Настаўніца з Нясвіжскага раёна Іна Віннік прызнана лепшым выкладчыкам-русістам на Сусветным фестывалі рускай мовы.
У лістападзе ў Санкт-Пецярбургу адбыўся фінал ІІ Сусветнага фестывалю рускай мовы, які праводзіўся Міжнароднай асацыяцыяй выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры пры падтрымцы фонду “Рускі свет”.
Фестываль закліканы аб’яднаць і падтрымаць тых, хто выкладае і папулярызуе рускую мову, захапляецца і захапляе вывучэннем рускай мовы, літаратуры і культуры. У маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 30 тысяч школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў з больш чым 80 краін свету. Па выніках тэарэтычнага тэста і творчага конкурсу ў фінал прайшлі 300 аматараў рускай славеснасці.
У катэгорыі “выкладчыкі-русісты” перамогу атрымала наша зямлячка Іна Рычардаўна Віннік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна.
Гэта далёка не адзіная высокая ўзнагарода Іны Рычардаўны. У мінулым годзе яна стала пераможцай першага міжнароднага конкурсу “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа”. Сёлета Іну Віннік прызналі Чалавекам года Мінскай вобласці, таксама настаўніца стала суперфіналістам рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Беларусі” ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”.
Дар’я РЭВА.
Фота з асабістага архіва Іны Віннік.





