Камп’ютар без разеткі

- 11:26Віцебшчына

У майстэрні тэхнічнага канструявання

У верасні 2017 года ў Оршы адбылася радасная падзея: для малышоў гасцінна расчыніў дзверы яслі-сад № 46. Установа адукацыі разлічана на 200 месцаў. Тут створаны выдатныя ўмовы для атрымання дзецьмі дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі: ёсць басейн, студыя выяўленчага мастацтва, спартыўная і музычная залы.

“З моманту адкрыцця ясляў-сада ад бацькоў сталі паступаць заяўкі на атрыманне платных дадатковых адукацыйных паслуг, — расказала загадчык сада Аксана Уладзіміраўна Жукоўская. — Пры арганізацыі гэтай работы праблема заключалася ў тым, каб знайсці высокакваліфікаваных педагогаў, якія змаглі б матываваць дзяцей, падаваць матэрыял у цікавай гульнявой форме і дасягаць вынікаў. У дзіцячы сад прыйшлі выхавальніца Таццяна Леанідаўна Куцэбан, якая вядзе гурток “Камп’ютар без разеткі”, Наталля Рыгораўна Здраеўская, якая праводзіць заняткі па фізічным выхаванні і кіруе гуртком “Дзіцячы фітнес”, Алена Леанідаўна Віленская, якая займаецца з дзецьмі ў гуртку “Харэаграфія”, і Наталля Віктараўна Баркавец, якая праводзіць заняткі ў творчай майстэрні (адукацыйная галіна “Мастацтва”). Выхаванцы ясляў-сада з задавальненнем наведваюць дадзеныя гурткі, радуюць нас сваімі поспехамі.

З 2018 года ў нас асабліва папулярнымі сталі заняткі ў майстэрні тэхнічнага канструявання “Камп’ютар без разеткі”.

Мэтай адкрыцця дадзенага гуртка стала падрыхтоўка дзяцей да засваення камп’ютарнай пісьменнасці і магчымасці ў далейшым наведваць гурткі па праграме “Адукацыйная робататэхніка”, у тым ліку падрыхтоўка да заняткаў па праграмаванні ў асяроддзі Scratch. У гуртку “Камп’ютар без разеткі” дашкольнікі развіваюць прасторавае і алгарытмічнае мысленне, зрокава-рухальную каардынацыю, дробную маторыку рук, фантазію і творчае ўяўленне. Заняткі праводзяцца ў гульнявой форме з выкарыстаннем канструктара LEGO, абавязкова з музычным суправаджэннем і прыцягненнем мультымедыйнай тэхнікі.

Творчай групай намеснікаў загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольных устаноў Оршы былі распрацаваны канспекты заняткаў па дадзеным напрамку на навучальны год для дзяцей ва ўзросце 5—6 гадоў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.