«Лепш займацца карыснай справай, чым сядзець дома на канапе»: як школьнікі працуюць падчас летніх канікул

- 15:24Лето-2023, Новости

Расказваем, як арганізавана работа падчас летніх канікул у лагеры Дуброўскай сярэдняй школы.

У гэтым годзе “Сардэчна запрашаем!” пачулі 35 дзяцей аздараўленчага лагера дзённага знаходжання “Спадчыннікі”, які працуе на базе Дуброўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна. Кожны дзень хлопчыкі і дзяўчынкі гарэзуюць на вуліцы, удзельнічаюць у спартыўных і творчых спаборніцтвах, паказваюць веды падчас экалагічных і патрыятычных мерапрыемстваў. А навучэнцы старшых класаў сумяшчаюць прыемнае з карысным: аздараўляючыся на свежым паветры, атрымліваюць працоўныя навыкі і дастойны заробак.

Працуй, не лянуйся

— Ужо шмат гадоў запар нашы выхаванцы задзейнічаны ў працоўным праекце па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дуброўскай сярэдняй школы Вікторыя Мітраховіч. — У гэтым годзе дзецi дружна займаліся праполкай, палівам раслін у агародзе школы і ў садзе, а таксама праца кіпела на цёплых градках, што прынесла свой плён. І гэта не толькі ўраджай капусты, буракоў, цыбулі, морквы, агуркоў і таматаў, якія адправяцца ў школьную сталовую. На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus Аляксандра Мітраховіч і Ігнат Старавойтаў заваявалі прызавыя месцы. Дзеці паспяхова справіліся з тэарэтычнымі і практычнымі заданнямі па напрамку “Аграбіялогія і агратэхніка”. Дарэчы, конкурс арганізаваны з мэтай удасканалення сістэмы прафесійнай арыентацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, стварэння магчымасцей для асваення імі прафесійных кампетэнцый.

Што ж тычыцца кругласутачнага працоўнага лагера, то ў яго ахвотна запісаліся 20 чалавек: дзяўчаты і хлопцы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, гэта навучэнцы 7—10 класаў з вёскі Дуброва і суседніх населеных пунктаў. На базе школы для дзяцей створаны ўсе ўмовы: спецыяльна абсталяваны пакоі для сну і адпачынку, ёсць спартзала і месца для дыскатэкі. Моладзь 24/7 знаходзіцца разам, усе яны ў захапленні ад зносін і сумеснага баўлення часу.

— Школьнікі па меры магчымасці імкнуцца прымаць удзел у жыцці гаспадаркі філіяла “Дубрава-агра” РУП “Гомельэнерга”, цяпер дапамагаюць на сельгасугоддзях, — працягвае Вікторыя Сяргееўна. — Занятасць дзяцей няпоўная, з 8.30 да 11.30, праз кожныя 45 мінут — 15-мінутны перапынак на адпачынак. Раніцай снеданне і адпраўленне на месца працы. Апетыт у дзяцей добры: раніцай любяць есці кашы, амлеты, бліны, запяканкі, а пасля працы налятаюць на абед. У школьнікаў з працоўнага атрада пяціразовае харчаванне.

Пасля снедання выхаванцы бяруцца за працу. На полі, пад чулым кіраўніцтвам агранома, яны праводзяць відавую праполку на насенных участках з трыцікале: з гатункавага пасеву выдаляюць прымешкі іншых раслін. Усе каласы, якія не адносяцца да гэтага віду і гатунку, падлягаюць выдаленню.

— У нас на полі пасеяна трыцікале (суперэліта), пасля ўборкі збожжа гэтай культуры будзе закладзена на насенне ў насенны фонд, — тлумачыць прынцып відавой праполкі аграном філіяла “Дуб­рава-агра” РУП “Гомельэнерга” Марына Кажамячонак. — І для таго каб атрымаць выдатнае, якаснае насенне, аднатыпнае па гатункавай прымеце, мы разам з дзецьмі выконваем гэтую карпатлівую працу — зразаем у трыцікале каласкі зімавой іржы. Хлопцы і дзяўчаты ўсе ў рукавіцах, абавязкова ў галаўных уборах, сочым за выкананнем пітнога рэжыму.

Працоўнае лета: карысць відавочная

Летняя спякота прымушае школьнікаў добра папацець, таму ўсе яны рады зрабіць невялікі перапынак і ненадоўга схавацца ад сонца ў цені. Некалькі глыткоў вады — і кожны гатовы дзяліцца сваімі гісторыямі, звязанымі з працоўнымі буднямі.

За кароткі час зразумела прынцып работы і беспамылкова вызначаю тыя каласкі, якія трэба зрэзаць, — гаворыць васьмікласніца Лізавета Баранава. — Мне вельмі падабаецца ў працоўным лагеры, у коле аднакласнікаў і сябровак весела, работа ў нас нескладаная, а змена праходзіць непрыметна. Я спецыяльна запісалася ў студатрад, каб адчуць на сабе, якімі намаганнямі зарабляюцца грошы.

У працоўны лагер дзесяцікласнік Ігнат Старавойтаў трапіў не выпадкова, а з канкрэтнай мэтай.

— Мару стаць праграміс­там, і для гэтага мне патрэбен добры ноўтбук, таму хачу сабраць вялікую суму, — прызнаецца хлопец. — Да працы стаўлюся сур’ёзна. Да таго ж працоўны лагер — доб­рая магчымасць не толькі зарабіць, але і правесці летні час цікава і весела ў добрай кампаніі сяброў — карысць відавочная.

Дзевяцікласніца Настасся Сівалап плануе паступаць у Гомель і атрымаць прафесію цырульніка, а пакуль дзяўчына працуе на полі.

— У працоўным лагеры можна зарабiць, а грошы лішнімі не бываюць, — адзначае яна. — На што выдаткую сродкі? Пакуль яшчэ не вырашыла. Але дакладна ведаю, што лепш займацца карыснай справай, чым сядзець дома на канапе. На полі працуецца лёгка. Калі настрой добры — можна і паспяваць. Бывае, што і танцуем.

Здаецца, моладзь ведае, як правесці гэтае лета весела і з карысцю. Зароб­леныя ўласнай працай грошы будуць шанавацца больш, бо да фінансавых пытанняў школьнікі ўжо ставяцца не так па-спажывецку, як раней.

Пасля трохгадзіннага працоўнага дня хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць гігіенічныя працэдуры, затым абед і культурнае баўленне часу. Распарадак дня выбудаваны так, каб заставаўся час і на адпачынак, і на забавы. Якія ж яны шчасліўчыкі!

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара