Інклюзіўная культура: агляд вераснёвага нумара часопіса «Народная асвета»

- 15:24Журнал "Народная асвета", Новости

Пачаўся навучальны год, і звыш мільёна беларускіх дзяцей селі за парты, каб атрымаць якасныя веды, набыць сяброў і новы вопыт, які дапаможа падрыхтавацца да дарослага жыцця. Сярод гэтых школьнікаў — дзеці з асаблівасцямі развіцця. Не сакрэт, што ў розныя часы стаўленне да іх было розным і з боку грамадства, і з боку сістэмы адукацыі. Але ж сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што для асаб­лівых дзяцей на дзяржаўным узроўні створаны ўсе ўмовы, каб яны маглі развівацца нараўне з усімі.

Наш часопіс неаднаразова звяртаўся да тэмы інклюзіі. Аўтарамі (навукоўцамі, педагогамі-практыкамі) былі асветлены пытанні арганізацыі навукова-метадычнай падтрымкі інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі, фарміравання ў педагогаў спецыяльных прафесійных кампетэнцый для работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыйнай прасторы і г.д.

Фарміраванне і ў школьнікаў, і ў педагогаў інклюзіўнай культуры, талерантнага стаўлення да дзяцей з АПФР, гатоўнасці да прыняцця іншасці асаблівых навучэнцаў застаецца адной з актуальных задач сістэмы адукацыі.

У вераснёвым выпуску праекта “Педагагічная асамблея” мы прапануем азнаёміцца з артыкуламі, прысвечанымі інклюзіі. Калегі з устаноў адукацыі Брэстчыны запрашаюць вас наведаць педагагічную лабараторыю, праблемны семінар, вучэбныя заняткі, а таксама азнаёміцца з асаблівасцямі работы з сям’ёй, у якой нарадзілася дзіця з АПФР.

Праекты ў рэчышчы STEM-падыходу, адукацыі для ўстойлівага развіцця, медыя­адукацыі — візітная картка гімназіі № 3 Бабруйска імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), вопыт якой прадстаўлены ў рубрыцы “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. Падчас аднаго з краязнаўчых паходаў гімназісты знайшлі невядомы дагэтуль дзядзінец і зрабілі яго апісанне. А на занятках па фізіцы дзеці правялі неабходныя разлікі, самастойна сабралі рэкуператар і праверылі яго на практыцы. Наступным быў робат-палацёр. Настаўнікі гімназіі таксама ўдзельнічаюць у рэалізацыі разнастайных праектаў — эксперыментальных і інавацыйных. І тут не вельмі проста вызначыць, хто для каго з’яўляецца прыкладам: настаўнікі для вучняў ці наадварот? Ды гэта, напэўна, не так і важна. Галоўнае — ёсць вынік. Ён не толькі ў колькасці дыпломаў і грамат. Ён найперш у тым, што і педагогі, і іх выхаванцы ўмеюць ставіць перад сабой мэты і рэалізоўваць задуманае. У калектыву гімназіі вельмі багаты патэнцыял, шмат ідэй, якія могуць зацікавіць тых настаўнікаў, хто таксама не спыняецца ў сваім прафесійным развіцці.

Актуальнай праблеме матывацыі дзяцей да набыцця ведаў прысвечаны матэрыялы інтэрактыўнага праекта “Бацькоўскі сход”. Імкненне да пазнання — адно з самых моц­ных у чалавеку. Чаму ж так здараецца, што ў самыя плённыя для навучання школьныя гады некаторыя дзеці і падлеткі паступова, але няўхільна страчваюць яго? Як спыніць, а яшчэ лепш — папярэдзіць гэта? Як дапамагчы сучасным школьнікам вучыцца з радасцю? Адказы на гэтыя жыццёва важныя пытанні шукаем разам з аўтарамі.

І па традыцыі завяршае вераснёвы выпуск часопіса “Народная асвета” агляд артыкулаў мінулых гадоў, які прысвечаны павышэнню кваліфікацыі настаўніка. Зварот да гэтых артыкулаў прымусіў мяне задумацца: а наш інфармацыйны век прынёс настаўніку карысць ці шкоду? З аднаго боку, карысць: не трэба думаць, дзе знайсці інфармацыю, не трэба затрачваць значны час на падрыхтоўку ўрока, можна нават зусім не рыхтавацца да заняткаў, а знайс­ці ў інтэрнэце гатовы канспект і не адзін! Выбірай, як кажуць, на любы густ… Але ж, прызнаюся, нягле­дзячы на зручнасць інтэрнэту, тыя “даброты”, якія ён дае, усё ж такі часам прыводзяць да таго, што мы страчваем галоўнае — жывыя чалавечыя зносіны, здольнасць працаваць з мноствам інфармацыйных крыніц. А неабходны яшчэ і глыбокая рэфлексія вучэбных заняткаў, і метадычныя пробы новых форм удасканалення адукацыйнага працэсу… Гэты спіс можа быць прадоўжаны мноствам аргументаў. А ў якасці доказу прапаную азнаёміцца з думкамі і разважаннямі настаўнікаў, якія не мелі пад рукамі гаджэтаў, а вучыліся па кнігах вялікіх педагогаў, перадавалі вопыт праз сістэму настаўніцтва (якая зараз адраджаецца), надавалі велізарнае значэнне бесперапыннаму метадычнаму самаўдасканаленню. Прывяду цытату з артыкула намесніка міністра асветы БССР Ф.Казакова (захавана арфаграфія і пунктуа­цыя арыгінала): “Вырашэнне высокіх задач, што стаяць перад совецкаю школай, залежыць у першую чаргу ад настаўніка, ад яго навукова-тэарэтычных ведаў і педагагічнага майстэрства. Майстэрства настаўніка вельмі складанае і высокае. Настаўнік павінен весці сваіх вучняў, абуджаць і накіроўваць развіццё іх логікі да пазнання законаў развіцця прыроды і чалавечага грамадства, фарма­ваць іх свядо­масць як актыўных удзель­нікаў будаўніц­тва комуністычнага грамадства” (№ 3 за 1949 год). Гэтыя ж задачы, толькі на новым узроўні, стаяць і перад сучаснымі педагогамі. Зга­дзіцеся, разлічваць толькі на гаджэты ў руках тут немагчыма.

Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар