У рамках правядзення WorldSkills Belarus — 2020 пачаты новы праект ProfiEnergy
Хаця лета ўжо смялей заяўляе аб сабе і маніць цёплымі дзянькамі, але канкурсантам рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2020 асабліва не расслабішся. Ідзе напружаная падрыхтоўка па кожнай са шматлікіх кампетэнцый, адшліфоўваюцца кожны рух, кожнае дзеянне, мацуецца байцоўскі дух. Каб даць магчымасць моладзі раскрыць свой унутраны свет, выказаць свае меркаванні, падзяліцца пачуццямі перад спаборніцтвам, пагаварыць аб будучыні сваёй прафесіі і ўвогуле зняць напружанне перад спаборніцтвам, пачаты новы праект ProfiEnergy, які будзе рэалізоўвацца на віртуальнай пляцоўцы. Праект створаны па ініцыятыве Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.
“Наш праект скіраваны на фарміраванне супольнасці навучэнскай моладзі, якая ўдзельнічае ў руху WorldSkills, — заявіла Ганна Віктараўна Іванова, намеснік начальніка цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. — Мы хацелі б аб’яднаць адной ідэяй згуртавання вакол руху WorldSkills Belarus навучэнцаў нашых устаноў прафесійнай адукацыі на прыкладзе супольніцтва экспертаў чэмпіянатаў WorldSkills, якое сёння вельмі прадукцыйна дзейнічае. Тым самым мы знайшлі яшчэ адзін шлях папулярызаваць рабочыя прафесіі, развіваць прафесіяналізм, характар у канкурсантаў, паказваць іх дасягненні, павысіць імідж нашай нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі праз асабістыя меркаванні і стаўленне да яе саміх навучэнцаў. Як вядома, чэмпіянат WorldSkills Belarus пачнецца ў канцы верасня, а за час, які будзе папярэднічаць яму, можна заняць канкурсантаў справай, як кажуць, для душы і паказаць іх з іншага боку.
Для росту актыўнасці і зацікаўленасці канкурсантаў у гэтым праекце мы выбралі розныя формы яго рэалізацыі. Нашым выхаванцам прадстаўлена магчымасць рэалізаваць лепшыя творчыя ідэі, стварыць відэакліпы, фота, якія будуць прадстаўлены ў так званай фан-зоне чэмпіянату, у міжнародным лагеры пражывання канкурсантаў, на спецыяльных творчых пляцоўках, а таксама на цырымоніі адкрыцця і закрыцця Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. Лепшыя работы могуць стаць брэндавымі для руху WorldSkills у нашай краіне, а самыя актыўныя ўдзельнікі праекта атрымаюць прызы”.
Новы праект прадугледжвае шэраг намінацый. Сярод іх — намінацыя “ВідэаЕnergy”, у рамках якой прадастаўляюцца здымкі відэакліпаў аб яркіх момантах жыцця канкурсанта, навучання ва ўстанове адукацыі, аб майстрах вытворчага навучання, сябрах, любімай прафесіі, падрыхтоўцы да спаборніцтваў. Пажадана здымаць такія сюжэты творча, натхнёна, каб усе, хто стане іх гледачом, маглі захапіцца ўбачаным. Тут кожны канкурсант можа праявіць сябе як рэжысёр і як выканаўца свайго караткаметражнага фільма.
У намінацыі “ФотаEnergy” канкурсанты могуць праз фотаработы адлюстроўваць свой прафесійны шлях, вучобу ў каледжы, прафесійную падрыхтоўку ў вучэбных майстэрнях і на вытворчасці, педагогаў, усё тое, што расказвае пра перыяд падрыхтоўкі да рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2020. Усе гэтыя тэмы можна праілюстраваць у намінацыі “БлогерEnergy”.
Свае эмоцыі, уражанні, пачуцці можна будзе выказаць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках (у любым фармаце) і стаць самым актыўным блогерам. У намінацыі “ДрайвEnergy” трэба прыдумаць мерапрыемства, якое можна будзе правесці падчас рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2020 на спецыяльна выдзеленых пляцоўках. Гэта могуць быць майстар-класы, флэш-мобы або выступленні ў іншых фарматах.
“Для нашых канкурсантаў, удзельнікаў новага праекта, мы прапаноўваем заданне расказаць пра сваю прафесію ў будучыні, — паведаміла Ганна Віктараўна Іванова. — Важна пачуць ад нашых навучэнцаў, якой яны ўяўляюць сваю дзейнасць у найбліжэйшы час, якія веды і прафесійныя навыкі імкнуцца набываць, каб не адстаць ад запатрабаванняў часу на рынку працы. Пажадана было б пачуць іх разважанні пра будучыню развіцця іх прафесійнай кар’еры, рост іх прафесіяналізму”.
Журы будзе знаёміцца з работамі ўдзельнікаў праекта ў інтэрнэт-прасторы, а самыя цікавыя з іх з’явяцца на афіцыйным сайце worldskills.by. Па выніках праекта будуць вызначаны лепшыя творчыя работы па ўсіх намінацыях ProfiEnergy. Пераможцы будуць прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2020.
Ганна Віктараўна адзначыла, што такі праект паспрыяе не толькі фарміраванню навучэнскай супольнасці ў прафесійным кірунку, але і ўзняццю іміджу рабочых прафесій сярод маладых людзей, якія яшчэ не вызначыліся, чым будуць займацца ў будучыні. Тым больш гэта актуальна цяпер, калі пачалася прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Што можа быць эфектыўней у фарміраванні прафесійнага выбару, чым пранікнёныя словы аб прафесіі з вуснаў саміх навучэнцаў, словы, якія могуць стаць самымі пераканаўчымі? Таму вельмі важна, каб прафесію папулярызавалі самі навучэнцы, якія не толькі выбралі шлях рабочага чалавека, але і ўмацаваліся ў правільнасці свайго выбару, у тым ліку за кошт маштабнага руху WorldSkills, які стварыў спрыяльныя ўмовы для павышэння якасці прафесійнага майстэрства і ўмацавання сувязей паміж удзельнікамі чэмпіянатаў. Першы вопыт віртуальных зносін у інтэрнэт-прасторы дазволіць наладжваць анлайн-сустрэчы з навучэнскай моладдзю іншых краін.
Ала КЛЮЙКО.