Пасля рэканструкцыі адкрылася школа ў вёсцы Глазаўка Буда-Кашалёўскага раёна. Такі падарунак атрымалі вучні Глазаўскай сярэдняй школы да пачатку другой чвэрці.
Тры гады назад дах школы прызналі аварыйным. Распрацавалі праектна-каштарысную дакументацыю на капітальны рамонт будынка з элементамі мадэрнізацыі. Сродкі для правядзення рэканструкцыі былі выдзелены ў межах дагавора паміж Беларуссю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Работы пачаліся сёлета ў красавіку.
Дах замянілі цалкам, мадэрнізавалі харчаблок, спартзалу, падлогу ў калідорах, вентканалы, электраправодку і асвятленне. Дырэктар школы Таццяна Цітарэнка расказвае, што, калі аварыйную школу закрылі, вучняў і педагогаў размеркавалі па навучальных установах у іншых населеных пунктах:
— Я ўдзячна калегам за разуменне і цёплы прыём. Упэўнена, што настаўнікам у новай школе будзе камфортна працаваць, а вучням — атрымліваць веды.
Дзеці рады займацца ў прасторных светлых класах. Тут ёсць сталовая, спартыўная зала, шахматы з шашкамі ў калідоры. Цяпер у Глазаўскай сярэдняй школе вучацца 55 дзяцей з пяці населеных пунктаў, што знаходзяцца побач. Вучаць іх 17 педагогаў. Дзеці нязменна паказваюць добрыя вынікі на алімпіядах і творчых конкурсах рознага ўзроўню. Да таго ж раённыя ўлады падарылі вясковай установе адукацыі сертыфікат на суму ў тысячу рублёў на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Тым часам у Гомелі адзначыла 95-гадовы юбілей сярэдняя школа № 2 імя Георгія Склязнёва. Гісторыя гэтай установы бярэ пачатак у 1926 годзе, калі дзевяцікласная школа імя Кастрычніцкай рэвалюцыі і пачатковая імя Фрыдрыха Энгельса былі аб’яднаны ў новым двухпавярховым будынку. У 1941 годзе тут быў арганізаваны знішчальны батальён па ліквідацыі варожых дэсантаў. Да свайго звычайнага жыцця школа вярнулася ў 1943 годзе.
На фасадзе будынка — памятная дошка з імёнамі славутых выпускнікоў. Установу заканчвалі Героі Савецкага Саюза Георгій Склязнёў, Юрый Шандалаў і Іван Каленікаў, а таксама воін-інтэрнацыяналіст Аляксандр Навасёлаў, які загінуў у Афганістане. Іх памяць ушанавалі на ўрачыстым мітынгу.
Гордасць школы — ваенна-патрыятычныя класы. Іх вучні нясуць вахты памяці, сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікамі баявых дзеянняў. Дырэктар Вольга Судакова расказвае, што зараз тут вучыцца 828 дзяцей:
— Яны не даюць сумаваць, не даюць адчуць нам свой узрост і ўзрост школы. У нас заключаны дагавор з Гомельскай пагранічнай групай. Таксама з 2017 года мы супрацоўнічаем са школай № 2 Клінцоў Бранскай вобласці.
За плённую працу ў міратворчай галіне і выхаванне падрастаючага пакалення гомельская школа № 2 атрымала юбілейны медаль Фонду міру і грашовы сертыфікат на развіццё школьнага музея.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.




















