Майстэрня паспяховых людзей

- 10:50Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У 1930 годзе на ўскраіне Магілёва, на былой Цішоўскай пустцы, пачалі ўзводзіць фабрыку па вытворчасці віскознага шоўку. З’яўленне гэтага прадпрыемства паклала пачатак развіццю хімічнай прамысловасці ў нашай краіне. Калі прадпрыемства яшчэ будавалася, было прынята рашэнне аб адкрыцці пры фабрыцы школы фабрычна-заводскага навучання. За 90 гадоў, што прайшлі з той пары, адбылося мноства розных падзей, жыццё змянілася неверагодна. За гэты час, безумоўна, змянілася хімічная прамысловасць, як і ўстанова адукацыі — фабрычная школа вырасла ў Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 7. Аднак і праз дзесяцігоддзі захавалася цесная сувязь установы з хімічнай прамысловасцю. Сёння гэтую галіну складана ўявіць без вядомага прадпрыемства “Магілёўхімвалакно”, якое ў сваю чаргу не ўявіць без ліцэя.

В.П.Чумакова.

Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 7 — адна са старэйшых устаноў сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў нашай краіне. Калі ўсё толькі пачыналася, у фабрычна-заводскай школе вучыліся 150 юнакоў і дзяўчат, якія мелі ў асноўным адукацыю 3—4 класы. Школа размясцілася ў двух бараках па суседстве з прадпрыемствам. Сёння гэта сучасная ўстанова адукацыі, у якой створаны аптымальныя ўмовы для навучання: два вучэбныя і вучэбна-бытавы корпусы, абсталяваныя вучэбныя класы, лабараторыі і майстэрні, актавая зала, спартыўныя і трэнажорная залы, зала бокса. Зараз ва ўстанове навучаюцца каля 400 чалавек. Штогод ліцэй прымае на навучанне і выпускае каля 170 навучэнцаў.

— Галоўная задача для нашага ліцэя — задаваль­няць патрэбы эканомікі краіны ў рабочых кадрах, — дзеліцца меркаваннем дырэктар ліцэя Вольга Пятроўна Чумакова. — Для паспяховай дзейнасці нашай установы ключавымі з’яўляюцца некалькі ўмоў. Па-першае, гэта цесная сувязь з прадпрыемствамі, базавымі арганізацыямі. Па-другое, моцныя кадры: у ліцэі працуе згуртаваны калектыў сапраўдных прафесіяналаў. А па-трэцяе, гэта стварэнне добрых умоў, каб навучэнцы адчувалі сябе камфортна падчас заняткаў і пасля іх.

Ключавы партнёр

У ліцэі створаны два аддзяленні: аддзяленне прафесій хімічнага профілю і аддзяленне прафесій лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва.

З самага свайго заснавання ўстанова рыхтуе кадры для хімічнай прамысло­васці. Ключавы сацыяльны партнёр ліцэя — ААТ “Магілёўхімвалакно”. Прадпрыемства актыўна ўключаецца ў падрыхтоўку кадраў на ўсіх этапах — ад набору да працаўладкавання. Пераважная большасць работнікаў “Магілёўхімвалакна” — выпускнікі ліцэя.

У супрацоўніцтве з прадпрыемствам ліцэй вызначаецца з аб’ёмамі набору па розных напрамках. Ужо шмат гадоў ліцэй рыхтуе для “Магілёўхімвалакна” апаратчыкаў сінтэзу, лабарантаў хімічнага аналізу, слесараў па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы, аператараў кручэння і выцяжкі, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання.

Патрэбы сацыяльнага партнёра ўлічваюцца пры адкрыцці новых спецыяльнасцей. Так, напрыклад, прадпрыемству спатрэбіліся апаратчыкі выцяжкі. Ліцэй зрэагаваў аператыўна і ў гэтым навучальным годзе ўжо прыняў першую групу для падрыхтоўкі па гэтай кваліфікацыі. Справа гэтая новая не толькі для ўстановы, але і наогул для сістэ­мы ПТА: дагэтуль ні адна ўстанова адукацыі ў нашай краіне не ажыццяўляла падрыхтоўку па гэтай кваліфікацыі. Для забеспячэння якаснай падрыхтоўкі навучэнцаў па новай кваліфікацыі загадзя на базе “Магілёўхімвалакна” было арганізавана навучанне для педагогаў ліцэя.

Узаемадзеянне з прадпрыемствам ажыццяўляецца і пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах прафесійнага кампанента распрацоўваюцца ў ліцэі з улікам спецыфікі вытворчасці і ўзгад­няюцца з кіраўніцтвам “Магілёўхімвалакна”. Такім чынам, змест навучання мяняецца ў адпаведнасці са змяненнямі, якія адбываюцца на прадпрыемстве. Гэта дазваляе даваць навучэнцам менавіта тыя веды і ўменні, якія найбольш актуальныя на пэўным этапе.

Адметна, што практычнае навучанне будучых апаратчыкаў сінтэзу і аператараў кручэння і выцяжкі праводзіцца выключна ў цэхах “Магілёўхімвалакна”. Майстры вы­творчага навучання ліцэя падтрымліваюць цесную сувязь з кіраўнікамі цэхаў, прыцяг­ваюць іх да работы з навучэнцамі. Гэта яшчэ адзін прыклад сумеснай работы ліцэя з галоўным сацыяльным партнёрам. Справа ў тым, што абсталяванне, з якім працуюць прадстаўнікі гэтых прафесій, немагчыма размясціць у вучэбных майстэрнях ліцэя. У той жа час асваенне прафесіі немагчыма без непасрэднага знаёмства з гэтым абсталяваннем, без практычнай работы на ім. Прадпрыемства дапамагло вырашыць гэтую праблему, арганізаваўшы навучанне непасрэдна на вытворчасці, нягледзячы на тое, што гэта даволі няпроста, бо вытворчыя працэсы немагчыма спыніць ці запаволіць дзеля правядзення заняткаў.

Выпускныя ква­лі­фікацыйныя экзамены ў будучых работнікаў хімічнай прамысловасці традыцыйна прымае незалежная камісія з ліку вядучых спецыялістаў “Магілёўхімвалакна”.

Таксама прадпрыемства дапамагае падтрымліваць прафесійныя веды педагогаў на сучасным узроўні: супрацоўнікі ліцэя мо­гуць на базе прадпрыемства ўдасканальваць прафесійныя ўменні і навыкі, павышаць сваю кваліфікацыю, знаёміцца з перспектыўнымі напрамкамі дзейнасці.

Сумесная работа ў выніку прыносіць карысць усім — выпускнікі падрыхтаваны менавіта так, як гэта неабходна прадпрыем­ству, а значыць, на прадпрыемстве імі задаволены. Выпускнікі ж лёгка адаптуюцца ва ўмовах, якія ім ужо знаёмы, не адчуваюць дыскамфорту — значыць, задаволены і яны.

Ліцэй з’яўляецца захавальнікам не толькі сваёй гісторыі, але і гісторыі ўстаноў ПТА і ССА ўсёй вобласці. Менавіта Магілёўскаму дзяржаўнаму прафесійнаму ліцэю № 7 аказаны гонар прымаць у сябе Музей прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці. Музей дзейнічае ўжо 10 гадоў, экспазіцыйная зала знаходзіцца ў інтэрнаце ліцэя. Адкрыццю музея папярэднічала вялікая даследчая работа педагогаў і навучэнцаў каледжаў і ліцэяў вобласці.

Новыя сябры

У 90-я гады ў галіне хімічнай прамысловасці адбываўся спад і не было патрэбы ў вялікай колькасці новых работнікаў. Установе давялося прыстасоўвацца да новых умоў і было вырашана пачаць падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях. Так у ліцэі пачалі рыхтаваць работнікаў для галіны лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва. Сёння тут выпускаюць швачак, цырульнікаў, майстроў па манікюры.

У рабоце па гэтым напрамку ў ліцэя таксама ёсць надзейныя партнёры — базавыя арганізацыі. Адметна, што дзякуючы аўтарытэту ўстановы адукацыі, прадпрыемствы самі выступаюць ініцыятарамі супрацоўніцтва, як гэта было з ААТ “Ольса”, якое з 2019 года з’яўляецца базавай арганізацыяй ліцэя. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці кемпінгавай мэблі, выпускае асартымент тавараў для арганізацыі адпачынку, садовыя арэлі, шэзлонгі, складныя крэслы, а таксама мэблю для медыцынскіх устаноў і іншыя вырабы.

Пераважная коль­касць будучых швачак, якія вучацца ў ліцэі, праходзяць на прадпрыемстве аплачваемую вытворчую практыку з наступным працаўладкаваннем. Прадстаўнікі прадпрыемства ўваходзяць у склад кваліфікацыйнай камісіі пры правядзенні дзяржаўнага кваліфікацыйнага экзамену.

Пры падрыхтоўцы кадраў тэарэтычныя і практычныя заняткі лагічна дапаўняюць заняткі ў разнастайных аб’яднаннях па інтарэсах. Яны дазваляюць не толькі цікава бавіць вольны час, але і набываць карысныя ўменні. Так, напрыклад, у ліцэі дзейнічае тэатр-студыя моды. Будучыя швачкі на занятках пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў распрацоўваюць і шыюць калекцыі адзен­ня, а прычоскі, макіяж і манікюр мадэлям для дэманстрацыі калекцый робяць навучэнцы, якія атрымліваюць прафесію цырульніка, май­стра па манікюры. Штогод тэатр-студыя ўдзель­нічае ў Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды”, не раз каманда ліцэя станавілася фіналістам конкурсу.

Вітаюць інавацыі

Калектыў ліцэя заўсёды дэманстраваў гатоўнасць мяняцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, прыстасоўвацца да сучасных умоў, брацца за актуальныя ў дадзены момант кірункі дзейнасці. Установа працягвае развівацца, адкрываючы для сябе новыя напрамкі работы. Так, калі паўстала пытанне аб вывядзенні работы ўстаноў прафесійнай адукацыі са школьнікамі на новы ўзровень, ліцэй не застаўся ўбаку. З 2018 года ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 7 рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння”.

Ліцэй працаваў у цеснай звязцы з аддзелам па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва. Для 76 навучэнцаў школ горада на базе ліцэя была арганізавана пад­рыхтоўка па прафесіях “візажыст” і “майстар па манікюры”. Падрыхтоўка школьнікаў ажыццяўлялася ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Педагогі ліцэя распрацавалі вучэбныя праграмы, каляндарна-тэматычныя планы, склалі расклад заняткаў — і работа пачалася. На занятках у ліцэі школьнікі паступова асвойвалі выбраныя прафесіі. Таксама яны бралі ўдзел у розных прафарыентацыйных мерапрыемствах, каб больш даведацца аб установе і прафесіях, якія прапаноўвае ліцэй. Напрыклад, актыўна ўдзельнічалі ў майстар-класах, што ладзіліся пры правядзенні прафарыентацыйных субот у ліцэі.

Для больш выніковай работы са школьнікамі ўдзельнікі творчай групы, якая працавала над праектам, стварылі электронны сродак навучання. Гэта электронны вучэбны модуль па прадмеце “Працоўнае навучанне” па кваліфікацыі “візажыст”. Вучэбны модуль інтэгруе змест шэрага вучэбных прадметаў прафесійнага кампанента. Ён утрымлівае 7 частак, якія дазваляюць паэтапна навучыцца выконваць розныя віды макіяжу. Такі сродак навучання надзвычай актуальны, бо няма базавага падручніка для арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў па прафесіі “візажыст”, распрацаванага з улікам аб’ёму вучэбнай нагрузкі і патрабаванняў да ўзроўню падрыхтоўкі кадраў. Дарэчы, гэты электронны вучэбны модуль узнагароджаны дыпломам II ступені ў намінацыі “Электронны вучэбны модуль для дапрафесійнай падрыхтоўкі” XIV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Творцы з ліцэя пайшлі яшчэ далей і стварылі мабільны дадатак “Візаж” на аснове электроннага модуля. Мабільны дадатак дазваляе самастойна ў зручнай форме за­свойваць матэрыялы курса.


Ліцэй ставіць перад сабой задачу быць не проста навучальнай установай, а майстэрняй паспяховых людзей. А гэта значыць выхоўваць прафесіяналаў, якія добра ведаюць сваю справу, асоб, здольных мысліць маштабна і крэатыўна, аналізаваць сітуацыю і хутка прымаць рашэнне, людзей, якія з лёгкасцю знойдуць сваё месца ў жыцці.

— Лічу, што галоўны крытэрый эфектыўнасці работы ўстановы прафесійнай адукацыі — гэта запатрабаванасць выпускнікоў і іх паспяховае працаўладкаванне па тых прафесіях, што яны атрымалі, — адзначае ды­рэктар ліцэя Вольга Пятроўна Чумакова. — Мы бачым, што нашы дзеці запатрабаваны на прадпрыемствах, яны замацоўваюцца на працоўных месцах, маюць поспехі ў рабоце і самарэалізоўваюцца ў прафесіі. Значыць, мы, супрацоўнікі ліцэя, са сваімі задачамі спраўляемся.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.