Італьянскі вопыт для беларускіх спецыялістаў

- 14:32Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў, Рознае

У першай палове ліпеня выкладчыкі кафедр “Арганізацыя дарожнага руху” і “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту праходзілі стажыроўку ў Італіі, дзе вывучалі вопыт работы італьянскіх падраздзяленняў па кантролі за дарожным рухам і яго бяспекай.

На стажыроўку ў Рым беларускія выкладчыкі адправіліся ў рамках сумеснага з Еўрапейскім саюзам праекта Be-Safe. Яны наведалі шэраг структурных падраздзяленняў Рымскай агламерацыі, адказных за бяспеку дарожнага руху. Так, у паліцыі горада Чампіна вучоным БелДУТа была прадэманстравана работа па маніторынгу бяспекі дарожнага руху, сістэмы ўліку і аналізу дарожна-транспартных здарэнняў, а таксама яны маглі ўбачыць адпаведнае абсталяванне і матэрыялы. Яшчэ больш паглыблена з тэмай бяспекі на дарозе пазнаёміліся беларусы ў час наведвання Экспертнага цэнтра па бяспецы дарожнага руху Рыма, дзе ў іх была магчымасць вывучыць работу электроннай сістэмы, якая дазваляе весці ўлік дарожна-транспартных здарэнняў, маніторынг бяспекі дарожнага руху, а таксама параўнальны аналіз бяспекі дарожнага руху і планаваць адпаведныя мерапрыемствы. Шмат цікавага даведаліся выкладчыкі з Гомеля, пабываўшы ў Цэнтры маніторынгу транспартнага руху Рыма. Там яны пазнаёміліся з мэтамі, задачамі і інструментамі дзейнасці падраздзялення. Але асабліва цікавым было азнаямленне з праграмным забеспячэннем, якое дазваляе праводзіць маніторынг, аналіз і назапашванне даных па дарожным трафіку і ўносіць карэктывы ў работу святлафорных аб’ектаў.
Акрамя наведвання італьянскіх прадпрыемстваў, у Цэнтры транспарту і лагістыкі рымскага ўніверсітэта LaSapienza беларускія педагогі разам з італьянскімі спецыялістамі распрацоўвалі курс вучэбных дысцыплін, звязаных з бяспекай дарожнага руху, абменьваліся вопытам і назапашвалі матэрыялы для якаснага правядзення заняткаў.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.