Любоў да малой радзімы пачынаецца з навядзення парадку на роднай зямлі, лічыць дырэктар Высокаўскай сярэдняй школы

- 12:10На пользу дела, Новости

Дырэктар Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна Адам Шчасны ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” заўважыў, што падчас прагляду сацыяльных сетак прыемна бачыць, як замежныя турысты адзначаюць чыстыя і добраўпарадкаваныя населеныя пункты нашай краіны, гасціннасць беларусаў. Калектыў установы адукацыі таксама ўносіць уклад у гэтую важную і працаёмкую справу.

На працягу апошніх 10 гадоў школа з’яўляецца пастаянным прызёрам раённага і абласнога конкурсаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстаноў адукацыі “Цудоўней стане Піншчына мая” і “Цудоўней стане Брэстчына мая”.

— Гэтыя поспехі былі б немагчымымі без настаўніцы абслуговай працы Інесы Мікалаеўны Чарняк, — заўважае Адам Аляксандравіч. — Дзякуючы ёй, школьная тэрыторыя з кожным годам становіцца больш прыгожай і добраўпарадкаванай.

Па словах дырэктара, работа Інесы Чарняк пабудавана на дакладным планаванні. Штогод зімой яна вызначае, якімі будуць школьныя клумбы і кветнікі, дзе будуць разбіты новыя ландшафтныя пляцоўкі. Падлічваюцца грашовыя расходы на гэтыя мэты, якія ўключаюць набыццё ўгнаенняў і плёнкі для накрыцця невялікай цяпліцы, дзе вырошчваецца расада.

— Валодаючы дасканалымі ведамі, уменнямі і навыкамі, Інеса Мікалаеўна ўмее разбіць клумбы і кветнікі такім чынам, каб яны радавалі вока з ранняй вясны да першых маразоў, — расказвае Адам Шчасны. — У гэтым педагогу актыўна дапамагаюць калегі і вучні на ўроках працоўнага навучання, падчас грамадска карыснай працы, летняй практыкі і адпачынку ў лагеры. Ад уважлівага позірку Інесы Міка­лаеўны нічога не схаваецца. Усё знаходзіцца ў яе на кантролі.

І гэта зразумела. Плошча тэрыторыі, якая патрабуе догляду, складае 7 сотак. Для невялікай сельскай школы гэта даволі шмат. Але затрачаныя намаганні вартыя таго, каб кожны верасень установа сустракала вучняў і іх бацькоў яркай, квітнеючай і дагледжанай тэрыторыяй. Многія з іх з задавальненнем ладзяць фотасесіі на фоне клумб і кветнікаў. А педагогам прыемна чуць ад выхаванцаў і гасцей заслужаную пахвалу ў свой адрас.

— Атрымліваць дыпломы за работу па добраўпарадкаванні прыемна і ганарова, але за ёй стаіць вялікая, сістэмная і працяглая праца ўсяго педкалектыву, які ў сваёй стваральнай дзейнасці кіруецца знакамітым выслоўем: “Прыгажосць выратуе свет!”, — падагульняе Адам Шчасны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі