Хто ўмее знаходзіць мікраметэарыты — касмічны пыл на дахах мінскіх будынкаў?

- 14:26Новости

Група юных даследчыкаў дзейнічае пры Мінскім планетарыі пад кіраўніцтвам педагога і кіраўніка лабараторыі Аляксандра Мікуліча. Адзін з кірункаў работы — знаходзіць мікраметэарыты ў пыле, назбіраным на дахах гарадскіх будынкаў. Карпатлівая праца дапамагае юным астраномам праявіць схаваныя таленты і ўжо мае прызнанне ў навуковых колах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Убачыць будучыню… праз тэлескоп

Падставай для сустрэчы з загадчыкам Мінскага планетарыя стала кароткае паведамленне ў СМІ пра поспех яго выхаванкі Ульяны Глушанко. У 2023 годзе праходзіў чарговы конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты ХХІ стагоддзя», і перамогу там атрымала Ульяна: у катэгорыі «Астраномія і касманаўтыка». Якраз мінскія мікраметэарыты дзесяцікласніца 157-й сталічнай школы і даследуе.

У таямнічую пару Каляд, Новага года і Нараджэння Хрыстова ўсе мы больш задумваемся пра тое, як усё ў свеце, ды і мы самі ўстроены. І нават малым дзеткам цікава: Новы год адкуль прыходзіць і куды сыходзіць стары?

Зрэшты, адказ на такое пытанне і астраномам з вялі-і-ізнымі тэлескопамі (накшалт знакамітага «Хабла», які працуе на каляземнай арбіце больш за 30 гадоў) знайсці, відаць, будзе не пад сілу… Але заглянуць у таямніцы зорнага неба, ці нават і касмічнага пылу, які штодня дзясяткамі тон прасыпаецца на Зямлю, — заўсёды цікава і пазнавальна!

Пра тое, хто такі Аляксандр Мікуліч, нашы чытачы, мяркую, ведаюць. Летась і мая калега з «НГ» зрабіла з ім інтэрв’ю. З Лунінеччыны, з вёскі Баравікі яго радавод. Там дзед, Анатоль Іванавіч Мікуліч, быў дырэктарам школы і выкладаў матэматыку, там працавала настаўніцай пачатковых класаў бабуля, Ганна Фёдараўна. Часта ўлетку ў Баравіках сталічны хлопчык праводзіў летнія канікулы. У адным з класаў вясковай школы першы раз і ўбачыў тэлескоп, паглядзеў цераз яго на зорнае неба — і ўрэшце стаў «зорным вандроўнікам». Вучань 175-й мінскай школы палюбіў фізіку і астраномію, пасля заканчэння фізфака БДУ як малады спецыяліст вярнуўся ў родную школу (на той час ужо гімназія № 16): выкладаў фізіку, астраномію, інфарматыку. Потым Аляксандра Мікуліча запрасілі працаваць у Мінскі планетарый. Пераважна з юнай аўдыторыяй ён мае справу як кіраўнік лабараторыі аддзела інтэлектуальнай творчасці сталічнага Палаца дзяцей і моладзі (планетарый уваходзіць у яго структуру). Так што і ў педагогіку мой суразмоўца прыйшоў, відаць, дзякуючы «першаштуршку» з Баравікоў, бо яго бацькі выбралі сабе іншыя прафесіі.

Калі ж казаць вобразна, то Аляксандр Валер’евіч праз тэлескоп з вясковай школы нібыта зазірнуў у сваю будучыню: і педагогіка, і астраномія ў ёй цяпер ёсць. Ну ці ж не цуд!

Праз мікраметэарыты — да зорак!

У Мінскі планетарый я прынёс вядомае выказванне Імануіла Канта. Падаецца мне, у ім зашыфравана пасланне філосафа пра тое, што менавіта чалавек ёсць дзівосны гаджэт, пры дапамозе якога можна даследаваць як зорнае неба, так і бяздонныя глыбіні ўнутры саміх нас. І што цікава: два велізарныя і нібыта розныя светы — не адасобленыя! Гэта як дзве палавінкі Аднаго Цэлага, зведзенага ў нас у адзін фокус: знешняе і ўнутранае «напаўняюць душу». Зрэшты, мяркуйце самі. Пачатак выказвання Канта: «Дзве рэчы напаўняюць душу заўсёды новым і ўсё больш моцным здзіўленнем і глыбокаю павагай, чым часцей і даўжэй мы разважаем пра іх, — гэта зорнае неба нада мною і маральны закон ува мне. І тое, і другое мне няма патрэбы шукаць і толькі прадбачыць як нешта цемрай ахінутае ці тое, што ляжыць па-за межамі майго кругагляду; я бачу іх перад сабою і непасрэдна спалучаю іх са свядомасцю свайго існавання»… У далейшых развагах філосаф робіць выснову, што праз «маральны закон» ён спазнае сябе не толькі ў выпадковай сувязі з усім светам, але ж «ва ўсеагульнай і неабходнай сувязі».

Аляксандр Валер’евіч прачытаў развагі, усміхнуўся: безумоўна, іх ведае. Аднак жа, пагадзіўся са мной, увага ў грамадстве да гэтых светаў — зорнага і таго, які ўнутры, — нагадвае працу двух ведамстваў, якія між сабой амаль не кантактуюць. І калі ў школьнай праграме ёсць астрономія, то спецыяльна ж не выкладаецца, напрыклад, «Унутраны свет». А таямніц у ім нямала. Заглядваюць туды псіхолагі, ускосна выяўляюцца некаторыя «рухі душы» на занятках «Чалавек і свет», на ўроках літаратуры, выяўленчага мастацтва, музыкі… Ды як, разважалі мы, такі прадмет выкладаць, і каму, і як ставіць адзнакі?

Маё пытанне да педагога-астранома было няпростае: ці скарыстоўваюць яго выхаванцы тое святло, якое назіраюць праз тэлескопы звонку, ад зорнага неба, каб разгледзець яшчэ большае святло і ўнутры сябе, як тое спрабаваў Імануіл Кант?

«Я пагаджаюся, што ўнутраны свет чалавека пэўна што не менш вялікі ды загадкавы, чым свет зорак, — разважыў Аляксандр Валер’евіч. — Але ж не заглянеш туды ні праз тэлескоп, ні праз мікраскоп… І ў нашым зорным клубе іншыя мэты: вывучаем тое, што можна вывучаць пры дапамозе назірання, прыбораў. Мікраскоп, спектраскоп. А ўнутраны свет… Каб туды паглыбляцца, кажучы мовай навукі, патрэбна зусім іншая прыборная база. І далёка не кожнаму той свет адкрыты для вывучэння, школьнікам у прыватнасці. Гэта, дарэчы, як і ў навуцы: у адных ёсць ад нараджэння схільнасць, цікавасць, талент да такіх даследаванняў — а ў іншых яго няма».

Далей мы разважаем, што, як правіла, хто цікавіцца астраноміяй, паглыбляе свае веды, той задумваецца і пра «маральны закон». А нехта спрабуе знайсці ўзаемасувязі паміж тым, як сталі зоркі на небе, і тым, што адбываецца ў свеце, у душы. І гэта ўжо не астраномія. Аляксандр Мікуліч гаворыць, што «імкненне да спазнання свету, сябе ў свеце, зорнага неба — рэчы ўзаемазвязаныя. Але часцей у людзей майго кола позірк скіраваны ўдалячынь: у зорныя глыбіні космасу, таямнічая прыгажосць якіх зачароўвае. Гэта вабіць, прыцягвае людзей, прычым незалежна ад прафесій».

Яго былыя вучні, якія цікавіліся астраноміяй, сталі праграмістамі, урачамі, інжынерамі, але па-ранейшаму выязджаюць за горад: паглядзець на зоры. Дарэчы, да такой звычкі падахвочваў мяне і вядомы паэт, настаўнік па адукацыі Васіль Вітка, нават інтэрв’ю з ім у часопісе «Роднае слова» я назваў «Часцей глядзіце на зоры». Для ўсіх тое карысна: будаўнікоў, настаўнікаў, хлебаробаў, паэтаў… Якраз апошнія, узіраючыся ў неба, разважаюць і над важнымі светапогляднымі пытаннямі, як Максім Багдановіч: «…Нашто ж на зямлі/ Сваркі ды звадкі, боль і горыч,/ Калі ўсе мы разам/ Ляцім/ Да зор?»

«Кожны прыадчыняе для сябе, гледзячы на зоркі, нешта сваё, — пагаджаецца Аляксандр Валер’евіч. — Хтосьці проста любуецца, нехта — прысвячае ім жыццё: імкнецца даведацца нешта новае пра існаванне, законы зараджэння зорак, іх развіццё і згасанне. Мы ведаем: ва ўсе часы ёсць энтузіясты, якія глыбока ўнікаюць, падобна на Язэпа Драздовіча, у тое, як рухаюцца свяцілы: ён сам вывучаў «нябесныя бегі». Людзі будавалі абсерваторыі, тэлескопы… Дарэчы, у 1923-м у Германіі збудавалі першы планетарый: каб дэманстраваць людзям зорнае неба. На той час у гарадах пашыралася вулічнае электраасвятленне, і начамі было ўжо складана зорнае неба назіраць. Наш планетарый да сусветнага святкавання такога юбілею таксама падключыўся».

Ці не збіліся настройкі, альбо Вера і гаджэты

Цікава: тыя, хто канструяваў першыя тэлескопы, ці марылі разгледзець праз іх Усявышняга? Не сакрэт: многія і цяпер яго ўяўляюць барадатым дзедам, накшталт казачнага Дзеда Мароза, які жыве дзесьці ў небе… Ужо і тэлескопаў шмат, і касманаўты на арбіце — а хто задумваецца, дзеля чаго мы тут «прызямліліся», куды рушым, як закончым шлях зямны? Як гаварыў Оскар Уайльд, людзі ў сваёй большасці жыва цікавяцца ўсім на свеце, за выключэннем таго, што сапраўды варта ведаць. І таму сляпая вера ў гаджэты (нібыта яны прыадкрыюць таямніцы быцця…) часам для зямлян становіцца небяспечнай. Бо не ўсё ж ведае смартфон і самай апошняй мадэлі. Далёка не ўсё.

Фотаздымак з кнігі Джона Ларсена

Разважаем: дзеці больш, чым дарослыя, адкрытыя для спазнання таямніц свету. Хоць бы коласаўскі Сымон-музыка таму сведчаннем. А ці ж не дзівам быў, згадваем, рэпрадуктар ці «радзіва» ў вясковай хаце? І я малым заглядваў за радыёлу, каб пабачыць: хто ж там гаворыць… Своеасаблівай размовай «неба» з зямлянамі можна лічыць і «зорны пыл», толькі ж адметную мову мікраметэарытаў трэба ведаць, вывучаць. Сяброў клуба, які працуе ў планетарыі, такая праца захапляе. Вядома ж, даследуючы касмічны пыл, яны задумваюцца: і адкуль такое прыляцела?

Мой суразмоўца пацвярджае, што няма вялікай розніцы ў тым, глядзіш ты на зорку праз тэлескоп ці няўзброеным вокам: «Усё роўна зорка будзе вельмі далёка. Толькі з тэлескопам адкрываюцца іншыя перспектывы, гэта іншы ракурс. Бачыш тыя зоркі, пра якія і не здагадваешся. Дзе адна нібыта — бачыш дзве. Магутны, навуковы тэлескоп дае магчымасць вывучаць спектр выпраменьвання зоркі, яе іншыя параметры. Такіх прыбораў пакуль у Беларусі не робяць, і ўвогуле ў нас астраномія ў большасці аматарская. Хоць аптычныя прылады для спадарожнікаў, для выкарыстання ў тым ліку на Міжнароднай касмічнай станцыі ў нас выпускаюць, але гэта іншае».

Аднак і без прыбораў, калі задумацца пад зорным небам, стане відавочным: неспасцігальна, як усё так устойліва існуе! Усход і захад Сонца, Месяца, зорак — усё працуе, як адладжаны механізм. То верыць альбо не, што за ўсім гэтым Нехта нябачны ёсць? Зробіш сам лаўку ці плот з дрэва — і гадоў праз 10—20 яны струхлеюць. Мы аджываем свой век і сыходзім (некаторыя кажуць: да зор…) даволі хутка, калі глядзець у касмічным маштабе. А Сонца, Месяц, зоркі ў небе былі, ёсць і будуць. Самі па сабе? Які дзіцячы наіў так думаць — і не задумвацца, што за Сіла ўсё гэта трымае ў парадку, арганізуе. Дарэчы, былыя сябры астранамічнага клуба пры Мінскім планетарыі, даўно захопленыя астраноміяй, рэалізавалі праект ВС-Компас: «Яны праграмісты, іншыя спецыялісты, якія працуюць у вядомых кампаніях, у тым ліку ААТ «Пеленг». Стварылі спецыяльныя праграмы, на энтузіязме, як кажуць, апрацавалі вялікую базу даных пра пераменныя зоркі, дзякуючы таму знайшлі каля тысячы новых. Пабудавалі графікі іх руху, ёсць на гэты конт навуковыя публікацыі».

У ходзе размовы Аляксандр Валер’евіч расказаў, што з сябе ўяўляе яго асабістая астраальтанка пры доме, дзе ён устанавіў стацыянарны тэлескоп і здымае па начах зорнае неба. Яшчэ прызнаўся, што сам верыць ва Усявышняга і не адмаўляе: спазнаваць свет, Сусвет бачны і тым больш нябачны нават пры дапамозе розных прылад можна па-рознаму: «Ёсць навуковыя веды, ёсць і тое, што называюць ведамі духоўнага парадку. Калі надта не ўпірацца ў старыя догмы, а спрабаваць знаходзіць паміж імі згоду, то яны толькі дапаўняюць карціну свету. Да таго ж навукоўцы, паглыбляючыся ў фундаментальныя тэмы, часта прыходзяць да высновы: з пункту гледжання сучаснай навукі, яе тэорый і гіпотэз на многія пытанні адказаў няма. Самая вялікая загадка — паходжанне жыцця. У астраноміі, скажам, існаванне цёмных аб’ектаў, цёмных дзірак даследчыкі пацвярджаюць ускоснымі метадамі, але само існаванне цёмнай матэрыі пакуль ніхто не пацвердзіў. На гэты конт ёсць розныя гіпотэзы, даследаванняў усё больш, а яснасці ў тым, як гэта ўсё вакол нас узнікла, так і няма. Так што цяпер патрэбна карэляцыя, знаходжанне агульнай мовы, узаемасувязей паміж рознымі «базамі даных», скажам так. Аднак такая аналітыка — гэта задача навукоўцаў, мы ж (я маю на ўвазе аматараў астраноміі) сваімі даследаваннямі касмічнага пылу, мікраметэарытаў ім трошкі дапамагаем».

Святло душы і зорны пыл

Тым часам да размовы падключаецца і Ульяна Глушанко: прыйшла на заняткі ў планетарый. Я віншую абодвух — яе і педагога — з перамогай у міжнародным конкурсе. Распытваю: калі пачала замайцца мікраметэарытамі. «У клуб мяне прывяла мая настаўніца па фізіцы з нашай 157-й школы Дзіяна Канстанцінаўна Пліска, — расказала Ульяна. — Тое было ў 8-м класе, цяпер я ў 10-м: два гады працы. Тут мне спадабалася, і прадаўжаю гэтым займацца. Цікавую тэму нам прапанаваў Аляксандр Валер’евіч, і мы выкарыстоўваем досвед і кнігу нарвежскага музыканта, аматара-даследчыка Джона Ларсена, які збірае мікраметэарыты па гарадскіх дахах. У кнізе ёсць мноства каляровых фотаздымкаў, гэта як своеасаблівы каталог для параўнанняў. Мы звяраем тое, што знаходзім у Мінску, са знаходкамі Ларсена. Пад мікраскопам разглядаем драбнюткія часцінкі».

Тут жа ў кабінеце, побач з дэманстрацыйнай залай планетарыя, дзе мы гутарым, на стале стаіць мікраскоп: асноўны працоўны інструмент. Але спачатку юныя астраномы на дахах мінскіх будынкаў збіраюць матэрыял для даследаванняў: «Так, працуем спачатку венікамі, шчоткамі, збіраем пыл у вядро. Потым выбіраем патэнцыяльныя часцінкі з дапамогай магніта: мікраметэарыты да яго прыцягваюцца. Пасля адабранае прапускаем праз сіты з рознымі памерамі вочак. Памер часцінак — да 1 міліметра. Спрабуем іх ідэнтыфікаваць: спачатку пад мікраскопам, потым аддаём на спектральны аналіз: у акадэмічны Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава, з якім заключылі дамову аб супрацоўніцтве. Там ёсць электронны мікраскоп, пад ім бачна: пазаземнае паходжанне ў часцінкі альбо гэта проста зямное смецце. Тэхнікай кіруюць аспіранты, мікраметэарыты фатаграфуюць, робяць даследаванне і аддаюць нам вынікі. Звычайна ў знаходках ёсць такія элементы з табліцы Мендзялеева, як жалеза, магній, кісларод, крэмній, нікель».

Калі мне паказваюць часцінкі ў кантэйнерах, то і разгледзець не магу: пылінка на белым фоне. Але ж фатаграфую: бачны хоць кантэйнер з надпісам. Мне ж тым часам расказваюць, што дахі — параўнальна чыстая паверхня, на якую ў меншай ступені прыўносіцца зямны матэрыял. Нібы вялікія далоні, бачыцца мне вобраз, у якія падае касмічны пыл. Але ж які мізэрны ўлоў! З 15-літровага вядра змеценага смецця вывуджваюць 1—2 сапраўды «касмічныя» часцінкі. Амаль як у Маякоўскага: «Поэзия — та же добыча радия. В грамм добыча, в годы труды…» дзялюся асацыяцыяй, і Аляксандр Мікуліч у тон: «Больш складана, чым іголку ў стозе сена знайсці…»

Але ж знаходзяць! Даклад пра мікраметэарыты Ульяна Глушанко зрабіла ў Мінску: якраз у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку праходзіў конкурс «Таленты ХХІ стагоддзя». Свае сцены надалі ўпэўненасці, даклад заняў першае месца. Кажу ёй, што вельмі складана будзе, вывучаючы драбнюткія пылінкі, разгледзець за імі Стваральніка. Пытаю: дзе ж, на яе погляд, ён знаходзіцца? Дзяўчына не сумелася, адказала як сапраўдны навукоўца: «Не магу пакуль дакладна сказаць…».

Услед за Імануілам Кантам і яна, вядома ж, заглядвае туды, дзе філосаф акрэсліў месца для «маральнага закона» і дзе ззяе святло душы. Зрэшты, і гэтае пытанне, відаць, юныя астраномы яшчэ не даследавалі, бо для таго «патрэбна зусім іншая прыборная база». Ды прыйдзе час, і, маю надзею, зорны пыл асвеціць ім сцежкі-дарогі ў часе вандровак у патаемныя, прыхаваныя «касмічныя прасторы душы». Сама ж Ульяна Глушанко ўжо вырашыла, што яе будучая праца, магчыма, будзе неяк спалучана з астраноміяй. Урэшце, жыць пад зоркамі — гэта ж і рамантычна!

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара