Ля падножжа вялікага пагорка ў цэнтры Лагойска, дзе стаіць прыгожы каменны храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца, спрадвеку б’е крынічка, асвечаная ў гонар гэтага святога, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Апынулася я тут невыпадкова: калісьці ў гэтым храме святаром быў мой прапрадзед Аляксандр Смоліч. Ён пайшоў з жыцця больш за 100 гадоў назад, у хуткім часе пасля Першай сусветнай вайны, і пра месца яго пахавання нам доўга не было вядома. Мы знайшлі яго толькі гэтай восенню. Са здзіўленнем даведаліся, што магіла прапрадзеда знаходзіцца пад самай сцяной лагойскага храма, акурат над крыніцай, сярод яшчэ некалькіх пахаванняў, і яе тут добра даглядаюць. У храме нам паведамілі, што свяшчэннік Аляксандр доўга хварэў пасля той вайны.
“Напэўна, прапрадзед таксама браў гаючую вадзіцу з гэтай крынічкі”, — падумалася, калі набірала тут вады. І сапраўды, сюды не зарастае народная сцежка — ідуць і ідуць людзі з вялізнымі бутлямі па ваду ад Мікалая Цудатворца, бо вельмі яна карысная.
— Мы на ёй і ежу гатуем, — гаворыць жанчына, якая якраз набірае ваду. — Вы, каб набраць, падыходзьце з другога боку, а то доўга чакаць будзеце, у мяне бутляў шмат.
Гэтым разам да крыніцы мы прыехалі з галоўным спецыялістам па выхаваўчай рабоце ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Лагойскага райвыканкама Марынай Рабацень. Яна часта бывае тут: храм і крынічка знаходзяцца недалёка ад будынка райвыканкама.
— Напішыце пра яе, — прапаноўвае Марына Уладзіміраўна. — Крыніца вельмі папулярная. Тым больш што зараз зімовыя святы, а Свяціцель Мікалай Цудатворац і вобраз казачнага Дзеда Мароза ў нашых людзей, можна сказаць, узаемазвязаны.
У 2000 годзе Лагойскую крыніцу асвяціў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.
Пра тое, што вада, якая цячэ з-пад пагорка, цудатворная, людзі верылі з даўніх часоў. Па яе хадзілі яшчэ з вёдрамі і каромысламі, бо ведалі: лечыць ад усіх хвароб, асабліва ад захворванняў зроку. Слава пра яе хадзіла не толькі за межамі раёна, але і ў суседніх краінах, адкуль спецыяльна ехалі па гэтую ваду. Бяжыць крыніца ў раку Гайна, якая цячэ за 50 метраў ад храма. Дарэчы, раней тут стаяла Прачысценская царква, і толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на яе месцы пабудавалі вялікі мураваны храм. Адметна, што людзі ішлі да крыніцы і ў савецкія часы, хаця сам храм быў закрыты на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Прыязджалі здалёк і нават наймалі побач жыллё, каб лячыцца вадой.
У 1998 годзе беларускія вучоныя зрабілі аналіз вады з крыніцы і высветлілі, што яна валодае высокімі смакавымі якасцямі і выключнай чысцінёй, у ёй цалкам адсутнічаюць нітраты і нітрыты, а колькасць цяжкіх металаў значна ніжэйшая за дазволеныя канцэнтрацыі. З таго ж года крыніца як гідралагічны помнік прыроды ахоўваецца дзяржавай.
Святую крыніцу і тэрыторыю вакол яе некалькі разоў рэканструявалі. А калі ў 2005 годзе мітрапаліт Філарэт асвячаў капліцу і купель, якія пабудавалі тут, на здзіўленне ўсім прысутным на небе выйшла сонца і з’явілася выява праваслаўнага крыжа.
Каб напіцца святой вады і акунуцца ў купель, паломнікі едуць сюды нават з далёкага замежжа, а на вялікія царкоўныя святы да крыніцы стаіць доўгая чарга. Таму побач з першай пабудавалі і другую капліцу з купеллю, якую асвяцілі ў гонар іконы Божай маці “Знаменне”.
Свяшчэннікі і прыхаджане храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца добра ведаюць і могуць расказаць шмат гісторый пра цудоўнае вылячэнне людзей, якія з верай прыходзілі да святой лагойскай крыніцы.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара