Марыя Саракавік: наш рэгіён сельскагаспадарчы, таму пашыраем магчымасці атрымання спецыяльнасцей аграрнага профілю

- 13:10Планерка

Пра перспектыўныя кірункі ў навучанні і замацаванне маладых спецыялістаў на Ляхавіччыне карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Марыя Саракавік.

Інжынерныя перспектывы

— Нашы Ляхавічы — горад маленькі, але вельмі ўтульны. Тое ж я магу сказаць і пра нашы школы. У нас няшмат навучэнцаў, але ўсе мы — адна сям’я. Гэта ў гімназіі 488 навучэнцаў, а ў самай вялікай сярэдняй школе № 2 — 714, у сельскіх жа школах іх значна менш.

Мы стараемся адпавядаць сучасным запатрабаванням, рэалізуем інавацыйныя праекты. У прыватнасці, адкрываем аб’яднанні па інтарэсах інжынернага профілю, паляпшаем матэрыяльную базу ўстаноў. Так, для Цэнтра дадатковай адукцыі мы купілі канструктар LEGO, плануем набыць і другі яго ўзровень. Нядаўна райвыканкам дапамог нам купіць гравіравальна-лазерны станок у гэтую ўстанову. А ў гімназію за кошт рэспубліканскага бюджэту былі пастаўлены “РОББО”-камплекты. У мінулым годзе нашы педагогі прайшлі навучанне па рабоце з імі і адкрылі аб’яднанні па інтарэсах, а сёлета ўжо дзейнічаюць інжынерныя групы.

20 красавіка ў нас пройдзе педагагічная неканферэнцыя, у межах якой будзе асобны блок для ўсіх навучэнцаў, зацікаўленых у інжынерных спецыяльнасцях.

Абнаўляем мы і кабінеты працоўнага навучання. Нядаўна за кошт дзяржбюджэту былі абсталяваны майстэрні ў сярэдняй школе № 2, а цяпер — у сярэдняй школе № 1. Сучасныя станкі мы ўстанаўліваем і ў сельскіх школах, набываем для іх хімічныя рэактывы, спартыўны інвентар, абсталёўваем камп’ютарныя класы. Стараемся, каб умовы для навучання ў гарадскіх і сельскіх навучэнцаў былі роўныя.

Пра настаўнікаў і настаўніцтва

Традыцыяй стала правядзенне кірмашоў мэтавай падрыхтоўкі, на якія мы запрашаем старшакласнікаў, бацькоў і прадстаўнікоў патэнцыяльных заказчыкаў кадраў нашага раёна, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і УВА. Асабліва нас цікавіць мэтавая падрыхтоўка, у першую чаргу ў педагагічнай сферы. Прыемна адзначыць, што сёлета 40% выпускнікоў педагагічных класаў, якія дзейнічаюць у сярэдняй школе № 2, паступілі ў педагагічныя ўстановы.

Не менш каштоўна і тое, што нашы выпускнікі, атрымаўшы адукацыю, вяртаюцца дадому. Сёлета 5 з 10 маладых спецыялістаў — нашы выпускнікі.

Развіты ў нас і інстытут настаўніцтва. Для нас важна захаваць вопытных педагогаў. Хочацца, каб яны раслі, развіваліся, смялей бралі ўдзел у інавацыйных праектах, нат­хняліся ідэямі калег і на іх аснове рэалізоўвалі свае.

Маладым спецыялістам мы прадастаўляем арэнднае жыллё, арганізоўваем сустрэчы з прадстаўнікамі райвыканкама, арганізацый, прадпрыемстваў, напрыклад, банкаў, якія расказваюць пра ўмовы выдачы льготных крэдытаў, у тым ліку на жыллё, пра існуючыя сацыяльныя гарантыі.

Вядомая фраза “кадры вырашаюць усё” для мяне вельмі важная і актуальная. На працягу апошніх гадоў нам не хапае спецыялістаў фізіка-матэматычнага профілю. Але мы гэтую сітуацыю выпраўляем. Напрыклад, гімназія прымае ўдзел у праграме “Настаўнік для Беларусі”, што дапамагло папоўніць калектыў настаўнікамі інфарматыкі, матэматыкі, фізікі і геаграфіі. Кіраўнік гімназіі робіць усё, каб гэтыя педагогі заставаліся там працаваць і пасля завяршэння праекта. Асабліва прыемна, што ў мінулым годзе адна з іх, настаўніца матэматыкі Таццяна Аляксандраўна Крапіневіч, стала пераможцай абласнога і фіналісткай рэспубліканскага этапу конкурсу прафмайстэрства педагагічных работнікаў.

Пра прафесію — загадзя

Паколькі наш рэгіён сельскагаспадарчы, то мы пашыраем для навучэнцаў магчымасці атрымання спецыяльнасцей аграрнага профілю. Так, у сярэдняй школе № 1 арганізавана група аграрнай накіраванасці, а навучэнцы базавага класа гэтай установы на базе Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага кале­джа асвойваюць прафесіі садоўніка, садавода, агародніка і інш.

У межах прафарыентацыйных экскурсій мы паказваем дзецям, наколькі ўдасканаліўся за апошні час сельскагаспадарчы сектар. Мы расказваем ім, што і тут укараняюцца сучасныя тэхналогіі для больш камфортных умоў працы, каб выпускнікі не баяліся выбіраць прафесіі названага профілю і вяртацца на малую радзіму спецыялістамі ў сельскай гаспадарцы.

Тэрыторыя поспеху немагчыма без дыялогу бацькоў, настаўніка і дзіцяці. Калі настаўнік і бацькі супрацоўнічаюць, чуюць адно аднаго, то мы выхаваем дастойнае пакаленне з правільна выбранымі прафесіямі. І мне здаецца, што ў нас гэта атрымліваецца.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара