Пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу для навучэнцаў з АПФР абмяркоўваліся падчас пашыранага пасяджэння Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі, якое прайшло ў Акадэміі адукацыі з удзелам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Мы запрасілі каля 300 спецыялістаў, кіраўнікоў, якія прадстаўляюць не толькі адукацыйную галіну, але і сістэмы аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, грамадскія арганізацыі, — адзначыў А.Кадлубай. — Хацелася б абмеркаваць ключавыя пытанні, якія наспелі ў частцы функцыянавання сістэмы спецыяльнай адукацыі, асаблівую ўвагу ўдзяліць арганізацыі адукацыйнага працэсу для дзяцей з РАС, іх сацыялізацыі, пачуць экспертаў, азнаёміцца з эфектыўным вопытам.
Падчас выставы-прэзентацыі вучэбна-метадычнай літаратуры
— У 2024/2025 навучальным годзе ў рэспубліканскі банк даных аб дзецях з АПФР уключана 180 тысяч чалавек, з іх 18,4 тысячы асоб з інваліднасцю. За апошнія 5 гадоў ва ўстановах адукацыі ў тры разы павялічылася колькасць дзяцей з РАС (усяго іх больш за 4 тысячы), — паведаміла Ала Вераценнікава, начальнік аддзела адаптацыі і інтэграцыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Міністэрства адукацыі. — Больш за 70% дзяцей з АПФР сёння вучыцца ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання. Укараняецца і новая форма арганізацыі адукацыйнага працэсу — класы сумеснага навучання і выхавання, дзе дзеці з асаблівасцямі развіцця засвойваюць змест адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі сумесна з тымі, хто не мае такіх асаблівасцей.
Спецыяліст спынілася на пытаннях удасканалення работы псіхолага-медыка-педагагічных камісій ЦКРНіР. Быў дапрацаваны праект палажэння аб карэкцыйным цэнтры, удакладнены некаторыя яго нормы. Напрыклад, прадугледжана абследаванне асоб старэйшых за 18 гадоў у сувязі з неабходнасцю вызначэння спецыяльных умоў для атрымання імі прафесійнай адукацыі. Таксама ўстаноўлена магчымасць стварэння ў абласных, Мінскім гарадскім ЦКРНіР дыягностыка-кансультацыйных аддзяленняў як структурных падраздзяленняў.
Распрацавана Канцэпцыя ўдасканалення падрыхтоўкі асоб з АПФР да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, іх сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадстве. Дакумент прадугледжвае, у прыватнасці, стварэнне банка арганізацый, дружалюбных да асоб з АПФР, актуалізацыю пераліку спецыяльнасцей, кваліфікацый для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама дадатковай адукацыі дарослых дома асобамі з АПФР.
Гаворачы пра змест падрыхтоўкі будучых педагогаў, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ Вера Хітрук адзначыла, што сёлета ў інстытуце быў павялічаны набор на бюджэтную форму навучання на 50 месцаў. З мінулага года пачаўся набор на спецыяльнасць “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя” (тэрмін навучання 5 гадоў, з прысваеннем акадэмічнай ступені магістра) па 6 прафілізацыях, у тым ліку “Адукацыя асоб з РАС”. Што тычыцца дзяцей з РАС, то тут спецыялісты маюць справу з самай неаднароднай групай дзяцей, чый узровень інтэлектуальнага развіцця можа вар’іравацца ад геніяльнасці да цяжкай глыбокай інтэлектуальнай недастатковасці. Адпаведна, і адукацыйныя маршруты ў такіх дзяцей будуць адрознівацца. Гэта пакладзена ў аснову зместу падрыхтоўкі будучых настаўнікаў-дэфектолагаў па прафілізацыі РАС.
— Інклюзіўная адукацыя — сусветная тэндэнцыя развіцця агульнай адукацыі, якая прадугледжвае ўключэнне ўсіх дзяцей, у тым ліку з АПФР, у адзіны адукацыйны працэс, — нагадала загадчыца лабараторыі спецыяльнай адукацыі Акадэміі адукацыі Вольга Хруль.
Спецыяліст расказала аб некаторых навуковых даследаваннях у гэтым кірунку ў Беларусі. Так, у рамках выканання задання галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Функцыянальная адукаванасць” на 2021—2025 гады былі распрацаваны тэарэтычныя асновы функцыянальнай адукаванасці (выдадзены дапаможнік для педагогаў). Сем ВМК па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці ў розных сферах жыццядзейнасці апрабаваны ва ўстановах адукацыі і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале для выкарыстання на факультатыўных занятках. Апрабаваны дыягнастычны інструментарый па вывучэнні ўзроўню сфарміраванасці функцыянальнай адукаванасці вучняў з АПФР у выглядзе педагагічных сітуацый, тэставых заданняў і апытальнікаў. У наступным годзе плануецца стварыць дыдактычныя рэсурсы.
Перспектыўным у рамках новай галіновай навукова-тэхнічнай праграмы на 2026—2030 гады бачыцца выкананне задання, накіраванага на распрацоўку макетных узораў адукацыйных стандартаў спецыяльнай адукацыі ў кантэксце фарміравання ўніверсальных кампетэнцый, грамадзянскасці і патрыятызму ў вучняў з АПФР. У 2023—2024 гадах распрацавана больш за 30 вучэбных праграм па вучэбных прадметах і праграм карэкцыйных заняткаў для розных тыпаў школ і, адпаведна, розных катэгорый навучэнцаў. У 2024 годзе з’явілася навукова-метадычнае забеспячэнне арганізацыі адаптыўнага гульнявога асяроддзя для дзяцей з АПФР ранняга ўзросту, а ў 2025 годзе запланавана выданне адпаведнага дапаможніка.
Нацыянальнае кнігавыданне для дзяцей з АПФР бярэ свой пачатак у 1996 годзе з выпуску 23 найменняў вучэбных дапаможнікаў. Пра гэта расказала начальнік аддзела метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі Акадэміі адукацыі Алена Рахманава.
Сёння выпускаюцца вучэбныя дапаможнікі для рэалізацыі 6 вучэбных планаў спецыяльнай адукацыі. Пералік налічвае 560 дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.
Яны распрацоўваюцца з улікам адукацыйных магчымасцей і патрэб дзяцей з АПФР і адрозніваюцца беларускім каларытам, утрымліваюць матэрыял патрыятычнай і грамадзянскай накіраванасці. Сярод напрамкаў удасканалення — узмацненне выхаваўчага патэнцыялу вучэбных дапаможнікаў, фарміраванне ў дзяцей функцыянальнай адукаванасці, распрацоўка і ўключэнне кантэкставых задач і заданняў, накіраваных на фарміраванне эмацыянальнага інтэлекту, стварэнне кампанентаў ВМК, паляпшэнне дызайну і якасці ілюстрацыйнага матэрыялу.
Аб станоўчым вопыце рэалізацыі інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Укараненне кластарнай мадэлі ўзаемадзеяння рэгіянальных устаноў адукацыі розных тыпаў для фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы” расказала Таццяна Усава, дырэктар Гомельскага абласнога ЦКРНіР, старшыня савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі. Было ўтворана 10 кластараў, у якія ўвайшлі 46 устаноў адукацыі, з мэтай суправаджэння дзяцей з аўтызмам на працягу ўсяго іх навучання. Так, у Кармянскім раёне распрацаваны інтэрактыўны плакат, які забяспечвае доступ усім установам адукацыі да неабходных інфармацыйных матэрыялаў. Плакат акумулюе вопыт работы кожнай установы, уключанай у кластар, дазваляе аператыўна атрымліваць інфармацыю і рэагаваць на сітуацыю.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара