Маладзёжны партал у новым фармаце

- 15:50Выхаваўчая прастора, Рознае

Інтэрнэт-партал “Моладзь Беларусі” атрымаў новы выгляд і напаўненне. Гэта стала цэнтральнай падзеяй мінулай пятніцы: 4 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень інтэрнэту. Запуск новай версіі адбыўся падчас Рэспубліканскага маладзёжнага інтэрнэт-форуму, які прайшоў на базе Беларускага інстытута сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы. Яго ўдзельнікамі сталі больш якт сто маладых блогераў, пачынаючых web-журналістаў, лідараў інтэрнэт-суполак, адміністратараў маладзёжных сайтаў грамадскай арганізацыі “БРСМ” з усіх рэгіёнаў Беларусі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі БРСМ пры падтрымцы Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях і Міністэрства адукацыі. Галоўная мэта, якую паставілі перад сабой арганізатары, — падтрымаць маладзёжныя ініцыятывы, стварыць інфармацыйна-адукацыйную пляцоўку для навучання асновам работы ў сферы ІТ-тэхналогій, сацыяльных сетак, блогасферы і прадаставіць моладзі магчымасць абмяняцца вопытам. Даступным, інфарматыўным, а галоўнае, цікавым, стаў новы маладзёжны інтэрнэт-рэсурс. Пра яго новыя функцыі і перспектывы далейшага развіцця ўдзельнікам форуму расказаў першы сакратар БРСМ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Бузоўскі. Так, зручная навігацыя дапамагае карыстальніку імгненна пераходзіць у раздзелы фота, відэа, праектаў, песень, прэсы, навін. Цяпер яна дапамагае хутка перайсці і на праграму лаяльнасці (сацыяльнай падтрымкі моладзі), якую БРСМ рэалізуе ў выглядзе дысконту на разнастайныя паслугі. Адным клікам можна перайсці на інтэрнэт-рэсурсы арганізацыі БРСМ у сацыяльных сетках і відэаканал Ютуб, ажыццяўляецца рассылка навін. Безумоўна, апраўдалася стаўка на інтэрактыўнасць. Колькасць наведвальнікаў сайта значна ўзрастае, калі ў іх ёсць магчымасць паўплываць на самыя важныя ў маладзёжным асяродку падзеі: інтэрнэт-галасаванне, фотагаласаванне (напрыклад, зараз актыўна выбіраецца Каралева Вясна — 2014), можна падзяліцца навінамі з сябрамі ў сацсетках, стаць удзельнікам праекта “100 ідэй для Беларусі” ці падаць анлайн-заяўку для працаўладкавання ў складзе студатрада. Пакуль наведвальнік на сайце, можна ўключыць папулярнае маладзёжнае радыё краіны “ПІЛОТ-ФМ”. Напрыканцы месяца будзе даступнай яшчэ адна радыёхваля. І галоўнае, арганізатары запэўніваюць, што, заходзячы на партал кожны дзень, наведвальнік будзе даведвацца самыя свежыя навіны з усіх куткоў нашай краіны, якімі партал будзе папаўняцца ледзь не кожную гадзіну. Фота і інфармацыя пра ўсіх пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў і праектаў будуць змяшчацца на інтэрактыўнай Дошцы гонару. Акрамя інфармацыйнага кампанента, з’явіўся на сайце і забаўляльны кантэнт. Стварэнне партала “Моладзь Беларусі” — важны крок наперад у развіцці маладзёжнага інфармавання. Сацыяльныя медыя, форумы і блогі таксама дапамагаюць зацікавіць моладзь грамадска значнымі праектамі як асобна ўзятага рэгіёна, так і краіны ў цэлым. Так, па стане на красавік 2014 года ў інтэрнэт-прасторы функцыянуюць створаныя БРСМ 346 груп у сацсетках, якія аб’ядналі больш за 280 тысяч чалавек, 143 блогі з агульнай колькасцю чытачоў і падпісчыкаў больш за 4 тысячы. Створана сістэма аператыўнага рэагавання маладзёжных інфармацыйных груп, якая аб’ядноўвае 140 чалавек. Дарэчы, на форуме менавіта блогасферы як індыкатару грамадскага меркавання і феномену журналістыкі, а таксама пытанням адказнасці ў інтэрнэце была ўдзелена асаблівая ўвага. Таму аснову праграмы склалі майстар-класы ад палітычных аналітыкаў, незалежных экспертаў, вядомых журналістаў, а таксама дзелавыя гульні і трэнінгі на камандаўтварэнне ад прафесійных псіхолагаў Псіхалагічнай службы БДУ. Вынікам работы каманд у варкшопах стала стварэнне інтэрнэт-праектаў па ўсіх кірунках дзейнасці БРСМ і размяшчэнне іх у віртуальнай сетцы. Акрамя таго, на форуме абмяркоўваліся пытанні развіцця ІТ-рынку Беларусі і інтэрнэт-тэхналогій у маладзёжным асяроддзі, магчымасці стварэння паспяховых інтэрнэт-праектаў. Дарэчы, стварыць атмасферу свята — Міжнароднага дня інтэрнэту — дапамаглі творчыя складнікі — сімвалічная віртуальная сетка, айцішнікі, стыльныя вядучыя, тэатралізацыя і гумар.

Святлана НІКІФАРАВА.