На Гомельшчыне адбыўся змястоўны дыялог старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Якубовіч з актывам галіновага прафсаюза. Таццяна Раманаўна адзначыла, што камітэт вельмі шчыльна працуе з Міністэрствам адукацыі.
—Нам давяраюць і важна не страціць гэты давер людзей. У найбліжэйшы час плануецца ўнесці змяненні ў Кодэкс аб адукацыі. Мы просім, каб галіновыя аддзяленні разам з сацыяльнымі партнёрамі на месцах уважліва прачыталі новую рэдакцыю. Калі мы з вамі абгрунтавана, аргументавана будзем уносіць прапановы, нас пачуюць. Задача прафсаюзаў — удзел у заканатворчай дзейнасці. Праз нас праходзяць усе законы, якія прымаюцца ў дзяржаве. Вядома, кожная галіна шчыльна працуе са сваімі законамі. Мы — з тымі законамі, якія звязаны з адукацыяй і навукай. Апошняя рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі хутка паступіць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У нас ёсць дамоўленасць аб правядзенні пашыранага пасяджэння Цэнтральнага камітэта федэрацыі прафсаюзаў нашай галіны з профільнай камісіяй Палаты прадстаўнікоў сумесна з Міністэрствам адукацыі. Цяпер мы яшчэ раз чытаем кодэкс, аналізуем унесеныя змены, якія тычацца, напрыклад, дыстанцыйнай формы навучання і інклюзіўнай адукацыі. Наперадзе ў нас вялікі абъём работы. Увогуле ж, адразу дасканала немагчыма напісаць ніводны закон. Толькі пасля прымянення закона на практыцы можна ўбачыць, як ён працуе і ўнесці якасныя змены ў нарматыўныя дакументы.
Урэшце, старшыня прафсаюзнага руху работнікаў адукацыі адзначыла, што галоўнай задачай прафсаюза па-ранейшаму застаецца стварэнне калектыўнага дагавору:
—Калі ў ім закладзены артыкулы генеральнага дагавора па кантрактах, па заработнай плаце і па ўсіх астатніх катэгорыях абароны законных правоў і інтарэсаў нашых членаў прафсаюза — гэта, безумоўна, вельмі важна. У гэтым кірунку ў нас з сацыяльным партнёрам поўнае паразуменне. Мы штогод удасканальваем свой дагавор паміж Міністэрствам адукацыі і Цэнтральным камітэтам прафсаюзаў. Апошні мы падпісалі ў красавіку, калі ўнеслі змяненні, звязаныя з новым Працоўным кодэксам, які з 28 студзеня набыў сілу.
Асноўныя кірункі дзейнасці прафсаюзаў традыцыйна актуальныя. Гэта работа з актывам, з ветэранамі, аздараўленне і экскурсійная дзейнасць, матэрыяльная дапамога…
— Наша галіна паступальна развіваецца і мы бачым гэта на прыкладзе Гомельскай вобласці, невялікіх гарадоў і раёнаў, дзе ў крокавай даступнасці актыўна будуюцца дзіцячыя сады, школы…
Сярод членаў нашага прафсаюза шмат моладзі — прыблізна 25 %, — адзначыла Таццяна Раманаўна. — Задача — працаваць з ёй больш эфектыўна, дапамагаць ёй арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.