Конкурс калажаў, турніры і брэнд-шоу: школьнікі Прыбалавіч ярка адзначылі Дзень маці

- 16:45Новости, Шестой день

У Прыбалавіцкай сярэдняй школе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці да Дня маці прымеркаваны ўвесь бягучы тыдзень. Педагогі напоўнілі яго яркімі святочнымі актыўнасцямі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кветкі, віншаванні, святочныя відэа — так пачаўся тыдзень у Прыбалавіцкай школе. Напярэдадні, у суботу, тут прайшоў майстар-клас “Падаруначкі для любімай мамулечкі”. Малодшыя класы зладзілі выставу малюнкаў, дзе ў фарбах увасобілі традыцыі сваіх сем’яў, адкрылі бюро творчых знаходак “Прафесіі нашых мам”, пагутарылі пра вядомых беларусак.

Навучэнцы сярэдняга звяна пра сваіх мам расказвалі падчас тэматычнага прэс-турніру. Цікава прайшоў і конкурс віншавальных газет, дзе ў апавяданнях, вершах і малюнках падлеткі дзяліліся гісторыямі стварэння сваіх сем’яў. Падчас брэнд-шоу “Сэрца маці — невычэрпная крыніца пяшчоты” школьнікі ў творчым фармаце расказ­валі пра захапленні сваіх мам, пра іх фірменныя стравы, сямейныя традыцыі.

Дырэктар школы Любоў Акуліч адзначыла:

— Мама — галоўны чалавек у жыцці кожнага, а такія святы — нагода лішні раз успомніць пра маму, сказаць ёй цёплыя словы, павіншаваць. Гэта было мэтай нашай акцыі “Напішы пісьмо маме”. Лісты адправіліся па пошце да сваіх адрасатаў нават ад нашых педаго­гаў. І ўсім калектывам школы разам з вучнямі і выхаванцамі дзіцячага сада, з калектывам Дома культуры 14 каст­рычніка мы зладзілі свята ў цэнтры вёскі — дарылі кветкі мамам і пажылым жыхаркам, прысвячалі ім свае вершы і песні.

Свята ў анлайн-рэжыме працягнулася віншаваннем мам у бацькоўскіх чатах і агульнашкольнай акцыяй “SMS-хваля “Маме — ласкавае слова”. У бібліятэцы быў праведзены конкурс па вырабе калажаў “Мае бацькі — супергероі”, дзеці расказалі аб прафесіях сваіх бацькоў.

Заўтра будуць падведзены вынікі анлайн-галасавання ў конкурсе фотакалажаў “Я і мама та-а-акія падобныя!” і конкурсе фатаграфій “Па прыкладзе бацькоў”, якія праводзілі педагогі на старонцы сваёй школы ва “УКантакце”. Цэлы тыдзень у школе бойка прахо­дзіла акцыя “Дзясятка для маіх бацькоў”: дзеці спаборнічалі паміж сабой, атрымліваючы на ўроках дзясяткі. Падлік вынікаў “бітвы розу­маў” і ўзнагароджанне пераможцаў таксама будзе заўтра, падчас канцэрта, які і стане яркім завяршэннем творчага тыдня.

Але мам і татаў у школе будуць сустракаць і на наступным тыдні. 21 кастрычніка пройдзе бацькоўская канферэнцыя — педагогі пагутараць з яе ўдзельнікамі пра супрацоўніцтва сям’і і школы і пра тое, як у такім тандэме развіваць дзяцей.

З мерапрыемствамі тыдня ўжо другі год у школе пераплятаюцца і актыўнасці, прысвечаныя татам. Аднак Дзень маці галоўны. Важнае значэнне для школы мае і духоўны складнік свята.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Лісіцкая абгрунтавала гэта так:

— 14 кастрычніка адзначаюцца яшчэ і Пакровы. Для нашай вёскі гэта прастольнае свята, бо наша царква — Свята-Пакроўская. Гэта архітэктурны помнік XVIII стагоддзя. Таму абодва святы ўзаемазвязаныя. У аўторак прымеркаваную да гэтага свята службу ў нашым храме правёў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід. Ён кожны год прыязджае да нас на свята. Духоўную афарбоўку меў і наш велапрабег. Мы, педагогі, а таксама нашы навучэнцы, іх мамы і таты, усе жадаючыя жыхары праехалі некалькі кіламетраў да крыжа ў пачатку вёскі, каб ускласці кветкі і павіншаваць адно аднаго са святам.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі