Аграгарадок Башні ў пару залатой восені сустракае не толькі жоўта-чырвоным убраннем дрэў. Тэрыторыя школы радуе вока стракатасцю клумбаў, а ўтульныя сядзібы мясцовых жыхароў цудоўна сведчаць, што тут жывуць працавітыя людзі. І прыгажосць яны ствараюць не толькі на ўласных падворках. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прагуляцца па цэнтральнай вуліцы населенага пункта. Увагу адразу прыцягвае аўтобусны прыпынак. Гэта не проста месца, дзе спыняецца грамадскі транспарт. Гэта без перабольшання арыгінальны арт-аб’ект. Бусел, кветкі, матылькі — простыя, на першы погляд, сімвалы роднага краю, намаляваныя рукамі дзяцей, ствараюць па-асабліваму ўтульную атмасферу, выклікаюць пачуццё замілавання.
— Уся гэтая прыгажосць з’яўляецца вынікам дзейнасці школьнага валанцёрскага атрада “Башневский движ”. Яшчэ зусім нядаўна прыпынак выглядаў стандартна: стрыманыя колеры, шэрыя лаўкі. Нічога асаблівага. Але ж ён знаходзіцца недалёка ад школы. Дзеці кожны дзень праходзяць каля прыпынку на заняткі, ды і моладзь любіць бавіць тут вольны час. Таму, канечне, ім захацелася зрабіць гэтае месца больш яркім, прыгожым.
Дзякуючы выйгранаму гранту, а таксама падрымцы сельсавета, гэтым летам мы закупілі фарбу. Дружнай талакой ачысцілі старую, замалявалі розныя надпісы. У гэтай справе нашым вучням дапамаглі іх сябры з Шуміліна, Віцебска, якіх яны загадзя запрасілі праз сацыяльныя сеткі. Не засталіся ўбаку і бацькі школьнікаў, педагогі, проста неабыякавыя людзі, — расказала кіраўнік валанцёрскага атрада настаўніца матэматыкі Башнеўскай базавай школы Марына Ягораўна Аляксеенка.
У башнеўскіх валанцёраў шмат карысных спраў. Удзел у дабрачынных акцыях, дапамога пажылым і адзінокім людзям, добраўпарадкаванне помнікаў, флэш-мобы, правядзенне гадзін інфармавання, пасадка дрэў… Яркай, незабыўнай падзеяй стала дружнае ўпрыгожванне аўтобуснага прыпынку. Чым не прыклад для пераймання?
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара