Электронныя адукацыйныя рэсурсы сёння актыўна выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў. Супрацоўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі не толькі прымяняюць такія рэсурсы, але і самі іх ствараюць. Цудоўны прыклад гэтага прадставілі ўдзельнікі рэспубліканскага агляду “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафадукацыі”. Нядаўна былі падведзены вынікі агляду гэтага года.
Фінал у новым фармаце
Агляд праводзіцца раз на 2 гады з 2012 года. Такім чынам, сёлета агляд прайшоў 5-ты раз. Яго ўдзельнікамі становяцца навучэнцы, выкладчыкі, творчыя групы работнікаў і навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Агляд дапамагае знайсці тых, хто найбольш актыўна дзейнічае ў галіне распрацоўкі электронных адукацыйных рэсурсаў, каб іх вопыт мог стаць карысным для калег. Такі вопыт спрыяе павышэнню цікавасці навучэнцаў да выбранай прафесіі, развіццю іх творчых здольнасцей праз прымяненне інфармацыйных тэхналогій у розных галінах прафесійнай дзейнасці. Таксама розныя інтэрнэт-сэрвісы дапамагаюць у фарміраванні станоўчага іміджу прафесіі і прасоўванні ў маладзёжным асяроддзі ўсведамлення каштоўнасці працы і прафесіяналізму.
Першы этап агляду прайшоў у рэгіёнах. На адборачны рэспубліканскі этап было пададзена каля 200 праектаў. З іх журы выбрала па 15 у кожнай з чатырох намінацый для ўдзелу ў фінале.
— Кожны год адзначаем рост узроўню работ, і сёлета былі прадстаўлены вельмі моцныя праекты. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі працуюць таленавітыя людзі. Яны вельмі зацікаўленыя, сочаць за з’яўленнем навінак у інфармацыйных тэхналогіях і прымяняюць іх у сваёй дзейнасці, — расказвае Вольга Міхайлаўна Бялоцкая, начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі РІПА. — І работа гэтая вельмі актуальная. Мы павінны ўлічваць, што працуем з дзецьмі новага пакалення, якія сябруюць з сучаснымі тэхналогіямі, і арыентавацца на іх.
Фінальнае спаборніцтва агляду прадугледжвала вочную абарону праектаў. У гэтым годзе абарона ўпершыню праходзіла ў новым фармаце — дыстанцыйна ў анлайн-рэжыме. Сустрэча адбылася з дапамогай воблачнай платформы Zoom. Былі створаны 4 сесійныя залы, або пакоі, у кожнай з якіх аб’ядналіся ўдзельнікі адной з намінацый. Тут віртуальна прысутнічалі і члены журы, якое ўзначаліў Андрэй Валер’евіч Варуеў, дацэнт кафедры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Анлайн усіх вітала Аляксандра Мікалаеўна Пятрова, начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі.
Работа ў новым фармаце прайшла гладка і зладжана дзякуючы папярэдняй падрыхтоўчай і арганізацыйнай рабоце, а таксама высокай дасведчанасці ўдзельнікаў агляду ў галіне інфармацыйных тэхналогій.
Педагогі і іх блогі
Інтэрнэт-рэсурсы, якія распрацаваны і падтрымліваюцца педагогам для прасоўвання свайго педагагічнага вопыту, павышэння цікавасці да прадмета, які выкладаецца, былі прадстаўлены ў намінацыі “Асабісты сайт/блог педагога”.
Заўважна, што работу ва ўласных блогах і сайтах супрацоўнікі ўстаноў адукацыі засвоілі добра. Гэтыя рэсурсы выкарыстоўваюць у рабоце выкладчыкі агульнаадукацыйных прадметаў і спецдысцыплін, майстры вытворчага навучання, метадысты. Удзельнікі агляду прадэманстравалі, наколькі па-рознаму можна прымяняць такія рэсурсы.
Напрыклад, Сяргей Віктаравіч Марозаў, выкладчык Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, стварыў праект “Білеты па гісторыі Беларусі”. Гэта кароткія відэаадказы на ўсе экзаменацыйныя пытанні, якія размешчаны на відэахостынгу YouTube. Відэа змяшчаюць аповед выкладчыка і змястоўныя ілюстрацыі.
Вольга Вадзімаўна Шаўнева, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага ПТК швейнай вытворчасці, у сваім блогу “З іголачкі” дзеліцца сакрэтамі швейнага майстэрства. Прапанаваная інфармацыя выходзіць за рамкі праграмы, якую засвойваюць навучэнцы. Напрыклад, нядаўна ў блогу з’явіўся агляд варыянтаў шыцця і дэкору тканевых масак. Вольга Вадзімаўна рэкамендуе цікавыя тэматычныя рэсурсы, расказвае аб экалагічнай модзе і інавацыйных матэрыялах, адказвае на пытанні.
Яшчэ адзін прыклад выкарыстання асабістага сайта — праект Юліі Аляксандраўны Осіпавай, якая працуе ў Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М.С.Высоцкага. Праект мае назву “Мы станем прафесіяналамі з бездакорнай рэпутацыяй” і змяшчае ўсю неабходную інфармацыю для навучэнцаў каледжа, якія плануюць атрымаць вышэйшую адукацыю. Сайт расказвае, дзе гэта можна зрабіць у скарочаны тэрмін, што для гэтага трэба, як падрыхтавацца.
Перамогу ў гэтай намінацыі атрымалі педагогі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа. Таццяна Тадэвушаўна Шумская і Алег Пятровіч Сяргей стварылі “Журнал нататак выкладчыка замежных моў”.
— Гэта персанальны сайт выкладчыка, дзе размешчаны матэрыялы, якія дапамагаюць вывучаць прадмет. Гэта канспекты і планы, тэставыя заданні, а таксама шматлікія дадатковыя матэрыялы: музыка, аўдыя- і электронныя кнігі, слоўнікі, карысныя спасылкі, — расказвае Таццяна Тадэвушаўна. — Таксама гэта пляцоўка для зносін з навучэнцамі. Тут яны могуць задаваць пытанні, пакідаць каментарыі, таксама зручна на сайце праводзіць апытанні. Шмат чаго ўжо зроблена, але ёсць яшчэ многа ідэй па развіцці сайта.
Дапоўнілі рэальнасць і працэс навучання
У намінацыі “Вучэбныя матэрыялы з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці” былі прадстаўлены падручнікі, дадаткі для навучання і трэніроўкі навыкаў, прыклады выкарыстання візуальнага мадэлявання аб’ектаў і іншае. Удзельнікі па-рознаму падышлі да выкарыстання дапоўненай рэальнасці, але ўсе зрабілі гэта цікава.
Шырокае выкарыстанне тэхналогія дапоўненай рэальнасці знаходзіць сёння ў выхаваўчай рабоце, патрыятычным выхаванні. Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж прадставіў мабільны дадатак “Героі вайны, увекавечаныя ў гісторыі горада Магілёва”. Дадатак дазваляе ў займальнай форме праводзіць экскурсіі па абласным цэнтры. У праекце змяшчаецца інфармацыя аб героях вайны, у гонар якіх названы вуліцы, аб памятных месцах на тэрыторыі Магілёва, звязаных з ваеннымі дзеяннямі. Стварылі дадатак выкладчык каледжа Алена Міхайлаўна Міронава і навучэнец установы Яўген Дзмітрыевіч Мядзведзеў.
Не менш карыснай дапоўненая рэальнасць можа быць і для навучання. Гэта цудоўная магчымасць прадэманстраваць тыя працэсы або абсталяванне, якія складана паказаць у рэальнасці. Напрыклад, у Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы стварылі віртуальную лабараторыю па выпрабаванні стальнога ўзору на расцяжэнне. А ў Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы імя І.Счаснага дзейнічае віртуальны прадметны кабінет “Электрычныя машыны”.
Лепшым у гэтай намінацыі стаў праект “Развіццё прасторавага мыслення ў навучэнцаў з дапамогай выкарыстання тэхналогіі дапоўненай рэальнасці пры вывучэнні вучэбнай дысцыпліны “Будова, эксплуатацыя і рамонт цеплавозаў”. Стварылі праект у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча выкладчык Аляксей Уладзіміравіч Стахоўскі, інжынер-праграміст Кірыл Мікалаевіч Машкоў і навучэнцы Мікіта Жукавец, Данііл Дашын. Выкладчыкі каледжа сутыкнуліся з праблемай пры вывучэнні навучэнцамі рухавіка цеплавоза. Механізм вельмі складаны, а зазірнуць у яго няма як: разабраць рухавік ва ўмовах установы немагчыма, бо ён велізарны, яго дэталі вельмі цяжкія. Даводзілася разбірацца з дапамогай ілюстрацый і чарцяжоў, што ў навучэнцаў заўсёды выклікала цяжкасці. На дапамогу прыйшлі сучасныя тэхналогіі.
— Мы стварылі 3D-мадэлі асноўных вузлоў рухавіка. Кожны вузел на камп’ютары можна разабраць на дэталі і кожную дэталь разгледзець і вывучыць. А потым дэталі трэба сабраць у вузел. Калі сабрана няправільна, камп’ютар пакажа памылку. З дапамогай такіх аб’ёмных мадэлей дзецям значна лягчэй зразумець, як зроблены і як працуе механізм, што спрашчае для іх працэс навучання і робіць яго больш цікавым, — дзеліцца меркаваннем адзін са стваральнікаў праекта — Аляксей Уладзіміравіч Стахоўскі.
ЭАР у інклюзіўнай адукацыі
Важную ролю сучасныя тэхналогіі адыгрываюць у навучанні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Новыя рэсурсы ствараюць для іх новыя магчымасці. Таму адна з намінацый агляду — “Электронныя адукацыйныя рэсурсы ў інклюзіўнай адукацыі”.
Першае месца ў намінацыі прысуджана праекту “Электронны вучэбны дапаможнік “Аргтэхніка”. Яго аўтары — Ала Аляксандраўна Шавейка, выкладчык, і Карына Шпакова, навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі. З асаблівымі навучэнцамі ў каледжы электронікі працуюць 15 гадоў, увесь час шукаючы найбольш аптымальныя формы работы. З вопытам прыйшло перакананне, што сучасныя тэхналогіі ў гэтай рабоце вельмі карысныя, і іх укараненне вядзецца надзвычай актыўна. Выкладчыкі разам з навучэнцамі распрацавалі інтэрактыўныя электронныя карты, віртуальныя лабараторыі, электронныя жэставыя слоўнікі-гласарыі па прадметах і дысцыплінах, тэматычныя мультымедыйныя прэзентацыі. Гэты спіс папоўніў і электронны дапаможнік, які высока ацаніла журы рэспубліканскага агляду.
— Электронны вучэбны дапаможнік “Аргтэхніка” арыентаваны на навучэнцаў з парушэннямі слыху. У іх зрокавы канал успрымання інфармацыі з’яўляецца вядучым, таму дапаможнік насычаны менавіта такой інфармацыяй — малюнкамі, схемамі, прэзентацыямі, відэа. Відэаінфармацыю мы дапоўнілі сурдаперакладам або тлумачальнымі подпісамі, — расказвае А.А.Шавейка. — Такія сродкі дапамагаюць нашым асаблівым навучэнцам лягчэй адаптавацца і засвоіць веды на больш высокім узроўні.
Дапаможнікі, даведнікі, практыкумы
Найбольш багатай на ўзнагароды атрымалася намінацыя “Электронныя сродкі навучання прафесійнай накіраванасці”. Акрамя дыплома І ступені, былі прысуджаны 3 дыпломы ІІ ступені і 3 — ІІІ ступені.
ЭСН у аглядзе былі прадстаўлены самыя разнастайныя: вучэбныя дапаможнікі, даведнікі, практыкумы па розных кірунках. Іх стваральнікі прадэманстравалі новыя ідэі і падыходы.
З дапамогай гэтых сродкаў вырашаюць самыя розныя задачы для навучання розным прафесіям. Навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя на занятках могуць выкарыстоўваць мабільны дадатак “Даведнік кветкавода”. А ў Наваполацкім дзяржаўным політэхнічным каледжы электронны сродак навучання выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Перапрацоўка нафты, нафтапрадуктаў і абслугоўванне трубаправодаў”. Прафесіі розныя, як і іх спецыфіка, аднак у абодвух выпадках ЭСН узнімаюць падрыхтоўку на новы ўзровень, прадастаўляючы педагогам і навучэнцам новыя магчымасці.
Дыплом І ступені атрымала Дзіяна Віктараўна Нахаева, выкладчыца Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, аўтар праекта “Электронны інтэрактыўны рабочы сшытак-практыкум па вучэбнай дысцыпліне “Замежная мова (прафесійная лексіка)”.
— Гэта сшытак для заняткаў па спецыяльнасці “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”. Гэтая спецыяльнасць непасрэдна звязана з сучаснымі тэхналогіямі, і навучэнцам вельмі цікава ўсё ў гэтым кірунку. Таму было вырашана стварыць для іх электронны сродак навучання. Працавалі над ім амаль увесь навучальны год, але гэта было варта намаганняў, бо відавочна, што дзецям падабаецца такі фармат, — расказвае Дзіяна Віктараўна. — Сшытак распрацаваны з дапамогай сэрвісу Liveworksheets.com. Выкарыстоўваць яго можна непасрэдна на аўдыторных занятках, для дыстанцыйнай і самастойнай работы навучэнцаў. Кожны навучэнец атрымлівае пароль для ўваходу і выконвае зададзеныя практыкаванні. Усе адказы прыходзяць выкладчыку ў электронны журнал.
Сшытак-практыкум можна запусціць на камп’ютары, мультыбордзе, а таксама на тэлефоне. Апошняе вельмі ацанілі навучэнцы, бо яны могуць выконваць заданні ў любы зручны для іх момант. Інтэрактыўны сшытак дапамагае ўдасканальваць усе віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, чытанне, пісьмо, успрыманне на слых. Варта ўвагі тое, што ёсць практыкаванні для развіцця вуснага маўлення з аўтаматычнай праверкай: навучэнец запісвае аўдыяфайл свайго вуснага адказу, а камп’ютар яго правярае. Інтэрактыўны сшытак-практыкум аказаўся вельмі эфектыўным, і аўтар плануе распрацаваць серыю такіх сшыткаў для навучэнцаў усіх спецыяльнасцей, якія прапануе Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж.
Лепшыя работы, якія былі прадстаўлены на аглядзе, папоўняць банк электронных сродкаў навучання, размешчаны на сайце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.
Дар’я РЭВА.