
— Так. I маляваць любiў, i майстраваць, і чытаць, і не толькі. Яго аднакласнiк успамінаў, што ў школу сялянскія дзецi хадзiлi ў лапцях, іншага абутку не мелі, жылі бедна. Беззямельны бацька Мележа займаўся бондарствам, сталярствам, рабiў аконныя рамы, дзверы, бочкі. Іван яму дапамагаў і шмат чаму ў яго навучыўся, у тым ліку ужо ў 1 класе ўмеў плесці лапці з лыка. I таму не бедаваў, калі яны рваліся, нават, скажам, узімку падчас катання ў іх па лёдзе на змёрзлых “кругах”, паколькі ўмеў адрамантаваць гэты непатрабавальны “абутак” самастойна. Або, напрыклад, ён змог змайстраваць сабе веласіпед з дрэва і катаўся на ім.
Вершы і проза, мiр i вайна
— Пасля школы, якую ён скончыў на выдатна, Мележ з другой спробы стаў студэнтам Маскоўскага інстытута філасофіі, літаратуры i гісторыі. Аднак вучыцца, як вядома, яму давялося нядоўга…
— Так, з першага курса яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Службу Іван праходзіў у артылерыйскім палку, у 1940 годзе ўдзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны і Бесарабіі. У войску ён пачаў весці вайсковы дзённік, пісаць не вершы, а прозу. А калі служба падыходзіла да канца, пачалася Вялікая Айчынная вайна. І вось яго “Першая кніга. Дзённікі. Сшыткі. З запісных кніжак”, якую вы трымаеце ў руках, — гэта ваенны твор. Яна была ўпершыню выдадзена толькі ў 1977 годзе, ужо пасля смерці пісьменніка.Там, напрыклад, ён апісвае сваё першае раненне — апёк рукі і твару. Ужо ў 1941-м у Растове, куды яго накіравалі на курсы палітсаставу, Мележ трапіў пад артабстрэл і быў вельмі цяжка паранены ў плячо і кантужаны, пісаў, што быў прытомны, адчуваў левую руку, нагу, а правы бок — не. Плячо ўяўляла сабой аголеную косць, а пасечаная аскепкамі рука трымалася толькі на сухажыллях і скуры. З медсанбата яго пераправілі ў шпіталь у Тбілісі і рыхтавалі да аперацыі.
— Будучы пісьменнік мог пазбавіцца правай рукі?
— Мог. Ён па вайсковым вопыце ўжо ведаў, што ў такіх выпадках верагодная гангрэна, вельмі хацеў жыць і даў згоду на ампутацыю рукі. Але яму пашчасціла. Аперацыю рабіў начальнік шпіталя па прозвішчы Антонаў, які пашкадаваў маладога хлопца з вёскі. Маўляў, што ён будзе рабіць пасля вайны? І руку ўдалося захаваць. Вядома, яму прыйшлося цяжка. Спатрэбілася не адна аперацыя, паўгода Іван ляжаў, закаваны ў гіпс ад шыі да пояса.
Ад невыноснага болю І.Мележ не мог заснуць, прасіў сястрычку ўкалоць яму хоць што-небудзь. Аднак медыкаментаў не хапала, морфій бераглі. Даводзілася цярпець… І там жа, у шпіталі, ён навучыўся пісаць левай рукой.
— Напісаў што-небудзь вядомае?
— Два апавяданні, прысвечаныя менавіта ўрачам: “Апошняя аперацыя” і “Сустрэча ў шпіталі”. Праз паўгода яго камісавалі і адправілі далечвацца, паабяцаўшы перакамісоўку праз год. Ён вельмі хацеў адшукаць сваіх родных, спадзяваючыся, што іх эвакуіравалі з нашай вёскі, акупіраванай немцамі. І даведаўшыся, што нейкія спісы эвакуіраваных могуць знаходзіцца ў горадзе Бугуруслан Арэнбургскай вобласці, накіраваўся туды.
— І знайшоў там свой лёс…
— Так. Ліда Пятрова аказалася дачкой гаспадыні дома, дзе размясцілі Івана Паўлавіча, Клаўдзіі Іванаўны. Будучы класік беларускай літаратуры ўразіў дзяўчыну бледнасцю, худзізной, неардынарным адзеннем — матроскімі клёшамі і салдацкай гімнасцёркай, нейкай дзіўнай адухоўленасцю. І таксама звярнуў на яе ўвагу, напісаўшы ў сваіх дзённіках: “Лідзія — дзяўчына асаблівая. Трэба да яе ўважліва прыгледзецца”.
— Прыгледзеўся?
— Канечне. Ён затрымаўся ў Бугуруслане амаль на год. Лідзія была дзяўчынай вельмі сімпатычнай, добрай, спагадлівай. У красавіку 1943 года, не сказаўшы нікому ні слова, яны пайшлі ў загс і распісаліся, а ўжо у 1944-м тут жа, у Бугуруслане, у іх нарадзілася дачка Людміла. Калі дзяўчынцы споўніўся год, бацькі пакінулі яе на апеку Клаўдзіі Іванаўны, а самі паехалі спачатку на станцыю Сходня пад Масквой, дзе размяшчаўся ў той час БДУ (Мялеж завочна вучыўся на філалагічным факультэце), а пасля ў Мінск. Пазней перавезлі туды і цешчу.
— Лідзія магла стаць прататыпам той жа прыгажуні Ганны з “Палескай хронікі”?
— Часткова. У Ганны, напрыклад, вішнёвыя вочы, як у Ліды. Але сам ён прызнаваўся, што вобразы яго персанажаў зборныя, хоць, вядома, маюць пэўнае падабенства з землякамі і роднымі пісьменніка.
З аўтографам Брэжнева
— Любоў Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра экспазіцыю вашага музея. Якія экспанаты асабліва дарагія?
— Як бачыце, экспазіцыя музея размешчана ў чатырох залах. У першым сабраны прадметы хатняга ўжытку, якімі сяляне карысталіся ў мінулым: калаўрот з ільняной пакляй, маслабойка, ступа, качалка, капылі, хустка, сукенка і іншае. Гэта ўсё і сёння нам прыносяць тыя, хто хоча, напрыклад, каб захаваліся рэчы, пакінутыя ім у спадчыну бабулямі-дзядулямі ў старых хатах.
У іншым пакоі можна ўбачыць рэдкія сямейныя фатаграфіі. Тут ёсць, акрамя шматлікіх здымкаў самога Івана Паўлавіча і яго бацькоў, дзядуля і бабуля па матчынай лініі, браты, сёстры, аднакласнікі, настаўнікі з пачатковай школы, у якой вучыўся Іван Мележ, і іншыя.
У нас у музеі шмат кніг Івана Мележа і з яго асабістай бібліятэкі, і выдадзеных у розны час на розных мовах. На экскурсіі часта прыходзяць і прыязджаюць школьнікі, навучэнцы, студэнты і мясцовыя, з іншых гарадоў рэспублікі, а часам і краін. Апошнім, думаю, асабліва прыемна ўбачыць, скажам, раман “Людзі на балоце”, перакладзены на іх родную мову.
— А чым цікавы, напрыклад, вось гэты ручны гадзіннік?
— У яго па-свойму кранальная гісторыя. Іван Пятровіч ездзіў у Маскву на адзін са з’ездаў Саюза пісьменнікаў СССР і купіў гадзіннік у падарунак бацьку, які ў той час ужо жыў у Ленінградзе.
— А як бацька, прабачце, апынуўся ў горадзе на Няве?
— Пераехаў туды пры садзейнічанні Любы, сястры Івана Паўлавіча, калі прадаў хату ў Глінішчах. І вось пісьменнік у маі прыехаў да іх з Масквы ў Ленінград і падарыў бацьку гэты гадзіннік. А сам неўзабаве, праз два з паловай месяцы, 9 жніўня 1977-га, зусім не старым, у 55 гадоў, пайшоў з жыцця… Бацькі таксама не стала праз год, і калі яго хавалі тут, у Глінішчах, Любоў Паўлаўна перадала гадзіннік у музей.
— Народны пісьменнік Беларусі кранальна ставіўся да сваёй сям’і, усіх сваіх родных?
— Безумоўна. Ён ніколі не забываўся пра бацькоў Паўла Фёдаравіча і Марыю Дзянісаўну, чым мог дапамагаў братам і сёстрам, вельмі любіў жонку і дачок Люду і Ларысу, песціў іх. І яны, вядома, плацілі яму ўзаемнасцю.
— Вось гэта, на стэлажах, яго асабістыя рэчы?
— Так. Паліто, гарнітур, капялюш, кепка, партфель…
— І друкавальная машынка “Ундэрвуд”?
— Канечне. Яна трафейная, нямецкая, але шрыфт на клавіятуры ўмельцы перарабілі на рускую мову. А вось бачыце гэтае пасведчанне? Калі Іван Паўлавіч адвучыўся на курсах малодшых палітрукоў, дзе намеснікам начальніка быў Леанід Брэжнеў, будучы генеральны сакратар КПСС асабіста падпісаў дакумент аб заканчэнні іх Мележам на выдатна…
Уладзімір ПІСАРАЎ
Фота Алега ІГНАТОВIЧА