Кіраўнік аддзела адукацыі Глускага раёна Аляксандр Леўчанка — пра студатрады, аздараўленне дзяцей і іншае

- 13:20Планерка

Цёплым летнім днём завіталі ў г.п.Глуск Магілёўскай вобласці. У школьнікаў канікулы ў самым разгары, а ў педагогаў — гарачая працоўная пара. Пра надзённыя справы сістэмы адукацыі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Глускага райвыканкама Аляксандр Леўчанка.

У пачатку нашай сустрэчы Аляксандр Аляксандравіч паказвае мне чыстыя і ўтульныя вулачкі Глуска:

— Гэты край мне родны: тут я нара­дзіўся і вырас, ведаю кожную сцяжынку, лес, нашу рэчку Пціч. А лясы ў нас якія грыбныя! Мая мэта — каб нашы глускія дзеці таксама любілі гэтыя мясціны, каб ім тут добра жылося і, вядома, вучылася. Каб пасля атрымання адукацыі ім захацелася сюды вярнуцца працаваць. На гэтай пасадзе я ўжо трэці год. Лічу, сімвалічна, што мой першы працоўны дзень тут пачаўся 1 чэрвеня — у Дзень абароны дзяцей.

Кіраўнік аддзела па адукацыі прызнаецца: менавіта лета для яго — самая гарачая пара. Трэба не толькі падрыхтаваць да верасня школы і дзіцячыя сады, зрабіць рамонты, скласці план работы, але і за­няць вучняў — і гэта, напэўна, самае важнае.

— Толькі што я вярнуўся з пасяджэння нашай раённай камісіі па справах непаўналетніх, — заўважае ён. — Арганізаваць для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, карысную занятасць летам, прычым стапрацэнтную — адна з галоўных задач. А такіх выхаванцаў у раёне сёння 34. Усяго ж у нас 1350 школьнікаў, 76 выпускнікоў сёлета атрымалі агульную сярэднюю адукацыю.

Па словах Аляксандра Аляксандравіча, сістэма аздараўлення арганізавана такім чынам, каб у дзяцей была магчы­масць пры жаданні адпачываць бесперапынна. Так, у пачатку чэрвеня ўжо адпрацаваў спартыўны лагер. Потым актыўна ўключыліся ў работу дзённыя лагеры ў школах, а з сярэдзіны ліпеня стартуе кругласутачны лагер у аграгарадку Бярозаўка. У канцы сезона плануецца пра­аналізаваць напаўняльнасць лагераў, каб скарэкціраваць сістэму адпачынку на наступны год. На сённяшні дзень месцаў хапае для ўсіх жадаючых.

— Раён у нас прыгожы, — дадае Аляксандр Леўчанка. — Люблю пахадзіць па лесе з кошыкам, захапляюся рыбалкай. І дзеці нашы добра ведаюць мясцовыя лясы, часта дапамагаюць бацькам збі­раць іх шчодрыя дары. Тым больш што потым грыбы і ягады можна здаць у спецыяльныя пункты прыёму, якіх у нас у гора­дзе шмат, — нават на адной вуліцы можа быць па 3—4. Гэта карысны адпачынак для дзяцей, які да таго ж прывучае іх да працы. Кожнае лета дзейнічаюць студатрады. Папулярнасцю карыстаецца работа ў гадавальніку раслін на базе Глускага лясгаса. Дзецям там падабаецца, яны назіраюць, як растуць маленькія дубкі, елачкі, буякі. Заняты нашы школьнікі і на базе ААТ “Эксперыментальная база “Глуск” і ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі”, дзе яны займаюцца сельскагаспадарчай працай. Увогуле, запыт на студатрады ў раёне вялікі.

Нельга абысці ўвагай і падрыхтоўку ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года. Летась правялі капітальны рамонт і мадэрнізацыю школы № 1 Глуска, сёння ўжо ўсе школы і дзіцячыя сады ма­юць добра абсталяваныя харчаблокі, спартыўныя пляцоўкі. Што тычыцца адукацыйнага працэсу, то працягнуць працаваць інжынерныя, аграрныя класы.

— Скажу шчыра: у раёне ёсць пэўны недахоп педагагічных кадраў, асабліва не хапае маладых, ініцыятыўных спецыялістаў, — адзначае начальнік аддзела па адукацыі. — Лічу, каб вырашыць гэтую праблему, трэба ўзнімаць прэстыж настаўніцкай прафесіі. Вядома, дасягнуць чаканага выніку за адзін дзень немагчыма, гэта пастаянны мэтанакіраваны пра­цэс, у якім кожны з нас павінен удзельнічаць. Неабходна працаваць з дзецьмі з малодшых класаў, каб у іх з’явілася жаданне стаць педагогамі, працаваць на малой радзіме.

Глускія выпускнікі паступаюць у магілёўскія і мінскія ўстановы адукацыі. ­Едуць вучыцца таксама ў Мазыр, Віцебск. Асабліва папулярныя сёння ваенныя і сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, IT-кірунак.

— У гэтым годзе Глускі раён адзначае сваё стагоддзе, — заўважае Аляксандр Леўчанка. — Ён мае багатую гераічную гісторыю, таму шмат увагі ўдзяляем патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Важна прывіць навучэнцам гордасць за свой край, сваіх продкаў. Калі ён будзе — бу­дзе і добрая будучыня.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара