Каманда аднадумцаў здольная на многае

- 16:22Навіны рэгіёнаў, Рознае
Сёння наўрад ці знойдзецца чалавек, які на пытанні “Што такое каманда?”, “Якую ролю яна адыгрывае ў дзейнасці прафесійных калектываў, рэалізацыі праектаў ды і проста ў жыцці?” затрымаецца з адказам. Сапраўды, камандны падыход вылучаецца эфектыўнасцю — дзякуючы актыўнасці ўдзельнікаў, грунтоўнасці ў прыняцці рашэнняў, адказнасці за атрыманыя вынікі. Каманда аднадумцаў здольная генерыраваць станоўчую ідэю, выпрацаваць план дзейнасці, вызначыць неабходныя рэсурсы і давесці задуманае да завяршэння.

У межах кароткачасовага праекта “Адукацыя дарослых у Слуцкім раёне: работа рэгіянальнай каманды”, які быў ажыццёўлены Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама ў студзені 2014 года, быў атрыманы вопыт стварэння каманды з прадстаўнікоў устаноў адукацыі, культуры і сацыяльнай сферы. Гэтая ідэя ўзнікла падчас правядзення РГА “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” конкурсу міні-праектаў у межах праекта “Обучающийся регион: образование для всех поколений”, які ажыццяўляецца пры садзейнічанні Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschule-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь і Праграмы падтрымкі Беларусі.
На наш погляд, адукацыя дарослых з’яўляецца адным з фактараў устойлівага развіцця рэгіёна. Даволі часта прадстаўнікі ўстаноў сацыяльнай і гуманітарнай сферы выконваюць работу, якая характарызуецца тэрмінамі “асветніцтва”, “добраахвярнасць”, “адукацыя дарослых”. Каб навучыцца бесканфліктнаму спосабу міжасобаснай камунікацыі, палегчыць узаемаразуменне паміж прадстаўнікамі розных структур, усвядоміць ролю лідара ў камандзе, атрымаць пэўны досвед мадэлявання праектаў, у Слуцку прайшоў семінар “Роля рэгіянальнай каманды ў адукацыі дарослых”.
Першы дзень яго работы быў прысвечаны такім аспектам, як лідарства, партнёрскае ўзаемадзеянне, валанцёрства, уменне дамаўляцца. Як вядома, пры рэалізацыі дзеянняў, накіраваных на вырашэнне мясцовых праблем і развіццё супольнасці, супрацоўніцтва і стварэнне партнёрскіх саюзаў, кааліцый, асацыяцый часта з’яўляюцца адным з надзейных сродкаў дасягнення поспеху. Абмен рэсурсамі, кааперацыя, каардынацыя — гэта далёка не поўны, але галоўны інструментарый сацыяльнага партнёрства. Але ніводны партнёрскі саюз альбо аб’яднанне не будуць эфектыўна працаваць без каманды аднадумцаў на чале з лідарам.
Удзельнікі семінара разгледзелі тэорыі лідарства, паразважалі над тым, якімі якасцямі павінен валодаць лідар, што і як ён павінен рабіць, якія звычкі і якасці перашкаджаюць быць лідарам. Вельмі карысным для гэтага стала практыкаванне “Сняданак з героем”, а таксама абмеркаванне тэксту “Вандроўка з дзікімі гусямі”. Дарэчы, пры выкананні апошняга група высвятляла цікавыя моманты ў паводзінах гусей, шукала прычыны эфектыўнасці гусінага кліна, а потым пераносіла алгарытм птушынай чарады на свой калектыў: ці адчувае сябе чалавек гэтак жа надзейна ў групе, як гусь у кліне, ці гатовы хто-небудзь заняць месца лідара, калі гэта спатрэбіцца, што дае яму падставу думаць такім чынам. Дыскусійным стаў і этап работы, звязаны з абмеркаваннем тэмы “Валанцёрства: модны брэнд альбо грамадская неабходнасць?”. Удзельнікі семінара прааналізавалі свой вопыт добраахвотніцтва, пазнаёміліся з гісторыяй валанцёрскага руху, з сённяшнім становішчам валанцёрскай дзейнасці ў Францыі, Германіі, Японіі. Цікавым стала знаёмства з дзейнасцю існуючых у Беларусі валанцёрскіх арганізацый, практыкай ажыццяўлення валанцёрскіх праектаў, маладзёжных валанцёрскіх летнікаў. Практычнае заданне, накіраванае на пошук спосабаў прыцягнення валанцёраў, вырашала задачу актывізацыі арганізатарскіх, творчых і камунікатыўных здольнасцей слухачоў. Падчас абмеркавання гэтай тэмы высветлілася, што і ў Слуцку існуе валанцёрскі праект па выратаванні пакінутых свойскіх жывёл.
Напрыканцы дня ўдзельнікі семінара засяродзіліся на ўменні дамаўляцца. Высветліўшы, што паміж словамі “слухаць” і “чуць” існуе розніца, распачалі работу над асноўнымі складнікамі гэтага ўмення: канкрэтыка ў просьбах, татальнае “так”, канструктыўнае слуханне, выказванні без канфліктагенаў. Ацаніць праведзены дзень дапамагла гульня “Люстэрка задняга агляду”, калі кожны ўдзельнік адрэфлексаваў групавую згуртаванасць і свой уд зел у калектыўнай рабоце.
Досыць насычаным атрымаўся і наступны дзень семінара, калі пасля тэарэтычнага агляду сутнасці праектнай дзейнасці, асноўных этапаў і інструментаў стварэння праекта ўдзельнікі прыступілі да выяўлення праблем, актуальных для Слуцкага рэгіёна. Сярод іх: небяспечнае становішча з павелічэннем наркатычнай і алкагольнай залежнасці сярод моладзі, распаўсюджванне курыльных сумесей сярод падлеткаў, забруджанасць пад’ездаў у шматкватэрных дамах і інш. Падзеленыя на групы, слухачы малявалі “дрэвы праблем”, пераўтваралі іх у “дрэвы мэт”, прадумвалі план дзеянняў і мерапрыемстваў, неабходныя для рэалізацыі праектаў матэрыяльныя, інфармацыйныя, чалавечыя рэсурсы.
Агульнай думкай было тое, што трэба засяродзіць увагу на павышэнні медыяграматнасці сярод дзяцей і дарослых, фарміраваць у іх крытычныя адносіны да інфармацыі, якая транслюецца праз інтэрнэт і рэкламу. Шэраг трэнінгаў па выпрацоўцы цвёрдай асабістай пазіцыі, умення сказаць катэгарычнае “Не!” таксама паспрыяе аздараўленню сітуацыі, звязанай з вышэйадзначанымі праблемамі. А праект, накіраваны на навядзенне чысціні ў дамах, сярод відавочных станоўчых вынікаў паспрыяе і ўмацаванню добрасуседскіх адносін, фарміраванню згуртаванага супольніцтва.
Пры падвядзенні вынікаў семінара быў выкарыстаны прыём “Выспы”: з дапамогай уяўлення ўдзельнікам было прапанавана выбраць адну з намаляваных выспаў, якія значыліся пад назвамі “Актыўнасць”, “Альтруізм”, “Расчараванне”, “Бязлюдны”. “Прыплыўшы” да вострава, група каменціравала свой выбар, абапіраючыся на ўражанні ад двух дзён семінара, атрыманыя веды, дыдактычныя распрацоўкі, вынікі практычнай работы. Дарэчы, тыя, хто трапіў на бязлюдны востраў, далі яму іншую назву — востраў Сяброўства.
Вядучыя семінара, супрацоўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Калістратава і Алена Радзевіч, атрымалі задавальненне ад знаёмства і прадукцыйнай работы мэтанакіраванай групы прадстаўнікоў устаноў адукацыі і культуры вёскі Лучнікі, аграгарадкоў Мялешкі і Вежы Слуцкага раёна, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, устаноў адукацыі і культуры Слуцка, Слуцкага раённага выканаўчага камітэта. Семінар закончыўся, але адукацыя дарослых у Слуцкім раёне будзе працягвацца, і мы спадзяёмся, што станоўчы ўклад у гэты кірунак зроблены.

Алена КАЛІСТРАТАВА,
начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.