Гісторыя кожнай сям’і — гісторыя краіны

- 14:40Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Напярэдадні Дня Перамогі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася сустрэча кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ветэранамі педагагічнай працы. Сустрэча не пратакольная, а неверагодна шчырая, душэўная і моцная па тым следзе, што пакінула ў сэрцы кожнага з прысутных. Сустрэча, якая яшчэ раз нагадала кожнаму пра самую галоўную каштоўнасць: магчымасць жыць у міры і тым самым захаваць жыццё.

Падобныя мерапрыемствы сталі ўжо добрай традыцыяй. Не першы год яны праводзяцца менавіта ў такім фармаце, калі прысутныя могуць не проста абмяняцца віншаваннямі, але і падзяліцца думкамі і ўспамінамі, прыгадаць неверагодныя подзвігі і незваротныя страты. Песні ваенных гадоў з нязменнымі ноткамі смутку, нават у самых бадзёрых з іх, кадры ваеннай хронікі нібыта вярталі ветэранаў у тыя няпростыя гады, а разам з тым нагадвалі ўсім прысутным пра каштоўнасць здабытага міру.

— Для нас вельмі важна, што прыгадаеце вы з тых суровых дзён — дзён ваенных, — падкрэсліў падчас сустрэчы міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Ужо 70 гадоў на беларускай зямлі пануе мірная праца, але штогод мы па-новаму ацэньваем значнасць подзвігу савецкага народа. Сёння гэта адчуваецца найбольш востра. Гледзячы на падзеі ў многіх краінах, разумееш, наколькі зыбкі свет, як лёгка чалавеку ступіць на шлях вайны. У гэтай сувязі асабліва важныя ўспаміны і вопыт жывых сведкаў ваенных часоў. З гадамі, на жаль, іх становіцца ўсё менш. Але мы жадаем кожнаму з ветэранаў здароўя, падтрымліваць адно аднаго, не падаць духам і разлічваем на ваш актыўны ўклад у выхаванні моладзі.
Дарэчы, не раз падчас сустрэчы прысутныя адзначалі, што сёння моладзь па-іншаму, з большым шанаваннем і адказнасцю, усвядомленасцю ўспрымае тэму вайны, патрыятызму. І гэта асабліва прыкметна падчас сустрэч маладых людзей з ветэранамі. А такія сустрэчы напярэдадні Дня Перамогі прайшлі практычна ва ўсіх установах як агульнай, так і вышэйшай адукацыі.

Адметна, што і сёння шэраг ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўсё яшчэ “ў страі” — маюць сілы і жаданне працаваць і дзяліцца з моладдзю назапашаным за гады вопытам. Такія выдатныя асобы былі і на гэтай сустрэчы. Адзін з іх — палкоўнік запасу Рыгор Васільевіч Прышчэпны — да гэтага часу працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Сёння ён узначальвае Савет ветэранаў установы.
— Я прадстаўляю тое пакаленне, якое пачало ваяваць пасля пераломнага моманту ў вайне — пасля Курскай аперацыі. Мы, юнакі 17-18 гадоў, не ведалі, што такое здрада, адступленне. Таму для мяне, як, напэўна, і для ўсяго беларускага народа, гэта свята воінскай славы, гонару герояў, нацыянальнага гонару для краіны, — расказаў Рыгор Васільевіч Прышчэпны. — У гэты святочны дзень — Дзень Перамогі — разам з бязмежнай радасцю заўсёды адчуваю смутак, бо многія таварышы засталіся там, на той вайне…

Але бязмежны смутак па тых, хто загінуў у гэтай вайне, нараджае ў кожнага з нас не слабасць, а сілу — сілу для захавання міру, таго здабытку, дзеля чаго і гінулі людзі ў ваенныя часы. І сёння мы памятаем пра подзвіг кожнага, беражліва перадаём з пакалення ў пакаленне ваенныя ўзнагароды, бо гэта наша гісторыя, гісторыя кожнай сям’і і гісторыя ўсёй краіны.

 

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота аўтара.