Майстар-класы ад членаў клуба «Крыштальны журавель» прайшлі ў Акадэміі адукацыі

- 9:00Главная, Клуб «Хрустальный журавль», Образование

Конкурс “Настаўнік года” натхняе і развівае, дае магчымасць адчуць сваю педагагічную цэльнасць, што на ўласным прыкладзе прадэманстравалі члены клуба “Крыштальны журавель”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На базе Акадэміі адукацыі прайшоў рэс­публіканскі семінар “Эстафета пакаленняў: лепшы педагагічны вопыт маладым педагогам”. Арганізатары паставілі перад сабой амбіцыйныя задачы: не прос­та прадэманстраваць эфектыўны педагагічны вопыт, а з яго дапамогай пастарацца развіць прафесійныя кампетэнцыі ў патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу (у акадэмію прыехалі якраз такія), матываваць іх да прафесійнага развіцця. Для гэтага запрасілі пераможцаў конкурсу прафесійнага майс­тэрства мінулых гадоў, якія правялі для пачынаючых калег серыю майстар-класаў.

Матывацыйную атмасферу стварыла нас­таўніца біялогіі гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана Пінска, суперфіналіст рэспублі­канскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2023”, настаўнік-метадыст Таццяна Пархамчук. Таццяна Віктараўна раздала авіяцыйныя білеты — сімвалы маршруту ў новы навучальны год з QR-кодамі, за якімі схаваны карысныя матэрыялы. А затым паказала, як можна захапіць вучня на кожным этапе ўрока. Напрыклад, для эфектыўнага старту ўрока і ўключэння вучняў у вучэбны працэс прапанавала прыём “Бінга” — гульнявую форму мэтавызначэння, пры якой кожны ўдзельнік атрымлівае спіс мэт або задач, а затым на працягу ўрока (па меры выканання) выкрэслівае дасягнутыя пункты, а калі ўсе мэты выкананы — крычыць “Бінга!”.

Падчас свайго майстар-класа “45 хвілін для ўсіх і кожнага: эфектыўныя прыёмы ўключэння вучняў у адукацыйны працэс” Таццяна Пархамчук прапанавала змяніць падыходы да дамашняга задання з дапамогай такога прыёму, як “Дошка выбару”. Гэта спосаб ператварыць дамашнюю работу ва ўсвядомлены крок: вучань сам выбірае заданне з прапанаваных варыянтаў, бярэ на сябе абавязацельства яго выканаць і адчувае павагу да свайго выбару.

Людміла Гурыновіч, настаўнік-метадыст, настаўніца гісторыі Ліцэя імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ, суперфіналіст рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2023”, расказала пра выкарыстанне метадычных прыёмаў для развіцця метапрадметных кампетэнцый вучняў.

Вольга Кіслова, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Гомеля, фіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2014”, прапанавала аб’яднаць эмацыянальны і штучны інтэлекты, каб утварыць сінергію ў прасторы школы. “Што ў школе больш важна — дакладны алгарытм або чулае сэрца?” — спытала яна. Насамрэч школа не зможа функцыяна­ваць ні без правіл, ні без перажыванняў. Вольга Аляксандраўна прадэманстравала прыёмы змешвання штучнага і эмацыянальнага інтэлектаў, калі, напрыклад, нейрасеткі могуць быць настаўнікам па эмацыянальнай культуры, прычым як для вучняў, так і для бацькоў.

Канстанцін Крышталь, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска, фіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2023”, правёў майстар-клас “Калода кампетэнцый: мікранавучанне ў дзеянні”. Кожны педагог задаецца пытаннем, чаму і як ву­чыць. На дапамогу прыйдуць універсальныя кампетэнцыі, якія ўключаюць кагнітыўныя навыкі (крытычнае мысленне, крэатыўнасць, вырашэнне праблем), камунікатыўныя навыкі (камунікацыя, кааперацыя), асабістыя якасці (самаарганізацыя, эмацыянальная рэгуляцыя) і інфармацыйна-лічбавыя навыкі (ІКТ-кампетэнцыі). А сфарміраваць гэтыя кампетэнцыі дапамогуць такія прыёмы і формы работы, як крэатыўны бой, вучэбныя праекты, заданні адкрытага тыпу.

Вольга Лукша і Іван Якіменка

Вольга Лукша, настаўнік-метадыст, нас­таўніца англійскай мовы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Браслаўскай гімназіі імя Героя Савецкага Саюза І.М.Валчкова, суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2017”, прадэманстравала, як штучны інтэлект можа быць рэсурсам для педагагічнага поспеху.

Яна прапанавала шэраг “рэцэптаў”:

  1. Інгрэдыенты:
  • Canva з AI-кодам;
  • ідэя інтэрактыўнага задання;
  • крыху фантазіі і выразнай структуры.

Інструкцыя:

  • адкрыйце Canva і выберыце AI-інструмент для генерацыі заданняў;
  • апішыце структуру: пытанне, варыянты адказу, элементы ўзаемадзеяння;
  • адрэдагуйце шаблон пад свой урок;
  • захавайце як заданне, слайд або картку.
  1. Інгрэдыенты:
  • кароткі тэкст (агучка або песня);
  • Fliki або Suno;
  • кропля артыстызму.

Інструкцыя:

  • напішыце фразу, уступленне або жарт для ўрока;
  • выберыце стыль агучкі або мелодыі;
  • згенерыруйце вынік, пры неабход­насці падпраўце;
  • выкарыстоўвайце як аўдыяфайл, інтра, фон або завяршэнне.

Святлана Іванюшына, настаўнік-метадыст, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска, фіналіст конкур­су “Настаўнік года — 2020”, запрасіла на майс­тар-клас “Урок з чыстага ліста: як зрабіць навучанне яркім”, дзе гаварыла пра мэту ўрока (чаканы вынік дзейнасці) і прапанавала алгарытмы фармулёўкі мэты. Напрыклад, такі: прадмет вывучэння — працэс — вынік, які неабходна дасягнуць — для чаго і дзе можа спатрэбіцца (чаму гэта важна выву­чаць).

На ўроку гэта можа гучаць так: “Сёння вы даведаецеся, як знаходзіць бакі гарызон­ту па сонцы і з дапамогай народных прымет, што дапаможа вам сарыентавацца ў незнаёмай мясцовасці або ў лесе”.

Далей настаўніца звярнула ўвагу на клішэ: буду ведаць, буду ўмець. А таксама на варыянт па таксаноміі Блума: назаву (даведаюся) — вызначу — патлумачу (дакажу) — прывяду прыклад.

Іван Якіменка, настаўнік-метадыст, нас­таўнік інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года — 2011” і старшыня клуба “Крыштальны журавель”, азнаёміў маладых настаўнікаў з дзейнасцю клуба, яго праектамі, падзяліўся ўласным конкурсным досведам і адзначыў:

— Конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” не толькі стымулюе асобасны рост настаўніка, умацоўвае яго веру ў сябе, свой прафесійны выбар, але і дае вялікую колькасць сяброў і паплечнікаў, прафесійнымі і жыццёвымі парадамі якіх вы зможаце карыстацца пастаянна.

Інеса Зубрыліна, прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі адукацыі, пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2011”, запэўніла, што прадстаўнікі клуба “Крыштальны журавель” гатовы дапамагчы кожнаму жадаючаму стаць лепшай часткай прафесійнай супольнасці краіны.

Данііл Жыбуля, настаўнік фізікі, інфарматыкі, робататэхнікі сярэдняй школы № 20 Барысава:

— У педагогіку я прыйшоў мэтанакіравана і ўжо маю вышэйшую катэгорыю. Будучы адзінаццацікласнікам, шмат супрацоўнічаў з настаўнікам-метадыстам настаўніцай матэматыкі Ірынай Адамовіч, якая і натхніла на выбар прафесійнага шляху. Пад яе кіраўніцтвам я вёў урокі ў малодшых школьнікаў. Ірына Віктараўна карэкціравала мае першыя педагагічныя крокі, і я ёй вельмі ўдзячны за дапамогу.

Семінар “Эстафета пакаленняў: лепшы педагагічны вопыт для маладых педаго­гаў” закончыўся для мяне поўным канспектам. Я ўвесь час нешта запісваў, бо кожны настаўнік-метадыст шчодра дзя­ліўся сваімі педагагічнымі ідэямі. Калі рыхтую план-канспент урока, заўсёды думаю, чым здзівіць дзяцей, каб завалодаць іх увагай. Цяпер у маім метадычным арсе­нале значна больш сучасных метадаў і прыёмаў. Акрамя таго, новы вопыт дапаможа больш якасна падрыхтаваць і конкурсныя ўрокі. Каб перамагчы, трэба быць смелым, а для гэтага важна авалодаць шматлікімі метадычнымі інструментамі.

Аліна Пранько, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 16 Пінска:

— Удзел у рэспубліканскім семінары “Эстафета пакаленняў: лепшы педагагічны вопыт для маладых педагогаў” стаў для мяне каштоўным і натхняльным. Чарговы раз усвядоміла, наколькі важна ўлічваць і паважаць веды і дасягненні дасведчаных педагогаў, іх прафесіяналізм і мудрасць, якія дапамагаюць фарміраваць сучасную і эфектыўную адукацыю. Для мяне вялікі гонар быць выпускніцай гімназіі № 2 Пінска, настаўнікі якой неаднаразова станавіліся фіналістамі і суперфіналістамі конкурсу “Настаўнік года Рэспуб­лікі Беларусь”. Гэты факт матывуе на прафесійнае развіццё і служыць прыкладам высокага ўзроўню педагагічнага майстэрства. Мне вельмі прыемна, што я вучылася ў адукацыйным асяроддзі, дзе цэняцца інавацыі, творчасць і пастаяннае ўдасканаленне. Удзячна арганізатарам за магчымасць абмяняцца ведамі і натхніцца прыкладамі паспяховых педагогаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара