Маладая настаўніца з Радуні Лізавета Грыц вядзе сваіх вучняў да поспеху і ідзе гэтым шляхам сама

- 10:05Гродненская область, Образование

Маладая настаўніца біялогіі Лізавета Грыц з Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна вядзе сваіх вучняў да поспеху і ідзе гэтым шляхам сама. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 10 Ліды яна планавала паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Балаў крыху не хапіла, каб прайсці на бюджэтную форму навучання, таму прыняла адказнае рашэнне — выбраць не менш значную прафесію.

— Мне падабаецца наладжваць узаемадзеянне з дзецьмі, дзяліцца з імі ведамі па прадмеце, які я заўсёды любіла. Так што выпадковасці ў маім жыцці зусім не выпадковыя, — адзначае малады педагог.

У калектыве настаўніцу прынялі цёпла, але ў свой першы працоўны дзень яна вельмі хвалявалася перад тым, як зайсці ў клас.

— Адна справа — практыка ў школе, калі ў любы момант вопытны педагог можа скарэкціраваць ход падрыхтаванага табой урока, і зусім іншая, калі вядзеш заняткі цалкам самастойна, — дадае Лізавета.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Удаева пасля гэтых слоў робіць важнае ўдакладненне:

— Такое хваляванне зусім не прымета няўпэўненасці. Гэта хутчэй адзін з кампанентаў павышанага пачуцця адказнасці за вынік сваёй работы.

— Мне пашанцавала апынуцца ў калектыве захопленых сваёй справай лю­дзей. Многаму навучылася ў свайго настаўніка-куратара Альфрэды Сальдзюн. Кожны яе ўрок — узор таго, як утрымлі­ваць увагу і цікавасць класа на працягу ўсіх 45 мінут, — дзеліцца малады педагог.

Яшчэ адной удачай яна лічыць работу з зацікаўленымі вучнямі. Ужо ў першы год педагагічнай дзейнасці Лізаветы Валер’еўны яе дзевяцікласнік Андрэй Казлоўскі стаў лепшым у раёне па выніках другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. І свае лідарскія пазіцыі ў спаборніцтве інтэлектуалаў ён утрымлівае і сёння.

Малады педагог пераканалася, што работа з адоранымі навучэнцамі патрабуе шмат намаганняў і часу, аднак задавальненне ад сумеснага выніку таго варта.

— З Лізаветай Валер’еўнай мы займаліся і навукова-даследчай дзейнасцю. Так, дзякуючы вывучэнню колькасці малочнакіслых бактэрый у прабіятычных прадуктах, інфарматыўнасці раслін, якая сведчыць пра чысціню паветра ў розных кутках Радуні, з’яўляюся пераможцам і прызёрам абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Хрустальная Альфа” і XXXV Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў, — дапаўняе пералік сумесных перамог Андрэй Казлоўскі.

Сёлета ён стане выпускніком школы, і месца юнага даследчыка зойме сямікласнік Глеб Учкуроніс. Дастаткова сказаць, што юны аматар біялогіі ўжо мае вопыт вырошчвання калоніі мурашак, сам змайстраваў інкубатар для вывядзення куранят.

— Падчас першага такога эксперымента мне ўдалося выгадаваць усяго пяцярых куранят. Але летась скарыстаўся пакупной тэхнікай, і з 46 яек вывелася 39 птушанят, — дзеліцца школьнік.

Гаворачы пра яго захапленне светам жывой прыроды, важна адзначыць, што дома ў яго ёсць акварыум з крэветкамі, мадагаскарскія тараканы. Зразумела, на ўрокі біялогіі Глеб спяшаецца з асаблівай цікавасцю і ўпэўнены, што напера­дзе яго чакае шмат цікавых даследаванняў у тандэме з Лізаветай Валер’еўнай.

— Даследчы падыход вельмі важны на ўроках па маім прадмеце. Імкнуся выкарыстоўваць яго кожны раз, калі дазваляе тэма. У гэтым мне дапамагае праграма “Віртуальная лабараторыя па біялогіі”. Інтэр­актыўныя ўрокі з ужываннем матэрыя­лаў лабараторыі дазваля­юць право­дзіць віртуальныя эксперыменты, а таксама расказ­ваць пра любыя з’явы прыроды, нават самыя складаныя, проста і зразумела кожнаму вучню. Гэта дапамагае эканоміць час і дае нагляднае ўяўленне пра вынік, — гаворыць Лізавета Грыц.

Імя Лізаветы Грыц унесена ў віртуальную Кнігу гонару маладых спецыялістаў галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

Сёння ў школе Радуні яна з’яўляецца адзіным настаўнікам біялогіі. Калі няма магчымасці спытаць штосьці ў калег, звяртаецца да педагагічнай супольнасці ў інтэрнэце. Дарэчы, адзін з прыёмаў, які нядаўна выкарыстала на ўроку, педагог узяла менавіта адтуль.

— Вывучэнне тэмы пра торф пачала з эксперымента з імхом, у выніку якога вучні прыйшлі да высновы, што працэс утварэння торфу непасрэдна звязаны з уласцівасцямі гэтай расліны. Такім чынам, у вучняў не толькі фарміруецца цікавасць да вучэбнага матэрыялу, але і ўдасканальваюцца ўменні выяўляць прычынна-выніковыя сувязі, — звяртае ўвагу Лізавета Грыц.

На сваіх уроках яна нярэдка прымяняе актыўныя метады работы ў групах і парах. І адзначае, што вучні такую прапанову заўсёды падтрымліваюць.

— Дарэчы, у нашым раёне ёсць традыцыя: маладыя спецыялісты рыхтуюць справаздачу аб выніках сваёй двухгадовай работы. Я выступала з тэмай выкарыстання актыўных метадаў і прыёмаў на ўроках біялогіі. У гэтым годзе працую над фарміраваннем чытацкай адукаванасці навучэнцаў. Удзельнічала са старэйшымі калегамі ў маніторынгу чытацкай адукаванасці школьнікаў нашай установы і распрацоўцы заданняў па яе фарміраванні, — адзначае настаўніца.

На Воранаўшчыне прынята і наглядна паказваць, чаму навучыліся пачынаючыя педагогі па выніках работы раённай школы маладых спецыялістаў. Яны даюць адкрытыя ўрокі. Дарэчы, урок маёй суразмоўніцы быў адзначаны дыпломам І ступені.

Сёння педагог уключана ў работу школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў прыродазнаўча-гуманітарных навук. У мінулым годзе яна паспяхова атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю.

Тады ж для Лізаветы Грыц скончылася і абавязковая адпрацоўка, але малады педагог упэўнена, што школа — гэта яе прызванне.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара