Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя з Ельшчыны Мікалай і Таццяна Пятроўскія натхняюць адно аднаго на новыя турніры і поспехі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У прафесію — разам
Па словах маіх суразмоўнікаў, яны абое карэнныя жыхары Ельшчыны. Пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў старшых класах, прычым вучыліся ў розных школах Ельска. Узаемная сімпатыя з цягам часу перарасла ў моцнае пачуццё. Разам паступілі ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна і на другім курсе пажаніліся.
— У маёй сям’і ніколі не было педагогаў. Бабуля і маці ўсё жыццё працавалі бухгалтарамі, і я таксама атрымала адукацыю бухгалтарскага кірунку. Але хутка зразумела, што для маёй актыўнай натуры гэтая работа занадта спакойная. Я люблю спорт, рух, азарт, у школе паспяхова займалася валейболам і лёгкай атлетыкай. Таму і прыняла рашэнне стаць настаўніцай фізічнай культуры і здароўя. Дарэчы, бацька і брат шмат гадоў гулялі ў раённай аматарскай футбольнай камандзе. А маці ў юнацтве займалася гімнастыкай,— дзеліцца Таццяна Валер’еўна.
— Калі я вярнуўся з арміі, Таццяна збіралася паступаць у педагагічны ўніверсітэт. Падумаўшы, вырашыў, што і мне гэта цікава. У школьныя гады фізкультура была ў ліку маіх любімых прадметаў, а яшчэ шмат гадоў займаўся самба. Пачалі рыхтавацца да паступлення разам. Так мы з Таццянай сталі аднагрупнікамі, а потым і калегамі, — адзначае Мікалай Уладзіміравіч.
Свой прафесійны шлях педагогі пачыналі ў аграгарадку Рамязы Ельскага раёна. Мікалай Пятроўскі — з Рамязоўскай сярэдняй школы, дзе працуе да гэтага часу ўжо 17 гадоў. Яго жонка — з Рамязоўскага дзіцячага сада. У адрозненне ад мужа, ёй давялося змяніць некалькі месцаў працы. Апошнія сем гадоў выкладае фізічную культуру і здароўе ў сярэдняй школе № 2 Ельска.
Адной дарожкай. Бегавой
У тым, што муж і жонка выкладаюць адзін і той жа вучэбны прадмет, ёсць і плюсы, і мінусы, адзначаюць мае суразмоўнікі. Складанасць у тым, што часам бывае цяжка пераключыцца дома на нешта іншае, бо ў размове зноў і зноў усплываюць працоўныя пытанні. Але станоўчых момантаў, зразумела, значна больш.
— У нас агульныя інтарэсы. Тэлетрансляцыі спартыўных спаборніцтваў з задавальненнем глядзім усёй сям’ёй, няма такога, што адзін хоча матч, а другі патрабуе пераключыць на серыял. Разам удзельнічаем у прафсаюзных спартыўных мерапрыемствах як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Кожнае лета ездзім на турзлёты, — расказвае Мікалай Пятроўскі.
— Мы лёгкія на пад’ём, шчыра ўлюбёныя ў спорт, у сваю прафесію. Гэта выдатна, калі заўсёды можна абмеркаваць з мужам нейкія прафесійныя нюансы, атрымаць слушную параду, падтрымку. А яшчэ мы дапамагаем адно аднаму развівацца. Так, я з дзяцінства вельмі люблю валейбол, а муж раней ім не асабліва цікавіўся. Але пачаў разам са мной хадзіць на трэніроўкі ў ельскі спартыўны комплекс і зараз стаў выдатным гульцом. У сваю чаргу ён перадаў мне сваю любоў да бегу на доўгія дыстанцыі. Мы некалькі разоў на тыдзень вечарамі робім сумесныя прабежкі, — заўважае Таццяна Пятроўская.
Сваю любоў да спорту яны перадалі і дзецям. Старэйшы сын Антон, студэнт факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ, любіць баскетбол, рэгулярна наведвае ўніверсітэцкі трэнажорны зал. Малодшаму сыну Мацвею 10 гадоў, ён займаецца футболам і настольным тэнісам у ДЮСШ, робіць першыя поспехі ў лёгкай атлетыцы, у зімніх відах спорту. Заўсёды ахвотна адпраўляецца разам з бацькамі і на бегавую дарожку, і на лыжню, і на каток.
Станоўча ўплывае педагагічны дуэт і на сваіх сяброў і знаёмых, уласным прыкладам далучаючы іх да здаровага ладу жыцця. Запрашаюць з сабой на прабежкі, на актыўныя гульні. Самыя цёплыя адносіны звязваюць Пятроўскіх з калегамі, настаўнікамі фізкультуры з іншых школ раёна. Адзначаюць, што іх спартыўная настаўніцкая суполка вельмі дружная, і яны рады быць яе часткай.
Мікалай і Таццяна Пятроўскія — актыўныя ўдзельнікі спартакіяд работнікаў сістэмы адукацыі, а таксама турыстычных злётаў.
Выхаванне спортам
Настаўнікі шмат укладваюць у сваіх вучняў і шчыра ганарацца іх поспехамі. Рамязоўская сярэдняя школа малакамплектная, так што Мікалай Уладзіміравіч працуе з кожным вучнем амаль у індывідуальным парадку, імкнучыся максімальна развіць яго здольнасці. Ён рыхтуе дзяцей да спаборніцтваў па 13 відах спорту. Найбольш паспяховыя вынікі навучэнцы дэманструюць у лёгкай атлетыцы, шахматах, шашках.
Сярэдняя школа № 2 Ельска — самая вялікая ў раёне, тут вучыцца каля 700 дзяцей. Выхаванцы Таццяны Валер’еўны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па 18 відах спорту. У гэтым годзе навучэнцы выйгралі па агульнакамандным заліку раённую спартакіяду, заваявалі прызавыя месцы на многіх іншых раённых турнірах. Не раз годна паказвалі сябе і на ўзроўні вобласці. Так, занялі 1-е месца на абласных спаборніцтвах па настольным тэнісе, па зімовым мнагаборстве. Перамогу заваявала іх аб’яднаная з ельскімі гімназістамі футбольная каманда.
— Калі дзеці з нашага невялікага гарадка заваёўваюць кубкі на вобласці, эмоцыі, якія мы перажываем, цяжка перадаць словамі! – падкрэслівае Таццяна Валер’еўна. — Спорт — гэта цэлы свет, і мне вельмі падабаецца дапамагаць навучэнцам адкрываць для сябе яго грані. Для мяне важна, каб ні адзін вучань не сядзеў падчас урока на лаўцы. Калі ён па сваіх схільнасцях не гулец, абавязкова найду іншую цікавую яму актыўнасць. Многія мае былыя вучні працягваюць сябраваць са спортам і пасля заканчэння школы, уваходзяць у валейбольныя каманды розных узроўняў. Расказваючы аб гэтым, яны шчыра гавораць “дзякуй”. У такія моманты чарговы раз упэўніваюся, што выбрала правільную прафесію!
— Люблю сваю работу за тое, што яна не дае сядзець на месцы, трымае ў тонусе. Кожны дзень прыносіць нешта новае. Разам з дзецьмі перажываю на спартыўных пляцоўках цэлую гаму пачуццяў. А яшчэ я бачу, які ў спорту вялікі выхаваўчы патэнцыял, як ён мяняе да лепшага кожнага, у тым ліку дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, — адзначае Мікалай Уладзіміравіч. — Асабліва прыемна, што некаторыя былыя вучні сталі маімі калегамі і зараз таксама выкладаюць дзецям фізічную культуру.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з архіва суразмоўнікаў