Хлебная справа

- 9:00Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Дзяржаўны прафесійна-­тэхнічны каледж хлебапячэння на вуліцы Якубоўскага ў Мінску ўжо многія гады — галоўная кузня кваліфікаваных кадраў для сталічных хлебазаводаў.

Усяму галава!

…Вялікае жыццесцвярджальнае пано ды яшчэ некалькі карцін упрыгожваюць сцены на трэцім паверсе будынка, дзе размешчаны шматлікія выдатна абсталяваныя, аснашчаныя камп’ютарнай тэхнікай кабінеты і аўдыторыі, а таксама тэатральная і спартыўная залы. А яшчэ — прыёмная дырэктара Уладзіміра Басалыгі, які ўзначальвае каледж ні многа ні мала 28 гадоў!

Як не пачаць экскурсію з музея?.. У памяшканні, стылізаваным пад беларускую хату, — вялікая печ для выпечкі хлеба, разнастайныя прадметы сельскага побыту, адзенне і рэчы, якімі карысталіся ў вёсках нашы далёкія продкі. На імправізаваным ручайку — дзеючая міні-мадэль вадзянога млына, на сцяне яшчэ адзін, ветраны, а па суседстве нават дыярама з пейзажам Нарачанскага краю.

— Мы былі падраздзяленнем КУП “Мінскхлебпрам”, — расказвае Уладзімір Іванавіч, — і музей у гэтым будынку ствараўся па ініцыятыве генеральнага дырэктара Юрыя Сцяпенкі сіламі нашых майстроў і выкладчыкаў. Хацелася захаваць традыцыі хлебапячэння, паказаць увесь працэс — ад зерня, што закладваецца ў зямлю, да каравая. Вось, напрыклад, плеценыя кошыкі, лапаткі для выпечкі хлеба. Кожны рэгіён Беларусі ў старадаўнія часы меў свой арнамент, і ў нашай калекцыі ручнікоў ёсць і віцебскія, і слуцкія, і старадарожскія, і нясвіжскія.

— А тут, — працягвае дырэктар, — лепшыя работы нашых навучэнцаў з конкурсаў, што праходзяць у каледжы. Караваі, дзіцячая здоба двух з лішнім дзясяткаў відаў… Мы знайшлі стары падручнік 28 гадоў назад і па ім распрацавалі методыку іх вырабу, і вось вам, калі ласка, — лебедзь, певень, матылёк, бусел, хочаце са здобнага цеста, хочаце — з пернікавага. Усё выпякаецца ў нас.

— Да нас прыводзяць на экскурсіі дзяцей з розных школ горада, наведваюцца і навучэнцы каледжа, і тыя, хто толькі збіраецца паступаць, — падкрэслівае дырэктар музея Марына Васілеўская. — Хлеб, як кажуць у народзе, — усяму галава. У блакадным Ленінградзе вось такую 125-грамовую пайку, вырабленую па рэцэпце, які мы таксама захоўваем, выдавалі на дзень. І яна літаральна ратавала многіх ад галоднай смерці…

Прыходзь сюды вучыцца

У каледж паступаюць абітурыенты пасля 9 класа агульнаадукацыйнай школы. Прымаюць з любога кутка нашай краіны. Пасля заканчэння каледжа ўсе атрымліваюць першае рабочае месца на хлебазаводах “Мінскхлебпрама”.

Вучацца тут тры гады, каб у выніку атрымаць дыплом па спецыяльнасці “Тэхналогія хлебапякарнай вытворчасці” (з прысваеннем кваліфікацый “заквасчык”, “цеставод”, “фармоўшчык цеста”, “машыніст цестаапрацоўчых машын”, “пекар”) або “Грамадскае харчаванне” (кваліфікацыя “кандытар”).

— Сёння ў нас 500 навучэнцаў, і штогод выпускаюцца, атрымліваючы агульную сярэднюю адукацыю і рабочую прафесію, прыкладна 150—170 з іх, — тлумачыць Уладзімір Басалыга. — Акрамя агульнаадукацыйных, дзеці вывучаюць шэраг спецыяльных дысцыплін. Згодна з вучэбным планам, на першым курсе ў іх 1 дзень у тыдзень — вытворчае навучанне і 4 дні тэорыі. Анлайн-варыянт не падыходзіць, бо кожны павінен сваімі рукамі дакрануцца да хлебнай справы.

На другім курсе на вытворчае навучанне адпаведна адводзіцца ўжо 2 дні, на трэцім — 3. І да гэтага часу будучыя пекары і кандытары павінны цалкам валодаць тэхналогіяй вырабу таго ці іншага прадукту. Акрамя таго, пасля заканчэння каледжа на гэтай жа базе яшчэ 2 гады і 7 месяцаў можна вучыцца завочна на тэхніка-тэхнолага хлебапякарнай, кандытарскай і макароннай прамысловасці. 20 чалавек прымаюцца на бюджэтную форму навучання і 40 — на платную.

Завочнікі, дарэчы, працуюць па спецыяльнасці, як правіла, на хлебазаводах, часам на прыватных прадпрыемствах, у якіх ёсць, скажам так, свае маленькія пякарні, цэхі… Ёсць на базе каледжа і трэцяя форма навучання: аддзяленне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў для спецыялістаў кандытарскай і хлебапякарнай галіны.

Не хлебам адзіным

Зазіраем у прасторнае памяшканне, дзе вось-вось пачнецца рэпетыцыя хору. Зала светлая і прасторная, на 230 пасадачных месцаў, аснашчана добрай апаратурай. Тут, па ўспамінах дырэктара, выступалі нават “Песняры” з Мулявіным, Паплаўская з Ціхановічам і іншыя нашы знакамітасці.

— Калі адкрылася вучылішча, — расказвае Уладзімір Басалыга, — я прыйшоў да Юрыя Аляксандравіча Сцяпенкі і прапанаваў уключыць у расклад “Гадзіны творчасці і самарэалізацыі асобы”. Няхай 90 мінут адны будуць спяваць, іншыя — танцаваць, маляваць… Гэта значыць, пераключыць навучэнцаў на іншы від дзейнасці і даць магчымасць самарэалізавацца. І гэтая ідэя была падтрымана, залічана як “дзяржаўны падыход да справы”.

Пачыналі з 6 гурткоў, на сённяшні дзень іх 18. У многім гаворка ідзе пра дакрананне да гісторыі і культуры: пляценне з саломы, аплікацыя, дэкупаж, вышыўка стужкай, бісерам, кройка і шыццё і г.д. Ёсць дзве танцавальныя групы і тэатральная. Педагогі ставяць з выхаванцамі сцэнкі да ўсіх свят. 23 лютага ў гэтым годзе намечана “аб’яднаць” з 8 Сакавіка і запрасіць бабуль і мам… Ну а тыя, хто любіць спорт, умацоўваюць здароўе ў нашай гульнявой зале.

Між іншым спачатку “Гадзіны творчасці і самарэалізацыі асобы” не адразу і не ўсім, нават выкладчыкам, здаліся дарэчнымі. Зараз пытанні зняты. Заняткі ў каледжы заканчваюцца ў 16.30, у абед дзеці спакойна перакусваюць у сталовай і, што называецца, не шукаюць прыгод на вуліцы, а вяртаюцца дамоў да бацькоў.

…Экскурсія наша завяршаецца там, куды любога беспамылкова прывядуць духмяныя пахі. На першым паверсе каледжа знаходзяцца вучэбна-вытворчыя майстэрні булачнай і кандытарскай вытворчасці, менавіта тут атрымліваюць першыя навыкі па выбраных прафесіях. Абедзве майстэрні аснашчаны неабходным тэхналагічным і даволі дарагім абсталяваннем, якое адпавядае ўсім патрабаванням сучаснай вытворчасці.

Хлебабулачныя і кандытарскія вырабы выпякаюць тут па ўсіх правілах самі навучэнцы пад кіраўніцтвам, зразумела, вопытных майстроў вытворчага навучання. Прадукцыя рэалізуецца ў 15 магазінах горада — 150 кг булачных вырабаў, 50 кг кандытарскіх вырабаў у дзень. А яшчэ, скажам, торт любой велічыні і нават формы можна заказаць па інтэрнэце, і жадаючых хапае. Самыя ж прыгожыя прысмакі рэгулярна ўдастойваюцца ўзнагарод на разнастайных, у тым ліку міжнародных, конкурсах.

Што ні кажы, і сапраўды хлебная прафесія…

Уладзімір ПІСАРАЎ.