Гісторыя ў малюнках і відэа

- 11:32Навіны рэгіёнаў

Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, упэўнена настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Рассветаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна Вераніка Аляксандраўна Бабіч. Менавіта таму педагог актыўна выкарыстоўвае ў сваёй рабоце такі метад візуалізацыі, як скрайбінг. Так заняткі становяцца займальнымі аповедамі­падарожжамі, дапоўненымі малюнкамі, калажамі, фотаілюстрацыямі, элементамі анімацыі. 

Як сцвярджаюць псіхолагі, каля 80 працэнтаў людзей — візуалы і ўспрымаюць інфармацыю вачыма, ствараючы ў свядомасці лагічныя ланцужкі, заснаваныя на вобразах і малюнках. Візуалізацыю можна выкарыстоўваць на ўсіх этапах навучання: пры тлумачэнні новага матэрыялу, паўтарэнні, замацаванні, абагульненні, выкананні дамашніх заданняў, кантролі і сістэматызацыі ведаў. У сучасных школьнікаў з іх кліпавым мысленнем гэта асабліва запатрабавана, бо яны праводзяць шмат часу ў інтэрнэт-прасторы, дзе інфармацыя падаецца пераважна ў малюнках і відэа.

— Скрайбінг — гэта асаблівы спосаб падачы вучэбнага матэрыялу, пры якім візуалізацыя асноўнага сэнсу адбываецца з дапамогай знакаў або вобразаў, — тлумачыць Вераніка Аляксандраўна. — Прычым гэта робіцца адначасова з галасавой падачай матэрыялу (напрыклад, аўдыяагучка або проста паралельны аповед). Скрайбінг можа мець розныя формы: гэта і відэаролікі, размешчаныя на розных сайтах або створаныя настаўнікам, і малюнкі на паперы або на вучэбнай дошцы. Можна таксама ра­біць тэкставы запіс апорных паняццяў на
дошцы.

Поспех і эфектыўнасць гэтага метаду тлумачыцца  тым, што малюнак — гэта ўніверсальная мова, даступная для разумення сучасных школьнікаў, якія ду­маюць вобразамі. У дзяцей у работу ўключаюцца адначасова слых, зрок і ўяўленне, што спрашчае запамінанне інфармацыі, стымулюе і актывізуе пазнавальную актыўнасць, развівае інтэгратыўнасць мыслення, эстэтычны густ, вобразнае і лагічнае мысленне.

Скрайбінг — метад данясення складанага сэнсу вучэбнага матэрыялу простымі вобразамі з дапамогай ілюстравання ключавых момантаў. Вобразы малююцца ў працэсе данясення інфармацыі. Так аповед атрымліваецца больш наглядным, цікавым і запамінальным для вучняў.

На думку педагога, асабліва эфектыўны такі метад візуалізацыі на ўроках гісторыі ў 5 класе пры вывучэнні тэм, прысвечаных мастацтву і рэлігійным вераванням старажытнага свету. З дапамогай простых ілюстрацый лёгка акунуцца ў атмасферу старажытнасці, дзе людзі не ўмелі пісаць, а ўсе падзеі перадавалі схематычнымі малюнкамі. І не трэба баяцца таго, што вы не мастак. Галоўная перавага скрайбінга — спрошчанасць вобразаў. Напрыклад, з дапамогай звычайных квадрата, трохвугольніка, круга, кропкі і ліній можна схематычна растлума­чыць розныя гістарычныя падзеі. Так, дзеці лягчэй запамінаюць інфармацыю пра пачатак Другой сусветнай вайны, калі на схеме краіны-ўдзельніцы пазначаюцца рознымі геаметрычнымі фігурамі.

Самы просты спосаб скрайбінга для настаўніка — малюнак або схема на дошцы падчас вывучэння новага матэрыялу. Важна загадзя прадумаць усе вобразы, каб і аповед, і зарысоўка ішлі паралельна, без замінак.

Больш складаны спосаб — маляванне на камп’ютары. Тут маркерам і дошкай не абысціся, трэба ўмець карыстацца графічным планшэтам, фоташопам, праграмамі для запісу відэа з экрана, ствараць і апрацоўваць аўдыяфайлы. Самы распаўсюджаны від скрайбінга — гэта відэапрэзентацыя ў некалькі клікаў з дапамогай такіх праграм, як PowToon, GoAnimate, Sparkol VideoScribe, Animaker. У выніку атрымліваецца займальная гісторыя па той ці іншай тэме.

У бясплатнай праграме PowToon з дакладнымі інструкцыямі ўжо ёсць гатовыя шаблоны для стварэння скрайб-мадэлей. Шаблонамі можна дзяліцца з калегамі ў Facebook або па электроннай пошце. Падрабязнае меню дае магчымасць ствараць ролікі працягласцю да пяці мінут. Паглыбіўшыся і разабраўшыся з інструкцыяй, можна ствараць скрайб-прэзентацыі літаральна за лічаныя хвіліны.

Зручная і простая ў выкарыстанні праграма GoAnimate робіць з прэзентацыі сапраўдны мультфільм. Шырокая база шаблонаў, фонаў, дэталей ябе мультыплікатарам і настаўніку, і вучню. Адзіны мінус — бясплатная версія даступна толькі 14 дзён. Але ж, калі праз 2 тыдні выкарыстоўваць новую паштовую скрыню, можна паўторна працаваць з праграмай.

Мабыць, самая простая і зразумелая праграма — Sparkol VideoScribe, у якой для стварэння відэароліка дастаткова 5 мінут. У ёй вялікая колькасць розных шаблонаў. Малюючая рука на экране камп’ютара дае магчымасць без мастацкіх або дызайнерскіх навыкаў ад­чуць сябе творцам-аніматарам у рэжыме рэальнага часу. Мінус у тым, што меню даступна толькі на англійскай ці іспанскай мове. Зрэшты, нават не валодаючы імі, разабрацца ў праграме зусім не складана.

Англамоўны сэрвіс Animaker, створаны для распрацоўкі 2D- і 3D-графікі, бадай, самы прафесійны з усіх пералічаных. Сярод пераваг — магчымасць выкарыстоўваць яго не толькі на камп’ютары, але і на любым гаджэце. Воблачны рэсурс дазваляе загрузіць любое відэа працягласцю да 2 мінут. Як яго ства­рыць, падкажуць вучэбныя ролікі і блог. Хто не ведае англійскай мовы, можа карыстацца Google Chrome, які дазваляе перакласці любы сайт на рускую мову. Для гэтага дастаткова націснуць правай кнопкай мышкі на старонку і выбраць каманду “перакласці на рускую”.

Тэмы па гісторыі і грамадазнаўстве — пажыўная глеба для скрайбінга. Пры гэтым выкарыстоўваць яго можа не толькі настаўнік, але і вучань. Пачынаючы вывучэнне гісторыі ў 5 класе, Вераніка Бабіч прыцягвае да стварэння гістарычных скрайб-аповедаў школьнікаў.

— Часцей за ўсё на ўроках у 5—7 класах выкарыстоўваю гэты метад сама, — удакладняе Вераніка Аляксандраўна. — А вось вучням 8—11 класаў прапаную падрыхтаваць дамашняе заданне, выкарыстоўваючы скрайбінг. Амаль у кожным класе ёсць дзеці, якія любяць маляваць на палях сшыткаў. Чаму б не даць шанс такім вучням рэалізаваць свой творчы патэнцыял?! 

Матывуючы дзяцей на навучанне гэтаму метаду, настаўніца расказвае ім, што існуе такая дзіўная прафесія, як скрайбер. Буйныя фірмы і кампаніі запраша­юць скрайбераў для стварэння нагляднай прэзентацыі прадукту. Такія работнікі выступаюць у пары з дакладчыкам і дапамагаюць яму візуалізаваць матэрыял. Нічога дзіўнага, што школьнікі з задавальненнем становяцца на некаторы час скрайберамі, выконваючы дамашняе заданне або выступаючы з дадатковай інфармацыяй каля дошкі.

Марына КУНЯЎСКАЯ.