Коўчынгавы падыход да падрыхтоўкі навучэнцаў. Вопыт віцебскіх настаўнікаў

- 17:20Образование, Портфолио

Коўчынг дапамагае школьнікам стаць больш самастойнымі, развіцца як асобам, а падрыхтоўка да экзамену ператвараецца не ў абавязак, а ў задавальненне ад навучання.

Стандартны падыход да падрыхтоўкі навучэнцаў да ЦЭ ўяўляе сабой, з аднаго боку, перадачу настаўнікам вучню гатовых ведаў (адказаў), зыходзячы са свайго разумення прадмета і традыцый, а з другога — загадзя зададзеную праграму падрыхтоўкі, арыентаваную, як правіла, на групу, якая не дапускае варыятыўнасці ў змесце, логіцы выкладання і ў метадах. Пры гэтым не ўлічваецца, што ўсе навучэнцы маюць розны пачатковы ўзровень ведаў, жаданне, хуткасць работы і разуменне прадмета.

Для ажыццяўлення індывідуальнага падыходу да кожнага навучэнца прымяняем у сваёй рабоце элементы коўчынгу. Коўчынг — гэта метад навучання, у якім коўч (трэнер) дапамагае чалавеку дасягнуць асабістых ці прафесійных мэт.

Базавым інструментам коўчынгу, які дазваляе рэалізаваць названыя функцыі, з’яўляюцца пытанні. Гэты жанр зносін, здавалася б, добра знаё­мы настаўнікам і асвоены імі. Аднак гэтая акалічнасць (як ні парадаксальна гэта гучыць) можа перашкаджаць асваенню коўчынгавых падыходаў. У традыцыйнай педагагічнай практыцы пытанні выконваюць перш за ўсё кантрольную функцыю (на іх трэба даць правільны адказ). Акрамя гэтага, яны прымяняюцца для таго, каб выявіць, што іменна не зразумела навучэнцам, і на гэтай аснове выкласці правільную інфармацыю. З прычыны гэтага навучэнец часта баіцца пытанняў з боку настаўніка. У рамках коўчынгу пытанні адыгрываюць іншую ролю і павінны працаваць у першую чаргу на інтарэсы самога навучэнца. Асноўнай мэтай коўчынгавых пытанняў з’яўляецца садзейнічанне вучню ў больш глыбокім і ўсебаковым вывучэнні праблемы, сітуацыі і самога сябе.

Пытанні не павінны быць закрытымі: на іх нельга адка­заць “не” ці “так”. Яны павінны быць сфармуляваны так, што адказ павінен быць разгорнуты і даваць уяўленне аб сітуацыі з пазіцыі дзіцяці.

Давайце ўявім сітуацыю: вы на першых занятках у групе навучэнцаў. Якія пытанні вы ім задалі б, каб высветліць іх намеры, узровень ведаў, адказнасці і запыты?

Мы задалі такія пытанні:

— Калі б ты мог вучыць толькі тыя прадметы ў школе, якія сам хочаш, ты выбраў бы фізіку?

— Навошта табе гэта трэба?

— Чаго іменна табе неабходна дасягнуць?

— Як ты ўяўляеш сваю падрыхтоўку да экзамену?

— Што канкрэтна, як ты лічыш, табе варта рабіць?

— Якія могуць быць перашкоды на тваім шляху?

— Якую колькасць дамашняй работы ты мог бы лёгка выканаць?

— Чаму табе не падабаюцца графічныя (якасныя, разліковыя) задачы?

— Чым табе спадабаліся (не спадабаліся) заняткі?

— Што змянілася б, калі б ты выдатна ведаў фізіку ўжо зараз?

— А калі б табе не трэба было здаваць экзамен, то як бы ты вучыў фізіку? Ці стаў бы ты наогул вучыць яе? Чаму так (не)?

— Давай выкажам здагадку, што экзамен паспяхова зда­дзены. Што ты адчуваеш?

Цалкам прымяняць методыку коўчынгу ў сваёй рабоце ў настаўніка не атрымаецца і не трэба, а выкарыстоўваць яго элементы, спалучаючы з традыцыйным навучаннем пры рабоце ў групе навучэнцаў пры падрыхтоўцы да ЦЭ ці прадметных алімпіяд, магчыма.

Пры рабоце з групай дзяцей ці індывідуальна мы можам прапанаваць наступныя элементы коўчынгу, якія прымяняем самі.

  1. Аналіз кампанентаў канкрэтных навыкаў, тэхналогій і навакольнага асяроддзя ў мэтах аказання дапамогі навучэнцам. Гэта можа адбывацца пры выкананні і наступным абмеркаванні вынікаў уваходнага тэста ці задання.
  2. Пастаноўка мэт і задач навучання для кожнага асобна ўзятага навучэнца, зыходзячы з пачатковых умоў і магчымасцей дзіцяці на гэты момант.
  3. Коўчынгавы падыход прадугледжвае размеркаванне нагрузкі на кожным з этапаў, які выяўляецца ў пераходзе ад простых заданняў да больш складаных, што адпавядае прынцыпу даступнасці ў навучанні.
  4. Па меры работы настаўнік стварае ўмовы, у якіх у навучэнца з’яўляецца жаданне ўсвядомленай работы над сабой, але не прымушае яго вучыцца.

У працэсе такой работы адбываецца раскрыццё патэнцыя­лу, выяўленне моцных бакоў і выкарыстанне талентаў і магчымасцей навучэнца. Для дасягнення сваіх мэт вучань выкарыстоўвае тыя рэсурсы, якія першапачаткова ў ім былі, што дапамагае школьнікам паверыць у свае сілы і навучыцца выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы.

Аднак у коўчынгу ўсё ж ёсць шэраг абмежаванняў, якія ён накладвае на адукацыйны працэс. Прымяненне гэтага падыходу мэтазгодна не раней як у старшых класах школы, паколькі коўчынг арыентаваны на раскрыццё патэнцыялу ўжо сфарміраванай асобы, на павышэнне эфектыўнасці навучэнца, які мае пэўны вопыт — як жыццёвы, так і адукацыйны. Акрамя таго, не павінна быць татальнай арыентацыі толькі на коўчынг, ён павінен быць адным з інструментаў навучання, якія выкарыстоўваюцца настаўнікам для мадэрнізацыі адукацыйнага працэсу.

Для паспяховага выкарыстання коўчынгавага падыходу ў навучанні неабходны асабістае жаданне вучня, яго гатоў­насць працаваць над сабой, аналізаваць. Выкладчык-коўч можа толькі падштурхнуць вучня да гэтага жадання, да ўсведамлення неабходнасці работы над сабой, але не прымусіць штосьці зрабіць, бо гэта супярэчыць сутнасці гэтай методыкі навучання. Названы падыход патрабуе ад вучняў усведамлення, што гэта неабходна менавіта ім, а не выкладчыку, а таксама патрабуе асабістай адказнасці, але далёка не ўсе навучэнцы гатовы яе праявіць.

У сваёй рабоце — не на кожных занятках, а менавіта пры дыягностыцы, пастаноўцы мэт, фарміраванні жадання вучыцца, аналізе прамежкавых вынікаў і выхаванні адказнасці перад сабой — мы прымяняем тыя элементы, пра якія гаварылася раней. У выніку ў групе кожнае дзіця займаецца ў сваім тэмпе, па сваёй праграме, параўноўваючы не сябе з іншымі, а сябе з сабой учарашнім.

Навучэнец на занятках працуе з рознымі заданнямі, напрыклад, пры рабоце над тэмай “Роўнапаскораны рух”.

 

1-ы вучань

2-і вучань

3-і вучань

4-ы вучань

Праверка дамашняга задання

У кожнага вучня індывідуальна з навядзеннем на правільныя рашэнні, аналізам памылкі, сумесным пошукам адказу

Работа на занятках

Разбірае тэарэтычныя пытанні тэмы з настаўнікам. Рашае задачы 1—2 узроўню складанасці пры дапамозе настаўніка

Разбірае тэарэтычныя пытанні тэмы з настаўнікам. Рашае задачы 1—2 узроўню складанасці самастойна, 3 узроўню — з настаўнікам

Рашае задачы 1—3 узроўню самастойна, 4—5 узроўню —звяртаючыся па дапамогу да настаўніка

Рашае задачы ўсіх узроўняў часткі А тэста, звяртаючыся па дапамогу пры неабходнасці

Дамашняе заданне

Вывучыць тэорыю, рашыць 5 задач, замаца­ваць матэматычныя навыкі

Выву­чыць тэорыю, рашыць 10 задач

Выву­чыць тэорыю, рашыць частку А тэста

Рашыць частку В тэста

Пасля заняткаў з кожным праводзіцца гутарка па выніках заняткаў і планаванні далейшага руху.

Такая работа патрабуе вялікага ўкладу настаўніка ў працэс і шмат ведаў, а таксама дзялення навучэнцаў на групы не больш за 10 чалавек. Але і вынікі дзяцей пацвярджаюць эфектыў­насць выкарыстання такой методыкі.

У адрозненне ад педагога, які працуе з групай для дасягнення адзінага выніку, настаўнік-коўч уважліва вывучае запыт навучэнца (часта абмяркоўваючы і карэкціруючы яго рэалістычнасць), стараецца зразумець моцныя і слабыя бакі чалавека (як у вучэбным, так і ў асобасным плане). У выніку ён не вучыць усяму нанова, а распрацоўвае план дзеянняў, які дазваляе ў неабходны тэрмін прадэманстраваць патрэбныя вынікі (з абавязковай папраўкай на матываванасць і адказнасць вучня).

Таццяна БАНДАРЭНКА,
настаўніца фізікі сярэдняй школы № 40 Віцебска імя М.М.Громава;
Наталля ХВАЛЬКО,
настаўніца фізікі сярэдняй школы № 28 Віцебска імя Е.С.Зяньковай
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі