Ігар Петрышэнка: таленавітыя і адораныя людзі могуць забяспечыць якасны прарыў у развіцці краіны

- 10:22Актуально

Урачыстая цырымонія ўганаравання навучэнцаў і студэнтаў — пераможцаў міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі прайшла з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Адным з галоўных арыенціраў нашай дзяржавы нязменна з’яўляецца садзейнічанне творчаму развіццю, самарэалізацыі, прафесійнаму станаўленню юных беларусаў, — адзначыў І. Петрышэнка. — Больш за 4,5 тыс. прадстаўнікоў маладога пакалення і больш за 265 творчых калектываў уключаны ў банкі даных адоранай і таленавітай моладзі. Выяўляць талент, ажыццяўляць усялякую падтрымку ад малодшага ўзросту да ўступлення ў дарослае жыццё — галоўная задача спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Прыкладам паспяховай кар’ернай траекторыі стыпендыятаў фондаў віцэ-прэм’ер назваў міністра адукацыі Андрэя Іванца і народную артыстку Беларусі Настассю Масквіну.

— Яны таксама ў свой час былі адоранымі навучэнцамі, дзяржава іх падтрымала. Гэта наглядныя прыклады, да чаго імкнуцца тым, хто атрымаў заслужаныя ўзнагароды. Урачыстую цырымонію мы праводзім у святым месцы — у музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Для нас вельмі важныя дасягненні маладых людзей, іх творчыя здольнасці, інтэлектуальныя даныя, а таксама цэласнае фарміраванне іх як асоб. Для нас важна, каб гэта былі сапраўдныя патрыёты сваёй краіны, якія б развівалі, праслаўлялі яе. Гэта наш стратэгічны рэсурс, на які мы разлічваем, каб забяспечыць паступальнае пазітыўнае развіццё нашай краіны, — адзначыў І. Петрышэнка.

Наша моладзь сёння гучна заяўляе пра сябе бліскучымі выступленнямі і перамогамі на прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Летась навучэнцы і студэнты заваявалі 41 медаль, з іх — 3 залатыя, 21 сярэбраны і 17 бронзавых. На міжнародных творчых спаборніцтвах Беларусь была дастойна прадстаўлена таленавітымі маладымі выканаўцамі, музыкантамі, калектывамі, 8 з якіх сталі пераможцамі, а 4 атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені.

— Высокія дасягненні, якія вы дэманструеце, — вынік вашай упартай працы, а таксама самаадданай работы вашых настаўнікаў, — падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра. — Сваім прафесіяналізмам, цярпеннем і пастаянным творчым пошукам педагогі закладваюць аснову станаўлення новых пакаленняў незалежнай Беларусі, даюць глыбокія і моцныя веды, выхоўваюць дастойных грамадзян і патрыётаў. Мы ганарымся вамі і вашымі поспехамі. Дзяржава клапоціцца пра лёс кожнага лаўрэата, бо таленавітыя і адораныя людзі ўносяць неацэнны ўклад у нашу будучыню, у адукацыю, у нацыянальную і сусветную культуру, могуць забяспечыць якасны прарыў у развіцці краіны.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр культуры Анатоль Маркевіч, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, старшыні спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, па падтрымцы таленавітай моладзі — дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо і генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава.

Лепшым з лепшых уручылі нагрудныя знакі «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў» і «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі». Таксама пасведчанне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ўручылі двум творчым калектывам. Сярод узнагароджаных — Лізавета Афанасьева, выпускніца Пастаўскай гімназіі, студэнтка БДУ, уладальніца сярэбранага медаля ХVI Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі, Аліна Белавусава, навучэнка сярэдняй школы № 96 Мінска, уладальніца сярэбранага медаля Міжнароднага конкурсу навуковых і тэхнічных праектаў  навучэнцаў «І-Фэст 2023», Мацвей Вылягжанін, выпускнік гімназіі № 41, уладальнік сярэбранага медаля 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды ў Японіі, Мацвей Зорка, выпускнік Ліцэя БДУ, студэнт БДУ, уладальнік сярэбраных медалёў 63-й і 64-й Міжнародных матэматычнах алімпіяд, Антон Кернажыцкі, студэнт БДУ, уладальнік дыплома ІІ ступені Міжнароднай студэнцкай алімпіяды ў галіне інфарматыкі і праграмавання ў Расііі.

Настаўнікі і выкладчыкі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце з адоранай і таленавітай моладдзю, атрымалі ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры.

За асаблівы ўклад у развіццё адораных навучэнцаў і студэнтаў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай уручыў заслужаныя ўзнагароды Андрэю Безручонку, дацэнту кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі БДУ, настаўніку матэматыкі гімназіі № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага Барысу Камракову, настаўніцы геаграфіі гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І. Алфёрава Людміле Карнеенка, педагогу дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алесі Шавялёвай.

Настаўніца геаграфіі Людміла Ціханаўна Карнеенка на педагагічнай ніве працуе 52 гады. За час работы ў гімназіі падрыхтавала 12 пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і розных міжнародных алімпіяд. Ягор Гафараў некалькі гадоў назад заваяваў у Сербіі бронзавы медаль, а летась Вадзім Ігнаценка на Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе (iGeo) у Інданезіі атрымаў бронзавы медаль.

— Я вельмі ганаруся сваімі выхаванцамі і жыву іх дасягненнямі, — гаворыць настаўніца. — Каб прывесці навучэнцаў да поспеху, трэба шчыра захапляцца прадметам, гарэць любімай справай, любіць дзяцей. Самае складанае ў падрыхтоўцы алімпіяднікаў — заматываваць дзіця. І тут важны не толькі талент, важна, каб яно было адналюбам і не перабягала з аднаго прадмета на іншы, яго працаздольнасць. З самага пачатку я тлумачу вучням, што заняткі геаграфіяй — гэта не гульня, а ў большасці сваёй сур’ёзная самастойная работа. Рыхтую іх да алімпіяды пачынаючы з 6—7-га класа. Спачатку прапрацоўваем школьную праграму, а потым пашыраем свае веды. Геаграфія — калодзеж без дна, у які можна паглыбляцца бясконца. Мне падабаецца мая работа, работа з дзецьмі, а тым больш з алімпіяднікамі, яна дае магчымасць жыць цікава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара