Лета для настаўніка — час адпачынку і назапашвання цікавых метадычных знаходак да новага навучальнага года. Чэрвеньскі дадатак «Партфоліа», які выйдзе ў «Настаўніцкай газеце» 27 чэрвеня, раскажа пра вопыт творчых педагогаў краіны, якім ёсць чым падзяліцца з калегамі.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 14 Баранавіч імя У.З. Царука Алена Ступчык падказвае, як павысіць эфектыўнасць метадычнай работы ва ўстанове адукацыі і арганізаваць тыдзень педагагічнага майстэрства. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага каледжа галіновых тэхналогій Таццяна Батура знаёміць з магчымасцямі выкарыстання на ўроках літаратуры штучнага інтэлекту. Так, пры рабоце з тэкстам штучны інтэлект выкарыстоўваецца ў якасці апанента пры правядзенні дыскусіі. Ён дазваляе даць характарыстыку персанажа, намаляваць партрэт героя, дапамагчы настаўніку ў распрацоўцы ўрока ці пазакласнага мерапрыемства. Метадычныя прыёмы, заснаваныя на функцыях нейрасетак, даюць магчымасць педагогу развіваць у вучняў крытычнае мысленне, уменне аналізаваць, фарміруюць функцыянальную адукаванасць.
Як выкарыстоўваць апорныя канспекты і схемы для развіцця моўных і маўленчых навыкаў навучэнцаў, дзеліцца настаўніца рускай мовы і літаратуры Прудкоўскай сярэдняй школы Мазырскага раёна Тамара Чырыч. Прыклады выкарыстання гексаў прыводзіць настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 імя Ф.Я. Перца Пінска Таццяна Кныш. Пра вопыт выкарыстання праблемнага навучання на музыцы расказвае настаўніца па класе флейты сярэдняй школы № 1 Мінска імя В.П. Чкалава Зінаіда Солтан.
Журналісты «Настаўніцкай газеты» знаёмяць з дзейнасцю настаўніцы біялогіі Германавіцкай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна Марыны Фёдаравай, пад кіраўніцтвам якой вучні пішуць навукова-даследчыя работы, і настаўніцы рускай мовы і літаратуры Вілейскай гімназіі № 1 «Логас» Святланы Згерскай, якая паспяхова рыхтуе дзяцей да алімпіяд і конкурсаў.
У рубрыцы «Практыкум» класны кіраўнік 8-га класа гімназіі № 4 Мінска Таццяна Гутырчык прадстаўляе распрацоўку факультатыўных заняткаў па тэме «Як абараніць сябе ад кібербулінгу?». З 2020 па 2025 г. педагагічны калектыў гімназіі быў уключаны ў эксперыментальную дзейнасць па праекце «Апрабацыя мадэлі стварэння сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі». У сувязі з гэтым выбар новай праграмы факультатыўных заняткаў па функцыянальнай адукаванасці для 8-га класа быў відавочны — «Чалавек у свеце медыя: як не згубіцца ў эпоху фэйкаў і мэйнстрымаў».
Прыемнага чытання!
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Надзеі ЦЕРАХАВАЙ





