Як дапамагчы дарослым, якія псіхалагічна засталіся дзецьмі?

- 15:11Новости, Приложение, Психолог в школе

Маленькія дзеці хочуць, каб пра іх клапаціліся і любілі безумоўна. І гэта нармальна: дарослыя павінны ім гэта даць і навучыць быць самастойнымі. А што рабіць з дарослымі, якім усе ўсё павінны? Пра інфантыльных лю­дзей, якія фізічна выраслі, але псіхалагічна засталіся дзецьмі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала крызісны псіхолаг Лаліта Бекіш.

— Лаліта, чаму сярод дарослых многа інфантыльных людзей? Магчыма, гэта звязана з тым, што знаходзіцца ў дзіцячай пазіцыі, не ўмеючы ­браць на сябе адказ­насць, зручна і камфортна?

— Інфантылізм — гэта пра бясконцую колькасць крыўд, перакладанне адказнасці і празмерна імпульсіўныя паво­дзіны. З аднаго боку, можа здавацца, што гэта вельмі зручна, але з вопыту псіхатэрапіі скажу, што гэта людзі, якім вельмі складана жыць. Наш свет пабудаваны для дарослых людзей, таму тым, хто паводзіць сябе як дзіця, складана выбудаваць здаровыя адносіны, вытрымліваць цяжкую напружаную працу і проста адчу­ваць сябе гарманічна. Таямніца пахо­джання такой колькасці інфантыльных людзей заключаецца больш у асаблівасцях выхавання і колькасці псіхалагічных траўм.

— Па якіх прыкметах у першую чаргу можна вызначыць, што перад намі інфантыльны чалавек? Што яго выдае?

— Я ў першую чаргу вылучыла б крыўду. Гэта лю­дзі, у якіх вельмі многа чаканняў ад навакольных. Калі раптам вы з ім не павіталіся, таму што былі захоплены справай, ён нагадае вам пра гэта. Мы з кліентам нядаўна вылучылі яшчэ ­адзін чырвоны сцяг інфантылізму: празмерна негатыўныя водгукі пра бацькоў. Так, нашы бацькі бываюць рознымі, адносіны з імі бываюць складанымі. Але інфантыльная персона будзе дастаткова ярка апісваць свае крыўды. Калі мы становімся дарослымі, перад намі стаіць цяжкая задача: прыняць, што нашы бацькі проста людзі, якія ро­бяць шмат памылак.

Інфантыльны персанаж працягвае паўтараць, што ён дзіця і яму ўсе і многа павінны. Дарэчы, падобныя рэчы яны могуць гаварыць і пра сяброў, і пра партнёра, і пра начальства.

— У якіх сем’ях выхоўваюць інфантыльных лю­дзей? Якія памылкі бацькоў у выхаванні прыводзяць да таго, што іх дзіця вырастае, але застаецца маленькім?

— Вельмі складана вылу­чыць, у якіх менавіта сем’ях гэта адбываецца. Такая памылка можа здарыцца ў любой сям’і. Без сумненняў, гіпер­апека з боку бацькоў можа спрыяць развіццю бездапаможнасці дзіцяці, але гэта зусім не абавязкова. Часта ў дэструктыўных сем’ях, якія хо­дзяць па трохвугольніку Карпмана, дзіця можа пераймаць мадэль паводзін аднаго з бацькоў. Сузалежнасць і інфантылізм у прынцыпе звязаныя. І там і там ёсць перакладанне адказнасці, нежаданне адказваць за сябе, за крыўды і г.д.

Але нават у сям’і, дзе ў баць­коў цёплыя здаровыя адносіны, можа адбыцца калапс. У рамках узроставай псіхалогіі ёсць многа класіфікацый дзіцячага развіцця. У розных узростах у дзіцяці з’яўляюцца так званыя наватворы. Напрыклад, ва ўзросце трох гадоў дзіця вучыцца самастойнасці, калі просіць дапамагчы маме з мыццём посуду. Калі мама будзе забараняць дзіцяці спрабаваць нешта рабіць, у дзіцяці можа сфарміравацца страх спраба­ваць нешта новае.

Ва ўзросце 6—7 гадоў, калі дзіця ідзе ў школу, яно вучыцца адказнасці. Калі малышу не даваць самому несці адказ­насць за школьныя справы (зразумела, што без дапамогі бацькоў не абысціся), то прыйдзецца правя­раць яго дамашнія заданні і ў 9 класе, а потым праса­ваць кашулькі ў 30 гадоў.

— Як сіндром сына мамінай сяброўкі адбіваецца на развіцці інфантыльнасці?

— Параўнанне дзіцяці з іншымі негатыўна ўплывае на самаацэнку і ўпэўне­насць, але не заўсёды гэта пра фарміраванне інфантыльнасці. Вядома, у цяжкіх выпадках дзіця можа проста здацца і перастаць змагацца за сваю самаацэнку, пагадзіцца на больш дзіцячую пазіцыю. Але параўнанне з сынам мамінай сяброўкі больш карэлюе фарміраваннем рыс нарцысізму ў дзіцяці.

— Што можа зацікавіць чалавека, каб ён захацеў вырасці, пазбавіцца ранейшай пазіцыі?

— Часта ў тэрапію такія людзі прыходзяць з запытамі ў стылі “таксічныя адносіны”, “канфлікты на рабоце”, “я нічога не магу дасяг­нуць”. Па сутнасці, такія людзі не гатовы да дарослага свету. Яны вельмі цяжка згаджаюцца на змяненні ў сваім стаўленні да навакольнага асяроддзя, таму што ім трэба ў самыя кароткія тэрміны пасталець, а сталенне і для дзяцей не вельмі лёгкая задача. Але ты альбо сталееш, альбо тваё жыццё не мяняецца.

— З чаго трэба пачы­наць дапамагаць дзіцяці, каб яно вырасла сталым чалавекам?

— Дзіця трэба любіць, і гэта відавочна. Другі важны момант: бацькі павінны клапаціцца аб сваім ментальным стане. Нездарма гаво­раць, што калі шчаслівая мама, то і дзіця шчаслівае. Таксама важна памятаць, што кожны год, як толькі нарадзілася, дзіця рухаецца да сепарацыі. Дзіцяці трэба дапамагаць, клапаціцца аб ім, але пры гэтым не забараняць аддзяляцца ад аднаго з бацькоў. Гэта складаны момант для дарослых, але тут ёсць лайфхакі: калі будаваць з дзіцем даверныя адносіны, яно заўсёды да вас прыедзе і раскажа, што адбылося і ці патрэбна яму дапамога.

Наталля САХНО
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі