Майстры на ўсе рукі

- 13:52Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

“Прафесіяналізм майстра — прэстыж установы!” — пад такім дэвізам у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі прайшоў фінал абласнога конкурсу “Майстар года — 2021”, арганізатарамі якога выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абкамы галіновых прафсаюзаў.

Пераможца конкурсу Надзея Віктараўна Карповіч.

— Спаборніцтва праводзілася сярод майстроў вытворчага навучання ПТНУ і ССНУ з мэтай іх прафесійнага росту, выяўлення эфектыўнага педагагічнага вопыту, раскрыцця творчага патэнцыялу работнікаў і фарміравання пазітыўнага іміджу прафесіі, — расказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук. — Конкурс праходзіў у 3 этапы. Падчас першых двух удзельнікі рыхтавалі карты сваіх прафесійных дасягненняў і відэазамалёўкі “Майстарскія будні”. Фіналісты прэзентавалі візітоўкі з педагагічным крэда, паказвалі майстар-класы па рабочых прафесіях, па якіх рыхтуюць спецыялістаў, спаборнічалі ў эрудыцыі і тэарэтычных ведах па арганізацыі вытворчага навучання, дэманстравалі артыстычныя і прамоўніцкія здольнасці пры выкананні мастацкіх твораў, рэкламавалі свае прафесіі і ўстановы адукацыі, а таксама расказвалі пра жыццёвыя інтарэсы і захапленні.

— Конкурс прайшоў на адным дыханні і падарыў незабыўныя ўражанні ад невычэрпнай творчасці і высокага прафесіяналізму ўдзельнікаў, кожны з якіх пераканаўча даказаў, што з’яўляецца сапраўдным майстрам сваёй справы, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшай стала майстар вытворчага навучання па прафесіі грамадскае харчаванне, кухар Надзея Віктараўна Карповіч з Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці. Астатнія фіналісты былі адзначаны ў наступных намінацыях: “Шматграннасць таленту” (майстар вытворчага навучання па прафесіі тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў Іна Іосіфаўна Палулех з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання), “Індывідуальны стыль” (майстар вытворчага навучання па прафесіі станочнік шырокага профілю Мікалай Мікалаевіч Шчэрба з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання), “Творчасць і эксперымент” (майстар вытворчага навучання па прафесіі прадавец Святлана Васільеўна Такменіна з Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання) і “Імкненне да перамогі” (майстар вытворчага навучання па прафесіі грамадскае харчаванне, кухар Святлана Іванаўна Япіхіна з Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.