“Кітайская мова лічыцца самай складанай у свеце — мне стала цікава паспрабаваць свае сілы”, расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” настаўніца кітайскай мовы аршанскай школы № 16 Крысціна Астапенка.
Паспрабаваць свае сілы
— Крысціна Уладзіміраўна, што натхніла вас, настаўніцу англійскай мовы, звярнуць увагу на кітайскую?
— У 2014 годзе ў нашу школу прыехала валанцёр з Кітая. Яна пачала выкладаць сваю родную мову факультатыўна для вучняў. Настаўнікі таксама маглі далучыцца. І я не стрымалася. Для мяне гэта быў у пэўным сэнсе выклік! Кітайская мова лічыцца самай складанай у свеце — мне стала цікава паспрабаваць свае сілы. Была настроена вельмі рашуча і адказна, разумела, колькі намаганняў неабходна будзе прыкласці. Прадчувала, што новыя веды адкрыюць новыя магчымасці і ў самаразвіцці, і ў кар’ерным плане.
— Што больш за ўсё ўразіла?
— Сама ўнікальная мова, якае мае старажытную і багатую гісторыю. Адна толькі пісьменнасць, заснаваная на іерогліфах, чаго варта. (Усміхаецца.) А яшчэ, дзякуючы таму, што адно і тое ж слова можна вымавіць у рознай танальнасці, яно набывае зусім рознае значэнне. Путунхуа — уніфікаваная афіцыйная мова ў Кітаі, аднак многія рэгіёны выкарыстоўваюць уласныя дыялекты, якія адрозніваюцца вымаўленнем, лексікай і граматыкай. Тым не менш усе гэтыя асаблівасці мяне не спалохалі.
— Без сумнення пагадзіліся атрымаць кваліфікацыю выкладчыка кітайскай мовы?
— Канечне! Прапанова паступіла ад Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ ў 2018 годзе. У нашай школе ўжо было прынята рашэнне, што кітайская мова стане асноўнай замежнай. Патрэбны былі настаўнікі. А я ўжо не ўяўляла свайго жыцця без гэтай цікавай мовы. Перападрыхтоўка дазволіла ўбачыць новыя перспектывы і атрымліваць задавальненне ад таго, што раблю.
— Вам давялося двойчы пабываць на стажыроўцы ў Кітаі. З якім багажом вярнуліся ў Беларусь?
— Стажыроўкі праходзілі ў Даляньскім політэхнічным універсітэце. На працягу 2 тыдняў мы наведвалі заняткі па кітайскай мове. Яны былі накіраваны на паляпшэнне практычных навыкаў маўлення, чытання, напісання іерогліфаў. Гэта была выдатная магчымасць для прафесійнага ўдасканалення. Таксама нас знаёмілі з культурай Кітая. Праводзіліся майстар-класы па каліграфіі, кітайскім жывапісе, чайнай цырымоніі і музыцы. Былі арганізаваны экскурсіі па гарадах Далянь, Пекін.
— У мінулым навучальным годзе вы атрымалі ўзнагароду “Узорны настаўнік кітайскай мовы“. Што паспрыяла гэтаму?
— Узорных настаўнікаў вызначала Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Трэба было апісаць свой вопыт работы, што зроблена ў школе, якія перамогі былі за гэты час, колькі адпрацавана гадзін па прадмеце. Мне дапамаглі веды, атрыманыя падчас навучання ў РІКК БДУ, і мой характар. Я працавітая, настойлівая, зацятая, не кідаю справу, за якую ўзялася. Гэтая ўзнагарода, безумоўна, важная і каштоўная для мяне. Зараз рыхтуюся да здачы экзамену, каб атрымаць сертыфікат міжнароднага ўзору HSK-5. Планую паступаць у магістратуру РІКК БДУ.
Шматграннасць і разнастайнасць
— Якія моманты падчас вывучэння мовы Паднябеснай выклікаюць у дзяцей цяжкасці?
— Па-першае, пісьмовая сістэма. Вялікая колькасць іерогліфаў патрабуе запамінання як іх напісання, так і значэння. Па-другое, танальнасць мовы Паднябеснай, граматыка і словаўтварэнне адрозніваюцца ад еўрапейскіх моў. Акрамя таго, цяжкасці могуць узнікнуць з фарміраваннем слоў і складаннем сказаў.
— Вашы вучні ўдзельнічаюць у алімпіядным руху па кітайскай мове. Прычым дзяўчынкі-васьмікласніцы перамагаюць старшакласнікаў, атрымліваюць дыпломы на заключным этапе. Як вам гэта ўдаецца?
— З цягам часу выпрацоўваюцца свае падыходы да грунтоўнай падрыхтоўкі. Некаторыя з іх заснаваны на традыцыйным метадзе з акцэнтам на граматыцы і чытанні, у той час як іншыя сканцэнтраваны на камунікатыўнай здольнасці і гутарковай практыцы. Таксама прымяняю методыкі, якія ўключаюць выкарыстанне гульняў і мультымедыйных сродкаў, гэта дапамагае зацікавіць вучняў і матываваць іх да лепшага засваення мовы.
— Не застаяцеся ў баку і ад міжнародных конкурсаў…
— Так. Шмат гадоў запар удзельнічаем у конкурсе “Мост кітайскай мовы”. Гэта адзін з найважнейшых і складаных конкурсаў. У 2023 годзе сталі пераможцамі. Пры падрыхтоўцы звяртаем увагу на такі момант, як вусная гаворка, бо вучням неабходна выступіць з маналагічным выказваннем, чытанне таксама з’яўляецца абавязковым этапам, і, вядома ж, пісьмовая мова прысутнічае. Яшчэ трэба добра выступіць з творчым нумарам, бо неабходна здзівіць журы. Гэта часцей за ўсё бывае пастаноўка з песняй і танцамі. Таксама прымаем удзел ва ўсіх спаборніцтвах, квестах, канцэртах, куды запрашае РІКК БДУ.
— З 2015 года ў школе праводзіцца тыдзень кітайскай мовы, які завяршаецца фестывалем “Вясна з вясной сустрэліся”. Без вашага актыўнага ўдзелу гэтае свята таксама не абыходзіцца.
— У арганізацыі і правядзенні гэтага фестывалю задзейнічана шмат людзей: валанцёры з Кітая, настаўнікі музыкі, наш цудоўны харэограф, адміністрацыя школы. Вучні з радасцю далучаюцца да падрыхтоўкі. Мы імкнёмся не толькі азнаёміць гасцей з гісторыяй і культурай Кітая. Але не забываем і пра нашы нацыянальныя традыцыі.
— Добра сябе зарэкамендаваў і ўнікальны школьны моўны анлайн-лагер. Ваша зона адказнасці ў яго арганізацыі?
— Удзел у гэтым лагеры нам прапануе РІКК БДУ. У мае абавязкі ўваходзіць збор неабходнай інфармацыі аб удзельніках лагера, абмеркаванне ўсіх вучэбных момантаў з кітайскім бокам, а таксама штодзённая работа ў самім лагеры, вырашэнне пытанняў, якія ўзнікаюць падчас заняткаў. На працягу двух тыдняў, звычайна пасля зімовых канікул, дзеці пасля ўрокаў атрымліваюць магчымасць пагутарыць з дасведчанымі выкладчыкамі Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта. Гэта велізарны плюс для вучняў, яны развіваюць навыкі маўлення, чытання, успрымання і разумення кітайскай гаворкі на слых.
— Лінгафонны кабінет з’явіўся ў школе ў 2017 годзе, праз тры гады пачаў дзейнічаць кабінет Канфуцыя. Як гэта дапамагае вам у выкладанні, а вучням у засваенні ведаў?
— Выкарыстанне аўдыя- і відэаматэрыялаў дазваляе школьнікам больш эфектыўна асвойваць мову, павышае матывацыю, робіць навучанне больш цікавым і якасным. Дзеці таксама знаёмяцца з культурай і традыцыямі краіны. Тут навучэнцы рыхтуюцца да экзаменаў, выкарыстоўваючы спецыяльныя падручнікі, праграмы, дапаможнікі.
— Адчулі ўплыў кітайскай культуры, філасофіі на ваш характар, адносіны да жыцця?
— Безумоўна. Яшчэ больш стала паважаць людзей старэйшага ўзросту і традыцыі сваёй краіны. Бо кітайская культура ўдзяляе вялікую ўвагу гэтым момантам. Стала больш стрыманая і цярплівая. Часцей звяртаюся да прыроды ў думках і імкнуся да гармоніі.
Сакрэты работы з высокаматываванымі дзецьмі
- Паскораны тэмп навучання. Такія школьнікі звычайна праяўляюць вялікую цікавасць да вывучэння кітайскай мовы і імкнуцца хутка падняць свой узровень валодання ёю. Гэта дазваляе вывучаць больш матэрыялу за кароткі час.
- Дадатковыя заданні і праекты, звязаныя з кітайскай культурай, гісторыяй і літаратурай.
- Дыферэнцыраваны падыход. Прапаноўваю дадатковыя заданні ці матэрыял, каб адпавядаць запытам вучняў і забяспечыць ім большы выклік і адначасова задавальненне ад вучэбнага працэсу.
- Супрацоўніцтва. Звяртаюся да дадатковых крыніц інфармацыі, прапаноўваю ўдзельнічаць у спаборніцтвах і алімпіядах па кітайскай мове, да якіх рыхтуемся агульнымі намаганнямі.
- Індывідуалізацыя навучання. Улічваю ўнікальныя інтарэсы. Гэта можа ўключаць, напрыклад, прадастаўленне дадатковых матэрыялаў, падбор заданняў, якія грунтуюцца на перавагах дзяцей, з абавязковай зваротнай сувяззю.
Цікавыя факты пра кітайскую мову
- Дакладную колькасць іерогліфаў у кітайскай мове назваць складана. У адных крыніцах — больш за 40 000, у іншых — больш за 80 000.
- Звычайна ў адным іерогліфе да 20 рысак. Самы складаны іерогліф чытаецца як “бян”, ён складаецца з 56 рысак і азначае назву віду лапшы ў правінцыі Шэньсі.
- Адно слова ў кітайскай мове можа мець некалькі дзясяткаў значэнняў у залежнасці ад інтанацыі, з якой яно вымаўляецца.
- У Кітаі існуе больш 7 дыялектаў.
- Па стандарце вучэбнай праграмы Міністэрства адукацыі КНР вучні 1 і 2 класаў павінны ведаць каля 1,6 тысячы іерогліфаў, з іх 800 яны павінны ўмець пісаць.
- У кітайскай мове няма спражэння, скланення, катэгорыі роду, асобы, множнага ліку.
Марына ЖДАНАВА