Крэатыўнасць, прафесіяналізм і творчасць прадэманстравалі ўдзельнікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Метадыст года — 2024”, у фінале за званне лепшага змагаліся 5 прадстаўнікоў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Свята майстэрства
Фінальны акорд спаборніцтва прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў адбыўся ў Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Як расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і метадычнай рабоце абласнога палаца творчасці Ганна Торчык, традыцыйна конкурс праводзіцца раз у тры гады пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і заўсёды становіцца значнай падзеяй і сапраўдным святам прафмайстэрства. Сёння метадыст — праваднік паміж навукай і практыкай, гэта спецыяліст дадатковай адукацыі, які вучыць дарослых.
— Адзначу, барацьба ў фінале была напружаная, бо ўсе прэтэндэнты на званне лепшага метадыста маюць высокі ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці, фундамент асноўных метадычных ведаў і ўменняў, практычных навыкаў, — сказала Ганна Мікалаеўна. — У гэтым годзе 18 прадстаўнікоў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі змагаліся за выхад у фінал.
Дарэчы, першы (завочны) тур прайшоў у студзені, у ім удзельнікі прадставілі відэасамапрэзентацыю, распрацоўку метадычнага мерапрыемства для педагогаў дадатковай адукацыі і лічбавы метадычны рэсурс. На другім этапе, які адбыўся ў лютым, трэба было прайсці камп’ютарнае тэсціраванне і праверыць веды ў галіне нарматыўнага права і навукова-метадычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, педагогікі і псіхалогіі, якое рэалізуецца па напрамку дзейнасці. Па выніках тэсціравання ў наступны тур прайшлі 10 чалавек. У сакавіку ў рамках трэцяга тура канкурсанты правялі адкрытае метадычнае мерапрыемства ў незнаёмай аўдыторыі для педагогаў дадатковай адукацыі. У выніку па рашэнні журы ў фінал конкурсу прайшлі 5 спецыялістаў — Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Вольга Баравічэнка, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Кацярына Грыгор’ева, Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна Тамара Кузьмянкова, Цэнтра творчасці дзяцей моладзі Калінкавіч Таццяна Лежына, Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Юлія Шэбашава.
У фінале ўдзельнікі падарылі журы і гледачам сапраўднае свята прафесійнага майстэрства і творчасці, свае яркія ідэі і метадычныя знаходкі. Стоячы на сцэне, прафесіяналы сваёй справы, вядома, крыху хваляваліся, але змаглі падабраць важныя словы на творчым самапрадстаўленні, прадставіць прэзентацыю лічбавага метадычнага рэсурсу і правесці неверагодна цікавы майстар-клас для метадыстаў. Дарэчы, упершыню ў гісторыі конкурсу на сцэне былі праведзены міні-майстар-класы. З глядзельнай залы было неверагодна цікава назіраць за развіццём падзей, сачыць за творчым нестандартным падыходам.
— Няпростая задача выпала на долю журы, — падкрэсліла Ганна Мікалаеўна. — Ацаніўшы старанні і кампетэнтнасць канкурсантаў, намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ганна Аверына назвала лаўрэатаў і пераможцу конкурсу. Так, уладальніцай звання “Метадыст года — 2024” стала метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Кацярына Грыгор’ева.
Спецыяліст паказала сябе арганізатарам і аналітыкам-даследчыкам, педагогам і экспертам, у якім спалучаюцца крэатыў і творчасць. Лаўрэатамі конкурсу II і III ступені адпаведна прызнаны Вольга Баравічэнка і Таццяна Лежына.
Рэцэпт трыумфу
— Поспех метадыста — гэта поспех работы ў камандзе. З гордасцю магу сказаць, што я ў камандзе “Ювенты”! — у першыя мінуты пасля абвяшчэння вынікаў сказала пераможца Кацярына Грыгор’ева. — Вельмі цяжка перадаць увесь спектр эмоцый, які адчуваю, бо конкурс — гэта не толькі пра ўдзел, перамогі і пройгрышы. У першую чаргу гэта пра ўменне пераадольваць любыя перашкоды, і галоўнае — гэта магчымасць расці як асабіста, так і прафесійна. Мой шлях да поспеху быў значна даўжэйшы, чым этапы спаборніцтва. На ім пашчасціла сустрэць сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, аднадумцаў. Перамога ў конкурсе для мяне — прызнанне таго, што ўсё раблю правільна. Дзякую тым людзям, якія паверылі ў мяне, без якіх гэты шлях быў бы вельмі складаным, а перамога, хутчэй за ўсё, немагчымай. Шмат чаму навучылася ў дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Таццяны Шамелавай, а дзякуючы загадчыцы Светлагорскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміле Рагаўцовай, адбылося маё станаўленне ў прафесіі метадыста. Перапаўняюць пачуцці ўдзячнасці творчым і ініцыятыўным педагогам нашага цэнтра.
За плячыма пераможцы вялікі вопыт у арганізацыі і каардынацыі работы педагагічных кадраў, больш за 10 распрацовак па арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, выпуск раённага інфармацыйна-тэматычнага міні-часопіса “Рытм”, арганізацыя курсаў і семінараў для педагогаў.
“Не сорамна не ведаць, сорамна не вучыцца” — дэвіз уладальніцы звання “Метадыст года — 2024” метадыста Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска Кацярыны Грыгор’евай.
Кацярына Пятроўна лічыць, што галоўная мэта работы метадыста любой установы адукацыі ў тым, каб дапамагчы педагогам-практыкам укараняць у сваю дзейнасць новыя адукацыйныя тэхналогіі.
— Так, кожны можа прачытаць тэорыю сам, але на справе многія навуковыя распрацоўкі аказваюцца маладаступнымі, бо цяжкія для ўспрымання і разумення, — працягвае думку светлагорскі спецыяліст. — А вось як данесці да дасведчаных педагогаў навіны і пераканаць прыняць іх — гэта ўжо майстэрства метадыста. Мэта работы нашага метадычнага аб’яднання — стварэнне ўмоў для павышэння лічбавай кампетэнцыі педагогаў. Вынік нашай сумеснай працы заўважаю кожны дзень, калі наведваю заняткі, калі праводжу метадычныя мерапрыемствы, калі радуюся перамогам педагогаў на конкурсах рознага ўзроўню. Пераканана, што важную ролю адыгрывае матывацыя педагогаў на поспех, каб яны маглі адчуць задавальненне ад прызнання іх прафесійнай кампетэнтнасці. За мінулы год на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях мною таксама паспяхова трансліраваўся вопыт па рэалізацыі грамадзянскіх і патрыятычных праектаў. Упэўнена, наперадзе шмат новых адкрыццяў і дасягненняў.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва гераіні публікацыі