Аднойчы, чытаючы Паўла Каэлья, трапіла на цікавы выраз: “Там, дзе нас чакаюць, мы заўсёды апынаемся дакладна ў тэрмін” (“Дзённік чараўніка”). У тым, што гэта сапраўды так, пераканалася, калі падчас чарговага прэс-туру па ўстановах адукацыі Віцебшчыны мы чарговы раз сталі гасцямі ІТ-акадэміі “КомпАС”.
“КомпАС” дзейнічае на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі з 2016 года. Калі на старце тут займаліся ў адным класе, то на сённяшні дзень на заняткі прыходзіць паўтысячы дзяцей. І спіс прапануемых дысцыплін увесь час пашыраецца. Акрамя робататэхнікі і праграмавання, школьнікі вывучаюць асновы вэб-дызайну, сістэмнае адміністраванне, камп’ютарную графіку, асновы анімацыі, відэамантаж, 3D-мадэляванне, праграмаванне ў пясочніцы Minecraft.
Педагог дадатковай адукацыі Уладзімір Купрыянцаў расказаў пра новыя лабараторыі, якія запрацавалі ў будынку былога ВВК. У лабараторыі робататэхнікі і нейрапілатавання вучаць азам праграмавання і канструявання аўтаматызаваных камп’ютарных сістэм, у тым ліку робатаў. Для другой лабараторыі — 3D-мадэлявання і камп’ютарнай графікі — закуплены 3D-прынтары.
Новыя класы з новымі камп’ютарамі, ноўтбукамі і дадатковымі наборамі для робататэхнікі, мікрасхемамі. Для падтрымкі тэхнікі ўсталявалі сервернае абсталяванне. Для творчых дзяцей стварылі адпаведнае асяроддзе: ва ўсіх новых лабараторыях з боку калідора — празрыстыя сцены. Адзін з класаў цалкам мабільны ў плане расстаноўкі мэблі і тэхнікі: сталы і крэслы лёгка кампануюцца ў любыя зручныя спалучэнні, замест стацыянарных камп’ютараў тут ноўтбукі.
Акрамя таго, у ІТ-акадэміі “КомпАС” адкрылася і майстэрня з лазерна-гравіравальным станком, плотарамі і 3D-прынтарамі. Плотар можа друкаваць вялікія банеры, напрыклад, для знешняй рэкламы. Паяльная станцыя, фены патрэбны для курса сістэмнага адміністравання.
Для Оршы такое абсталяванне ўнікальнае. У IT-акадэміі бачаць перспектыву, як зрабіць яго карысным не толькі для адукацыйнага працэсу. Ёсць меркаванне, што майстэрня можа стаць лабараторыяй для стартапаў — дапамагаць у развіцці малога бізнесу ў рэгіёне.
Але ж унікальнае абсталяванне для дарослых сучасным дзецям падпарадкоўваецца вельмі хутка. Спецыяльна для нашых журналістаў выхаванцы аршанскай ІТ- акадэміі падрыхтавалі прэзентацыі сваіх праектаў.
Напрыклад, макет Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіны зроблены з дапамогай Arduino, запраграмаваны і намаляваны ў Scratch. Дарэчы, малодшыя школьнікі з задавальненнем праграмуюць у асяроддзі Scratch. Прыкладное значэнне мае праект “Разумны дом” з функцыяй сабакі-ахоўніка. Сабака пачынае брахаць, калі нехта набліжаецца да дома.
Нам паказвалі робатаў, якімі можна кіраваць са смартфона. Асаблівую ўвагу гаспадынь прыцягнуў робат, які замяняе хатнюю прыбіральшчыцу. У мінулым годзе дзеці зрабілі навагодняга робата-аленя, і ён настолькі ўсім спадабаўся, што з’яўляецца бадай што самай запатрабаванай навагодняй разумнай цацкай і сёлета.
У гэтым годзе двое выхаванцаў акадэміі паступілі ў БДУІР і адзін — у БДУ на спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Напрыклад, Івану Пратасаву спатрэбілася ўсяго некалькі заняткаў, каб змяніць свае планы на будучыню. Са сваімі аднадумцамі ён прэзентаваў праект для МНС, які дапамагае знайсці пажары на тарфяных балотах і ў цяжкадаступных месцах. З дапамогай робатаў EV3 яны змадэлявалі сітуацыю тушэння агню на дыстанцыі, стварылі прататып робата, які можа абкопваць тэрыторыю вакол пажару. Гэта значыць, прадумалі ўсё: ад таго, як дабрацца да месца, да поўнай ліквідацыі агню. Такое, канечне, вельмі ўражвае.
Некалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі трапна заўважыў: “Магніт компаса паказвае на поўнач і на поўдзень, выбар правільнага напрамку залежыць ад чалавека. У юных аршанцаў з’явіўся надзейны компас, які паказвае правільны шлях у камп’ютарным свеце”. За тры гады існавання акадэміі тэмпы развіцця толькі павышаліся, таму наперадзе будзе яшчэ шмат перамог.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ірыны ІВАШКА.