Менавіта так, як і казачных герояў, якія любілі падарожнічаць, назвалі змену — “Новыя прыгоды “ўліпсікаў” — у дзіцячым аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем “Сяброўства”, якая была арганізавана для навучэнцаў малодшага школьнага ўзросту Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага.
На працягу 18 дзён “уліпсікі” падарожнічалі па розных незвычайных месцах і прынялі ўдзел у цікавых і пазнавальных мерапрыемствах.
Раскрыццю творчых здольнасцей спрыяў удзел у конкурсна-забаўляльнай праграме “Лета чырвонае, званчэй спявай!”, конкурсах “Алё! Мы шукаем таленты!”, танцавальнага майстэрства “У рытме танца”, шоу “Містар і міс лагера”, шоу-праграме “Песенная карусель”. Бліснуць сваім інтэлектам дзеці маглі ў гульнявой праграме “Эрудыт-шоу”, літаратурнай віктарыне “Марскі бой”, у гульні “Поле цудаў “Я — мультыман”. Правядзенне такіх мерапрыемстваў, як ролевая гульня “Цімур і яго каманда”, конкурс абароны прафесій “Профі-шоу”, аперацыя “Чысты двор”, паказала, што выхаванцы лагера ўмеюць не толькі актыўна адпачываць, але і працаваць.
Праводзіліся і мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі. Дзеці ўсклалі кветкі да помніка Смуткуючай Маці ў Бераставіцы, удзельнічалі ў конкурсе творчых работ “Наш падарунак Перамозе”.
На працягу ўсёй змены дзеці былі актыўнымі ўдзельнікамі розных спартыўных мерапрыемстваў. Так, быў праведзены сумесны турнір па футболе з лепшымі футбалістамі школы.
Але галоўным мы лічым тое, што пазнаёмілі нашых цікаўных “уліпсікаў” з новымі людзьмі, новымі месцамі і прафесіямі. Цікавай была сустрэча з навучэнцам 6 класа сярэдняй школы № 23 Гродна Андрэем Сарасекам. Гэтая школа падтрымлівае цесныя кантакты з адным з райаддзелаў міліцыі горада, а Андрэй з’яўляецца пераможцам агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці сярод калектываў органаў і падраздзяленняў унутраных спраў УУС Гродзенскага аблвыканкама ў намінацыі “Арыгінальны жанр”. Свой талент юны фокуснік прадэманстраваў і дзецям у лагеры.
Навучэнцы наведвалі дзіцячую раённую бібліятэку, краязнаўчы музей “Вавёрка”. Зарад станоўчых эмоцый выхаванцы атрымалі ад экскурсіі ў пажарную часць. Дзеці пабывалі ў дыспетчарскай, убачылі выратавальны рыштунак, пажарныя машыны. Шмат уражанняў пакінула экскурсія ў ДАІ. Інспектар па адміністратыўнай практыцы Іван Чучаловіч правёў гутарку па Правілах дарожнага руху, пасля чаго быў прадэманстраваны фільм “Гэта ж дзіця”. У канцы экскурсіі кожны атрымаў у падарунак ад супрацоўнікаў ДАІ флікер. Цікавай была сустрэча з участковым інспектарам ІСН Аляксандрам Унуковічам, кіраўніком аматарскага аб’яднання “Вінт”. Аляксандр Вацлававіч пазнаёміў усіх са сваім захапленнем, а ўдзельнік клуба Міхаіл Баравік прадэманстраваў вырабленую ім лятаючую мадэль “квадракоптар”.
Пазнаёміцца з прафесіяй журналіста дзеці змаглі падчас экскурсіі ў рэдакцыю “Бераставіцкай газеты”. Аглядную экскурсію правяла галоўны рэдактар газеты Зінаіда Самкова.
Падарожнічалі разам з “уліпсікамі” захопленыя сваёй справай настаўнікі Святлана Краўцова, Ала Яскулд, Вольга Леснікова, Тамара Багдановіч, Генадзь Каравай.
Надзея КРАСОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў
Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага Бераставіцкага раёна.




