Кнігу «Сімвалы суверэннай Беларусі» выпусціла выдавецтва «Беларусь»

- 15:05Новости

У кожнай дзяржавы ёсць свае сімвалы. Дзяржаўныя — Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн, Канстытуцыя… Кнігу “Сімвалы суверэннай Беларусі” — па заказе Цэнтрвыбаркама краіны і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь — выпусціла выдавецтва “Беларусь”.

Фота з сайта Міністэрства інфармацыі

Але побач з інфармацыяй пра дзяржаўныя сімвалы ў выданне ўвайшлі і кароткія, лаканічныя і разам з тым даволі насычаныя тэксты пра нацыянальныя сімвалы Беларусі.

Аўтар тэксту і ўкладальнік кнігі — вядомы ў Беларусі і за яе межамі палітолаг, сацыёлаг, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Мусіенка. Ён прапанаваў для разгляду такія сімвалы: бусел, зубр, лён, васілёк, бульба, рэкі і азёры, батлейка, арнамент, слуцкі пояс, народнае мастацтва, ў (у нескладовае), крыж Еўфрасінні Полацкай, зорка, кветка Перамогі, храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, Знак якасці, Скарынаўскі знак, Палац Незалежнасці. Даючы характарыстыку кожнаму з сімвалаў, аўтар прыво­дзіць самыя важкія аргументы — з фальклору, з айчыннай гісторыі, з мастацкай памяці папярэдніх пакаленняў беларусаў.

Фота БелТА

Бусел — “свяшчэнная птушка, сувязнае звяно паміж небам і зямлёй, ахоўнік ура­джаю, герой казак і легенд, сімвал сямейнага шчасця. Нашы продкі верылі, што пасля смерці душа чалавека перасяляецца ў бус­ла і ляціць “у вырай” — нязведаны край. Кожную вясну яны чакалі вяртання птушак як сімвала працягу жыццёвага цыкла прыроды і людзей”. Згадаем і Уладзіміра Караткевіча, які паэтычна называў нашу краіну зямлёй пад белымі крыламі. Аўтар кнігі “Сімвалы суверэннай Беларусі” спалучае гісторыю і сучаснасць. Расказвае пра тое, што ў 2023 годзе, напрыклад, бусел стаў галоўным лагатыпам Года міру і стварэння, які прайшоў у Беларусі. У эсэ пра блізкі ўсім беларусам сімвал — і згадка пра песню Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава “Белоруссия” з вядомым у многіх краінах свету радком: “Белый аист летит, над белесым Полесьем летит”.

Зубр… “Зубры — адзіны від жывёл, які атрымалася вярнуць у дзікую прыроду пасля ўзнаўлення папуляцыі. Наша краіна зай­мае 1-е месца на еўрапейскай тэрыторыі па колькасці асобін зубра, якія жывуць вольна…” Факт, які варта ведаць: на канец 2023 года папуляцыя зуброў на тэрыторыі нашай Белавежскай пушчы склала 730 асобін. А ўсяго ў Беларусі больш за 2000 зуброў. У эсэ “Зубр” — і пра тыя намаганні, якія праявіла дзяржава дзеля захавання і пашырэння папуляцыі гэтага віду жывёлы.

Лён… “Лён часта называюць паўночным золатам Беларусі, народным здабыткам, культурай стратэгічнага значэння. Выява кветкі прысутнічае на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь, сімвалізуючы сілу, эканамічныя і прамысловыя поспехі краіны, даб­ро, дастатак, высокатэхналагічнае і экалагічнае развіццё Беларусі…” Не забывайце, праўда, што, нягледзячы на вялікія пасевы лёну ў нашай краіне, убачыць яго цвіценне — вялікая ўдача, бо працягваецца яно крыху больш за тыдзень. Далікатная блакітна-белая кветка распускаецца ўсяго на некалькі гадзін, саступаючы месца іншым.

Фота з архіва рэдакцыі

Як важкі сімвал нашай суверэннасці, як пазнака гістарычнай памяці народа Беларусі выступае храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў па­мяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. “Храм-помнік — гэта не толькі месца запаветнай малітвы для праваслаўных вернікаў, але і сапраўды нацыянальная святыня. Першы закладны камень у будаўніцтва храма быў асвечаны ў чэрвені 1991 года. Узвядзенне храма-помніка ажыццяўлялася па блаславенні Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ пад патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Нагадаем, што ў храме-помніку ў ніжняй алтарнай частцы размешчана крыпта, аналагаў якой у свеце няма. Тут сабрана зямля з месцаў гістарычных бітваў і пахаванняў беларусаў з усяго свету, якія Айчыне нашай паслужылі. У крыпце ў трох нішах таксама пахаваны астанкі воінаў трох войнаў: Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў, Першай сусветнай 1914—1918 гадоў, Айчыннай вайны 1812 года. Крыпта з’яўляецца своеасаблівай кнігай памяці, сведчаннем нашага пакаяння тым, хто сышоў…

“Сімвалы суверэннай Беларусі” — гэта яшчэ і падарожная кніга, эмацыянальны даведнік, з якім можна выпраўляцца ў вандроўку па нашай сталіцы, па нашай багатай на розныя адметнасці краіне.

На старонках выдання “Сімвалы суверэннай Беларусі” шмат згадак пра гераічнае мінулае нашай краіны, пра нашых сучаснікаў, якія і ў мірныя гады здзейснілі подзвігі. У артыкуле “Зорка” згадваюцца тыя асобы, якія ўганараваны званнем “Герой Беларусі”: Уладзімір Карват, Аляксандр Дубко, Павел Марыеў, Міхаіл Карчміт, Віталь Крамко, Міхаіл Савіцкі, Пётр Пракаповіч, Філарэт (Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў), Васіль Равяка, Міхаіл Высоцкі, Дар’я Домрачава, Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка. Іх імёны — вечная слава нашай Айчыны.

Кніга прыгожа аформлена. Сімвалы суверэннай Беларусі праілюстравалі маладыя кніжныя графікі — студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў.

Кастусь ЛАДУЦЬКА