Імёны, якімі ганарымся… Выйшла другая частка кнігі «Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны»

- 12:40Новости

Цудоўным навагоднім падарункам для калектыву “Настаўніцкай газеты” стала другая частка кнігі “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны”.

Як і належыць навагодняму падарунку, выданне атрымалася яркім, каляровым, прыцягальным. Мелаваная папера плюс выдатная дызайнерская работа. І як вынік, у апошнія дні Года міру і стварэння свет пабачыла без перабольшання ўнікальная кніга. Думаю, не памылюся, калі скажу, што ў маштабах краіны гэта адзі­нае выданне, якое расказ­вае пра асоб, чые імёны з гонарам носяць установы адукацыі.

Кнігу не проста прыемна трымаць у руках, яе хочацца хутчэй разгар­нуць, пасля няспешна гар­таць, любавацца паліграфіяй, але больш за ўсё хочацца чытаць. Кожную старонку, кожны радок. Журналісты “Настаўніцкай газеты” пастараліся па-мастацку, душэўна, у форме нарысаў, эсэ і рэпартажаў паведа­міць пра тую маштабную работу, якая вядзецца ў школах і гімназіях краіны па захаванні памяці аб знакамітых людзях. Гэта Героі Савецкага Саюза, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Героі Беларусі, педагогі, навукоўцы, пісьменнікі, асветнікі.

Што мы ведаем пра гэтых людзей акрамя агульных энцыклапедычных даных або звестак са школьнай праграмы? Напрыклад, пра тое, што маёр Андрэй Уладзіміравіч Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Барысавіч Куканенка цаной свайго жыцця ў маі 2021 года адвялі самалёт ад жылых дамоў, тым самым выратаваўшы мірныя жыцці, ведае ўся Беларусь. А вось якімі ў звычайным жыцці былі Героі Беларусі, якія ў іх былі захапленні, якія вучэбныя прадметы найбольш падабаліся ў школьныя гады? Пра ўсё гэта пад­рабязна раскажуць у сярэдніх школах № 6 і № 9 Ліды, якія носяць імёны герояў.

Навучэнцы 9-й школы ганарацца тым, што ў іх установе вучыўся Андрэй Нічыпорчык. Былы дырэктар школы настаўнік гісторыі Генадзь Леанідавіч Ткачэнка ўспамінае, што хлопец быў вельмі выхаваны, да вучобы ставіўся добрасумленна і адказна, заўсёды быў гатовы адка­заць на любое пытанне па дамашнім заданні. Андрэй з’яўляўся актыўным удзель­нікам спартыўных мерапрыем­стваў, абараняў гонар школы на гарадскіх спаборніцтвах. У яго была мара стаць лётчыкам, таму ён упарта ішоў да яе ажыццяўлення. Такія ж цёплыя ўспаміны пра свайго былога выхаванца Мікіту Куканенку захоўваюць і педагогі Полацкага кадэцкага вучылішча. У матэрыялах “Не мог зрабіць інакш” і “Палёт у вечнасць” чытач знойдзе адказ на пытанне “Хто ён, сапраўдны герой?”.

А вось як правільна выхоўваць юных грамадзян, можна даведацца на старонках раздзела “Педагогі”, напрыклад, у матэрыяле “Па праўдзе, па сумленні”, азнаёміўшыся з жыццём Яўгеніі Анатольеўны Трапезнікавай, імя якой прысвоена сярэдняй школе № 2 Наваполацка. Многія вучні Яўгеніі Трапезнікавай былі так званымі цяжкімі падлеткамі, аднак жанчына ўмела захапіць іх пошукавай работай. Разам яны сустракаліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, запісвалі іх успаміны, хадзілі па месцах баявой славы. Такім чынам не толькі аднаўляліся старонкі ваеннай гісторыі, але і перавыхоўваліся цяжкія падлеткі.

Наогул, калі знаёмішся з жыццём галоўных герояў кнігі, міжволі і сам перавыхоўваешся. З біяграфіі славутага авіяканструктара Паўла Сухога запомніўся такі факт: ён быў вельмі патрабавальным да сябе і прытрымліваўся ў жыцці прынцыпу “добра працуе не той, хто добра гаво­рыць, а той, хто добра працуе”. Залатыя словы. Нездарма Павел Восіпавіч дасягнуў жыццёвых і прафесійных вяршынь, а яго імем ганарацца настаўнікі і вучні сярэдняй школы № 1 Глыбокага.

Гэтак жа ганарацца Аляксеем Васільевічам Казловым у Лоеўскай сярэдняй школе, Міхаілам Гаўрылавічам Мінкевічам у Жарабковіцкай сярэдняй школе Ляхавіцкага раёна, Яўгенам Аляксандравічам Глебавым у Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў, Максімам Багдановічам у Халопеніцкай сярэдняй школе Крупскага раёна, Францыскам Скарынам у гімназіі № 1 Мінска… Усяго ў кнізе 22 усім вядомыя імёны, 22 яркія асобы, жыццё і ўчынкі якіх вартыя нашай памяці і пераймання.

Прэзентацыя кнігі, як плануецца, пройдзе ў сакавіку ў сталічным храме-помніку ў гонар Усіх Святых. Пра гэтае ўрачыстае мерапрыемства мы абавязкова паведамім на старонках “Настаўніцкай газеты”. А наш праект “Імя школы як гор­дасць Бацькаўшчыны”, які быў распачаты ў пазамінулым Годзе гістарычнай памяці, працягнецца і сёлета, у Год якасці.

Ігар ГРЭЧКА