Калі ёсць толькі пераможцы

- 12:26Спартыўныя падзеі
Заўчора ў алімпійскім спартыўным комплексе “Стайкі” адбылася цырымонія закрыцця фіналу рэспубліканскай спартакіяды для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў спартакіяды. Фінальныя спаборніцтвы праходзілі з 24 па 26 верасня пры падтрымцы Беларускага камітэта “Спешыял Алімпікс” і Прадстаўніцтва дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

Такое мерапрыемства — традыцыйнае, яно арганізоўваецца сумесна Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Мэта спаборніцтваў — далучэнне асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця да здаровага ладу жыцця, фарміраванне і прыцягненне грамадскай увагі да праблем сацыяльнай адаптацыі і фізічнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі.
У цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў спартакіяды прымалі ўдзел намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч, начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.М.Змушко, кіраўнік Прадстаўніцтва дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Ю.В.Аксамітны, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі камітэт “Спешыял Алімпікс” В.М.Шутко.
Да ўдзелу ў спартакіядзе пасля правядзення медыцынскага абследавання былі рэкамендаваны навучэнцы, якія асвойваюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтым годзе школьнікі спаборнічалі па валейболе (вучні з цяжкімі парушэннямі маўлення і з цяжкасцямі ў навучанні), баскетболе (вучні з інтэлектуальнай недастатковасцю), лёгкай атлетыцы (вучні з парушэннямі слыху) і настольным тэнісе (вучні з парушэннямі зроку).

Спартакіяда праводзілася ў два этапы: I этап прайшоў да 15 верасня ў абласцях і Мінску і II этап — фінальныя спаборніцтвы сярод зборных каманд абласцей і Мінска — з 24 па 26 верасня. Спаборніцтвы ладзіліся ў адпаведнасці з зацверджанымі міжнароднымі федэрацыямі правіламі па тых відах спорту, што ўключала спартакіяда, а таксама з правіламі, распрацаванымі міжнароднай арганізацыяй “Спешыял Алімпікс Інтэрнэшнл” з улікам спецыфікі розных катэгорый дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Галоўны суддзя спартакіяды — суддзя міжнароднай катэгорыі і алімпійскі арбітр, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Эрнст Мікалаевіч Яроменка. На гэтай пасадзе ён з 1965 года, быў суддзёй на Алімпійскіх гульнях у Маскве ў 1980 годзе, а таксама вызначаў наймацнейшых на ўсіх рэспубліканскіх спартакіядах для дзяцей з АПФР, што праходзілі ў нашай краіне (сёлетняя спартакіяда — восьмая). Эрнст Мікалаевіч адзначыў, што ўзровень спартакіяд пастаянна расце, што дзеці паказваюць усё большае майстэрства і праяўляюць сапраўдную цікавасць да спаборніцтваў. Са 140 удзельнікаў сёлетняй спартакіяды ўсе былі добра падрыхтаваны.
Так, у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, якія праводзіліся асобна для хлопчыкаў і дзяўчынак, у бегу на 60 метраў першае месца ў Эліны Мухінай (Магілёўская вобласць) і ў Яўгена Малчуна (Гродзенская вобласць). У скачках у даўжыню з разбегу перамаглі Улада Зубракова (Магілёўская вобласць) і Альберт Сцешанок (Гомельская вобласць). Дарэчы, Улада паказала нават лепшы вынік, чым Альберт, — яна скокнула на 4 метры 27 сантыметраў. Добрыя вынікі школьнікі прадэманстравалі ў кіданні мяча — далей за ўсіх кінула мяч Вікторыя Лукомская з Гомельшчыны (на 33 метры 80 сантыметраў) і Аляксандр Цымбал з Мінскай вобласці (на 43 метры 70 сантыметраў). У бегу на 400 метраў першае месца зноў ва Улады Зубраковай і Яўгена Малчуна. Вынікі дзяцей у лёгкаатлетычных спаборніцтвах маглі б быць і лепшымі, калі б не дождж і вецер, якія не дазволілі ім выступіць на поўную сілу.

Удзельнікі спартакіяды, якія занялі першае месца ў асобных відах спорту, былі ўзнагароджаны медалямі першай ступені і прызамі Міністэрства спорту і турызму, а таксама дыпломамі і прызамі Міністэрства адукацыі. Тыя дзеці, якія занялі другое і трэцяе месцы, узнагароджаны медалямі адпаведных ступеняў Мінспорту, дыпломамі і прызамі Мінадукацыі.
Падведзены камандныя вынікі ў асобных відах спорту і ў агульнакамандным заліку, лепшыя каманды ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі. Памятным кубкам Мінспорту і дыпломам Мінадукацыі ўзнагароджана каманда Гродзенскай вобласці, якая заняла першае месца ў агульнакамандным заліку. Каманды Магілёўскай і Мінскай абласцей (2 і 3 месца ў агульнакамандным заліку) таксама ўзнагароджаны дыпломамі Мінадукацыі.
Трэнерам, якія падрыхтавалі пераможцаў і прызёраў спартакіяды, уручаны дыпломы Міністэрства адукацыі адпаведных ступеняў.
Напрыканцы цырымоніі ўсіх пераможцаў і ўдзельнікаў спаборніцтваў павіншавалі выхаванцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Юныя спартсмены наведалі таксама прадстаўленне ў Белдзяржцырку.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.