Крыху больш за тыдзень застаецца да пачатку ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пройдзе з 1 па 8 лістапада. Зразумела, што цяпер для арганізатараў форуму настала самая гарачая пара – удакладняюцца папярэдне дасягнутыя дамоўленасці, канчаткова шліфуецца праграма, правяраецца гатоўнасць кіназалаў, узмоцнена маніторацца чаканні гледачоў… Але, галоўнае, вядома адно: фестываль адбудзецца, як кажуць, пры любым, нават самым неспрыяльным лістападаўскім надвор’і. Надоечы арганізатары ХХ ММКФ “Лістапад” адкрылі журналістам некаторыя падрабязнасці правядзення сёлетняга фестывалю.
Па словах першага намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Карачэўскага, сёлетні “Лістапад” будзе адзначаны шэрагам знакавых падзей. “Па-першае, паколькі кінафестываль сёлета юбілейны (праводзіцца ў дваццаты раз), мы падвядзём пэўныя вынікі і будзем глядзець, як мы сёння працуем і што ў нашай рабоце за апошніх дваццаць гадоў змянілася. Па-другое, сёлета адзначае сваё 85-годдзе кінастудыя “Беларусьфільм”. І, нарэшце, па-трэцяе, у гэтым годзе спаўняецца 40 гадоў беларускай анімацыі. Такое шчаслівае супадзенне трох юбілейных дат па-свойму ярка адаб’ецца на праграме форуму, — заўважыў на прэс-канферэнцыі Уладзімір Карачэўскі. — У прыватнасці, нацыянальная кінастудыя рыхтуе спецыяльную экспазіцыю і яшчэ многа іншых сюрпрызаў. Надзвычай шырока будзе прадстаўлена на форуме айчынная мультыплікацыя. А ў найбліжэйшы час адбудзецца цырымонія гашэння юбілейнай серыі паштовых марак, прысвечаных 40- годдзю беларускай анімацыі”.
Першы намеснік міністра культуры таксама паведаміў журналістам пра галоўны канцэптуальны акцэнт сёлетняга “Лістапада”: “За гады правядзення фестывалю хто толькі ў нас ні пабываў! Гэта і практычна ўсе вядомыя расійскія кіназоркі, і такія гранды сусветнага кінематографа, як Эмір Кустурыца, Арнэла Муці, Кшыштаф Занусі і многія іншыя. У гэтым жа годзе мы зробім упор не на зорных гасцей і медыйных персон, а на кінамастацтва як такое. Паверце, праграмныя дырэктары фестывалю зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб у Мінск былі прывезены самыя яркія і актуальныя кінастужкі з усяго свету. І мне здаецца, мы павінны парадаваць нашага беларускага гледача”.
А радасць гэтая пачнецца ўжо з цырымоніі адкрыцця ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, якая адбудзецца 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі. Цырымоніі па традыцыі будзе папярэднічаць праходжанне ганаровых гасцей і ўдзельнікаў форуму па чырвонай дарожцы. А сама ўрачыстая дзея адкрыцця, рэжысёрам якой выступіў малады выкладчык кафедры рэжысуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзмітрый Сергейчук, безумоўна, не абыдзецца без вітальных слоў у адрас фестывалю ад кіраўніка нашай дзяржавы і замежных сяброў форуму, яскравых канцэртных нумароў і ўручэння спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Уладзімір Карачэўскі не стаў выдаваць прадстаўнікам медыя імя будучага ўладальніка гэтага прыза, каб не забіваць інтрыгу. Толькі прыадкрыў тайну — гэта будзе прадстаўнік кінематографа, які ствараецца на прасторах Еўрапейскага Саюза. Падзеі, якія будуць адбывацца на чырвонай дарожцы і падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця, будуць трансліравацца на вялікіх экранах Палаца Рэспублікі.
Фільмам жа адкрыцця ХХ ММКФ “Лістапад” стане біяграфічная драма “Параджанаў” рэжысёраў Сержа Аведзікяна і Алены Фяцісавай — вынік сумеснай працы кінематаграфістаў Украіны, Грузіі, Арменіі, Францыі. Менавіта з гэтымі краінамі быў цесна звязаны лёс выбітнага рэжысёра постсавецкай прасторы Сяргея Параджанава. Фільм расказвае пра няпросты жыццёвы і творчы шлях Майстра: вялікае кіно, канфлікт з савецкай таталітарнай сістэмай, турма, міжнароднае прызнанне… Стужка намініравана на прэмію “Оскар-2014” ад Украіны.
Уся палітра сёлетняга “Лістапада” заіскрыцца сваімі разнастайнымі фарбамі ў межах конкурсных і шматлікіх пазаконкурсных праграм і спецыяльных паказаў. Як і ў мінулыя гады, адбудуцца асноўны конкурс ігравога кіно, конкурс ігравога кіно “Маладосць на маршы”, асноўны конкурс дакументальнага кіно, конкурс маладога дакументальнага кіно (конкурс нацыянальных кінашкол) і конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”. Але, па словах праграмнага дырэктара ігравога кіно Ігара Сукманава, адметнасцю “Лістапада-2013” стане той факт, што ў адрозненне ад ранейшай практыкі, калі на фестываль запрашаліся карціны, знятыя за апошнія 2-3 гады, сёлета будуць паказаны пераважна фільмы 2013 года. Дасягнуць гэтага было вельмі няпроста — штогод у розных кутках свету праводзяцца сотні і нават тысячы кінафорумаў. Тым больш прыемна было арганізатарам “Лістапада” ўбачыць многія стужкі, адабраныя для паказу ў Мінску, у лонг-лісце прэміі “Оскар”. “Мы змагаліся за вельмі многія карціны. Я шчаслівы, што практычна ўсё, што мы хацелі, атрымалася. Цягам фестывальнага тыдня мы зробім адмысловы творчы марш-кідок — прапануем нашаму гледачу толькі лепшае аўтарскае кіно”, — не хаваў эмоцый Ігар Сукманаў. Вось некаторыя на сёння ўжо дакладна вядомыя факты ў сувязі з правядзеннем сёлетніх “лістападаўскіх” конкурсаў.
Упершыню ў асноўным конкурсе ігравога кіно прыме ўдзел стужка, створаная кітайскімі (разам з японскімі і французскімі) кінематаграфістамі. Ад Беларусі ў конкурсе будзе прадстаўлены фільм Канстанціна Лапушанскага “Роля” — чорна-белая арт-хауснае кіно, вынік сумеснай работы кінастудый “Беларусьфільм”, “Пралайн-медыя”, “Ленфільм” (Расія), BUFO STUDIO (Фінляндыя) і SIGMA H.V.e K (Германія). Свой фільм на конкурс “Вечнае вяртанне” прадставіць сама Кіра Муратава. А журы асноўнага конкурсу ігравога кіно ўзначаліць расійскі рэжысёр Аляксандр Зяльдовіч, удзельнік кінафестываляў у Венецыі і Берліне, нашаму гледачу вядомы найперш па такіх работах, як “Масква” і “Мішэнь”.
Старшынёй журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лiстападзiк”, які па традыцыі пройдзе ў кінатэатры “Піянер” з 2 па 5 лістапада, стане Галіна Данэлія, рэжысёр, актрыса, жонка Георгія Данэліі, прэзідэнт фонду Георгія Данэліі і генеральны дырэктар галерэі “Пан-Дан”. А адкрые “Лістападзік”, у рамках якога сёлета будуць паказаны 9 стужак, трэці ігравы поўнаметражны фільм рэжысёра Алены Туравай “Кіндэрвілейскі прывід” (вытворчасць кінастудыі “Беларусьфільм”), зняты па матывах навелы Аскара Уайльда “Кентэрвільскі прывід”.
У асноўным конкурсе дакументальнага кіно наша краіна будзе прадстаўлена фільмам Галіны Адамовіч “Музыка ваенная”. У конкурсе маладога дакументальнага кіно паспаборнічаюць нацыянальныя кінашколы, прадстаўленыя Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, Вышэйшай школай кіно і тэлебачання імя Конрада Вольфа (Патсдам, Германія), Вышэйшай нацыянальнай школай аўдыявізуальных мастацтваў La femis (Парыж, Францыя), Лонданскай кінашколай і Акадэміяй тэатра, радыё, кіно і тэлебачання пры ўніверсітэце Любляны.
Пазаконкурсны ж блок сёлетняга “Лістапада” — гэта цэлы калейдаскоп усемагчымых кірункаў айчыннага і сусветнага кінематографа на сучасным зрэзе і ў рэтраспектыве. Так, напрыклад, беларускія кінагурманы змогуць пазнаёміцца з творчасцю такіх выбітных рэжысёраў аўтарскага кіно, як францужанка Клэр Дэні і філіпінец Брыльянта Мендоса. У рамках фестывалю пройдзе і ўнікальная рэтраспектыва, складзеная з класікі беларускага кіно з калекцыі Дзяржфільмафонду Расіі. Гэта такія культавыя стужкі, як “Кастусь Каліноўскі” Уладзіміра Гардзіна (1928), “У агні народжаная” Уладзіміра Корша-Сабліна (1930), “Прастытутка (Забітая жыццём)” Алега Фрэліха (1927). Своеасаблівай спробай увесці ў тканіну фестывалю секцыю маладзёжнага кампуса стане праграма дыпломных і курсавых работ студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў “КіноАрт па-беларуску”.
У рамках пазаконкурснай праграмы дакументальнага кіно будуць паказаны лепшыя фільмы Кракаўскага міжнароднага кінафестывалю і фінскага кінафоруму DocPoint. Упершыню будзе арганізавана праграма музычных дакументальных фільмаў. Студыя “Летапіс” Беларусьфільма прадставіць дзве нацыянальныя кінапрэм’еры — “Андрэй Такінданг. Спынюся на сярэдзіне” Ігара Чышчэні і “Крокі над вадой” Юрыя Цімафеева. “Беларускі відэацэнтр”, які нядаўна стаў структурным падраздзяленнем Беларусьфільма, парадуе гледачоў такімі стужкамі, як “Уладзімір Цэслер. Чыз!” Генадзя Рабцава, “Гісторыя беларускай кухні” Аляксея Раковіча і “Мы ёсць” Зоі Катовіч. Арганізатары ХХ ММКФ “Лістапад” вызначылі яго слоган як “In kino veritas”, па-свойму абыграўшы вядомае лацінскае выслоўе. Значыць, трэба спадзявацца, будзе кіно вытрыманае, высакароднае, сапраўды разлічанае на тых, хто зможа па заслугах ацаніць працу “кінаробаў”. І піць-глядзець-смакаваць яго трэба будзе адпаведна… маленькімі глыткамі. Каб запомнілася на ўвесь наступны год.