Казкатэрапія як метад эмацыянальнай падтрымкі, ці Гаворым з дзіцем на зразумелай яму мове

- 17:04Новости, Психолог в школе

Усе мы з дзяцінства ведаем радкі з верша А.С.Пушкіна “Казка пра Залатога пеўніка”: “Казка няпраўда, ды ў ёй намёк, добрым малайцам урок”. Яны гавораць аб тым, што з казкі трэба здабыць схаваны сэнс, зразумець, што правільна і няправільна, навучыцца на чужых памылках. Кожная ж казка абавязкова нясе павучальны сэнс.

Ва ўсе часы і бацькі, і педагогі задаваліся пытаннем, як размаўляць з дзіцем, каб тое, што яны гавораць, было яму зразумела і прымушала думаць самастойна. Даўно вядома, што мова, якую мы выкарыстоўваем, аказвае істотны ўплыў на тое, ці дасягнём мы ­разумення з нашым суразмоўнікам. Важна, каб гэтая мова была зразумелая, ясная і падыходзіла абодвум бакам. Але як знайсці мову, якую дзіця будзе ахвотна слухаць і якая стымулюе яго ўстанавіць узаемаразуменне з дарослымі?

Добрым метадам можа быць выкарыстанне мовы казак. Калі мы хочам пачаць з дзіцем размову на важную і, магчыма, цяжкую тэму, мы можам выкарыстоўваць казкатэрапію. Яна дазваляе дзіцяці не толькі пашырыць веды па зададзенай тэме, але і справіцца з эмоцыямі і знайсці падказкі, як паво­дзіць сябе ў складанай сітуацыі.

Казкатэрапія — метад эмацыянальнай падтрымкі, які падабаецца дзецям, можа даць веды аб эмоцыях, адносінах з іншымі людзьмі і спосабах справіцца з цяжкімі сітуацыямі, паказаць карысныя мадэлі паводзін.

Вытокі “лячэбных”, ці “гаючых”, казак узыходзяць да глыбокай старажытнасці, калі розныя гісторыі выкарыстоўваліся для перадачы жыццёвай мудрасці і пазнання свету. Аднак казкі як тэрапеўтычны метад сталі выкарыстоўваць толькі ў ХХ стагоддзі. Першапачаткова іх выкарыстоўвалі пераважна з дзіцячай псіхатэрапіі, але з часам іх каштоўнасць стала цаніцца і ў рабоце з дарослымі. Сёння псіхалагічныя казкі з’яўляюцца важным элементам многіх форм тэрапіі і развіцця асобы.

Псіхалагічныя казкі — гэта асаб­лівы від казак, створаны не проста для забавы, але і для аказання дапамогі дзецям у вырашэнні псіхалагічных праблем.

Казкі пра эмоцыі адыгрываюць важную ролю ў развіцці дзяцей, асабліва ў дашкольным узросце:

  1. Устанаўленне сувязей паміж бацькамі і дзецьмі. Сумеснае чытанне і перажыванне ­праблем казачных персанажаў збліжаюць і дазваляюць дасягнуць узаемаразумення.
  2. Дзіця вучыцца спраўляцца з уласнымі эмоцыямі. Псіхалагічныя казкі паказваюць, што ўсе эмоцыі неабходныя і нармальныя. Яны таксама могуць дапамагчы дзіцяці зразумець, што яно не адзінокае, таму што не адзінае, хто змагаецца з “гэтымі” праблемамі. Псіхалагічныя казкі дапамагаюць справіцца з цяжкімі эмоцыямі, дабаўляюць упэўненасці ў сабе і змяншаюць трывожнасць.
  3. Вучыць называць і выказваць уласныя эмоцыі і патрэбы. Дзіця, якое не развіло такія навыкі, падвяргаецца неразуменню з боку навакольных.
  4. Дзіця вучыцца паводзінам, якія карысныя для яго. Казкі паказваюць, чаму карысна актыўна праводзіць час, займацца спортам, правільна харчавацца ці ставіцца да іншых з павагай. Усё гэта дазваляе дзіцяці клапаціцца пра сваё здароўе, дабрабыт і адносіны з навакольнымі. Калі дзіця чытае старанна адабраныя творы, яно атрымлівае магчымасць навучыцца ўстанаўліваць межы і захоўваць асабістую бяспеку. На самай справе няма тэмы, якую нельга было б абмеркаваць у псіхалагічнай казцы.
  5. Дзіця знаходзіць спосабы справіцца з цяжкай сітуацыяй. Дзіця вывучае стратэгіі, якія яно можа выкарыстоўваць у праблемнай сітуацыі, з якой яно змагаецца. Напрыклад, калі чакае цяжкая размова з сябрам, бацькі мо­гуць узяць адну з казак пра настойлівасць ці сяброўства.
  6. Каб дапамагчы дзіцяці паступова прывыкнуць да складанай сітуацыі, якая выклікае трывогу, бацькі могуць чытаць дзіцяці тэрапеўтычныя казкі, напрыклад, калі дзіця збіраецца ў бальніцу, упершыню наведвае стаматолага ці ідзе ў дзіцячы сад.
  7. Развіццё ў дзіцяці новых навыкаў. Тэрапеўтычныя казкі могуць мець і практычнае вымярэнне, напрыклад, вучаць гаварыць “не”, знаходзіць сяброў або даглядаць свойскую жывёлу.
  8. Зніжэнне моцных і складаных для дзіцяці эмацыянальных рэакцый на канкрэтныя сітуацыі. Дзіця на руках у маці або бацькі можа паглядзець на тое, што яго хвалюе, крыху па-іншаму. Шматразовае паўтарэнне гісторыі пра сітуацыю таксама дазваляе вам дыстанцыравацца ад яе. Такім чынам дзіця можа прывыкнуць, напрыклад, да першых публічных выступленняў, скажам, да выступленняў да­школьнікаў перад аўдыторыяй.
  9. Дзіця вучыцца паказваць іншым разуменне сваіх эмоцый. Гэта адбываецца, калі ў казках паказаны эмацыянальны свет іншых людзей. Дзіця, якое пачула пра тое, наколькі цяжкай можа аказацца сітуацыя для іншага дзіцяці, дзе хтосьці, напрыклад, смяецца з яго падзення, можа ўстрымацца ад такой рэакцыі, нават калі раней яму гэта здавалася смешным. Магчыма, цяпер дзіця захоча падысці да такога чалавека і прапанаваць дапамогу. Псіхалагічныя казкі дазваля­юць дзецям зразумець, што могуць адчуваць іншыя і што мы па-рознаму рэагуем на адны і тыя ж сітуацыі.
  10. Развіваем уяўленне дзіцяці і мову, якую яно выкарыстоўвае. Калі мы чытаем, мы ствараем у галаве вобразы месцаў, персанажаў і сітуацый, што стымулюе і развівае наша ўяўленне. Слухаючы казкі, прачытаныя дарослым, дзіця мае магчымасць вывучыць і запомніць новыя словы.
  11. Робяць навучанне больш вясёлым і захапляючым. Казкі — гэта займайльны і цікавы спосаб пазнаёміць дзяцей з рознымі эмоцыямі. Дзеці з задавальненнем слухаюць казкі і лёгка запамінаюць інфармацыю, якая ў іх прадстаўлена.

Варта памятаць, што не толькі псіхалагічныя казкі могуць дапамагчы дзецям набыць апісаныя вышэй навыкі. Звычайныя казкі таксама часта маюць гэтую сілу.

Прыклады казак пра эмоцыі

  • “Золушка”. Вучыць цярпенню, працавітасці і дабрыні.
  • “Брыдкае качаня”. Вучыць прымаць сябе такім, які ты ёсць, і не баяцца быць іншым.
  • “Церамок”. Вучыць сяброўству, узаемадапамозе і таму, што разам можна справіцца з любой праблемай.
  •  “Вожык у тумане”. Ву­чыць не баяцца цемнаты, давяраць сваім пачуццям і ісці за сваёй марай.
  • “Маша і мядзведзь”. Вучыць паслухмянасці, павазе да старэйшых і таму, што за свае ўчынкі трэба адказ­ваць.

Як выкарыстоўваць казкі пра эмоцыі з дзецьмі:

  1. Выбірайце казкі, якія адпавядаюць узросту і інтарэсам дзіцяці.
  2. Чытайце ці расказвайце казкі выразна, каб дзіця магло лепш адчуць эмоцыі герояў.
  3. Абмяркоўвайце з дзіцем прачытанае ці пачутае. Задавайце яму пытанні пра тое, як яно разумее пачуцці герояў, і як бы яно паступіла на іх месцы.
  4. Выкарыстоўвайце казкі як нагоду для гульняў. Гэта дапаможа дзіцяці замацаваць атрыманыя веды і навыкі.
  5. Чытайце казкі дзецям рэгулярна. Чым больш дзіця будзе кантактаваць з казкамі пра эмоцыі, тым лепш яно бу­дзе іх разумець і спраўляцца з імі ў рэальным жыцці.

Выбар прыдатных псіхалагічных казак для вашага дзіцяці спачатку можа здацца крыху складаным, але памятайце, што самае галоўнае — адаптаваць выбар да індывідуальных патрэб і ўзросту вашага дзіцяці.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 161 Мінска,

кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна Мінска

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі