Калекцыя на ўсе часы: у Парэцкай сярэдняй школе працуе ўнікальная рэтравыстава

- 12:02Видеосюжет, Новости

У Парэцкай сярэдняй школе Акцябрскага раёна ўнікальная рэтравыстава прадстаўляе савецкія ёлачныя цацкі і навагоднія паштоўкі. Падрабязна пра гэта — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Раней рытуал упрыгожвання навагодняй ёлкі быў адной з самых важных і запамінальных падзей у годзе. Ёлачныя цацкі ў кожнай сям’і лічыліся сапраўднымі каштоўнасцямі.

Дырэктар школы Аксана Паўловіч і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Матусевіч, паглыбіўшы ў святочную атмасферу галоўнага зімовага свята, расказалі, у чым асаблівасць экспанатаў, якія ўяўляюць не толькі мастацкую, але і гістарычную каштоўнасць. Педагогі штогод ствараюць экспазіцыю, якая дапамагае адчуць навагодняе чараўніцтва і перанесціся ў шчаслівае дзяцінства. Самыя розныя віды ўпрыгажэнняў выставы прывабліваюць не толькі школьнікаў, але і педагогаў.

— У нашым гістарычна-краязнаўчым музеі захоўваецца вялікая калекцыя паштовак і ёлачных цацак, — кажа Галіна Матусевіч. — Чаму мы іх захоўваем? Для нас гэта сапраўдная рэліквія. Дзякуючы рарытэтам можна прасачыць некаторыя моманты гісторыі краіны. Што тычыцца паштовак, то некалі іх па пошце даслалі ветэраны 130-й стралковай дывізіі, якія вызвалялі Акцябрскі раён і Парэцкі сельскі савет ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На адваротным баку кожнай паштоўкі можна прачытаць цэлыя гісторыі, пажаданні настаўнікам і навучэнцам, наказ — шанаваць і берагчы мір на зямлі.

 

Усё больш хочацца ўглядацца ў выявы Дзеда Мароза і персанажы са старых добрых мультыплікацыйных гісторый.

— Іх сюжэты змяняліся, адлюстроўваючы павевы часу, дасягненні краіны ў розных галінах, — перабіраючы ў руках яркія карткі, расказвае Аксана Паўловіч. — Нязменным заставалася адно: цёплая і душэўная атмасфера, якая ствараецца гэтымі выдатнымі «кавалачкамі шчасця». На іх выяўлены дзеці, зімовыя пейзажы, Дзед Мароз і Снягурка. Пазней асартымент значна папоўніўся, дабавіліся снегавікі, звяры, сюжэты казак. З’яўляюцца такія матывы, як асваенне космасу, на якіх Дзед Мароз змяніў тройку на касмічную ракету. З надыходзячым 1980 годам з паштовак глядзела медзведзяня, яно гуляла ў хакей, ішло побач з Дзедам Марозам, ехала на аўтамабілі або проста стаяла каля ёлкі. На большасці віншавальных картак таго часу красаваліся яловыя галінкі, бліскучыя шары, серпанцін, запаленыя свечкі, зімовыя пейзажы.

Сярод рэтрацацак настаўніца беларускай мовы і літаратуры паказвае самыя значныя: дзве ёлачныя цацкі з уласнай калекцыі. Дарэчы, унізе размяшчаецца заціск, дзякуючы якому яны мацаваліся на лясной прыгажуні. У тэматычнай экспазіцыі таксама размясціліся мілыя лясныя звяркі, побач шары, маленькія і вялікія рознакаляровыя шышкі, персанажы з казак.

— Беражліва захоўваючы гэтыя навагоднія аздабленні для ёлкі, вырашыла прынесці іх у школьны музей, каб кожнае дзіця змагло ўбачыць, як раней упрыгожваліся зімовыя прыгажуні з лесу да свята. А галоўнае, каб дзеці наглядна маглі прасачыць, як мяняліся стыль і якасць цацак з часам, — адзначае Галіна Сяргееўна.

Узяўшы ў рукі навагоднія паштоўкі ці цацкі, нараджаецца адчуванне свята, дзяцінства і, вядома, цуду!

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота і відэа аўтара