У сям’і Вышынскіх з Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці склалася цікавая традыцыя — звязваць сваё жыццё з педагогікай і матэматыкай. Зараз у Лукскай сярэдняй школе выкладаюць муж і жонка — Аляксандр Юльянавіч і Людміла Аляксееўна. Аднак навучанню і выхаванню дзяцей прысвяцілі жыццё не толькі яны, а і чатыры пакаленні гэтай сям’і. Радаводнае дрэва педагагічнай дынастыі Вышынскіх бярэ свой пачатак з 40-х гадоў ХХ стагоддзя.
Прыклад для дзяцей і пляменнікаў
Дынастыя пачынаецца з Мікалая Клімавіча Вышынскага — чалавека мэтанакіраванага, творчага, адданага сваёй сям’і і працы. У яго з дзяцінства назіралася схільнасць да педагагічнай дзейнасці, ён любіў вучыцца сам і дапамагаць у гэтай справе іншым. Акрамя таго, Мікалай Клімавіч з малых гадоў быў неабыякавым да музыкі і мастацтва. Любіў маляваць. Не маючы музычнай адукацыі, іграў на гармоніку, акардыёне і піяніна. У дзяцей захоўваюцца той самы гармонік і карціны, напісаныя бацькам, як рэліквіі, дарагая памяць аб родным чалавеку.
Цікава, што да Мікалая Клімавіча педагогаў у родзе не было. Але хлопец меў такое вялікае жаданне стаць настаўнікам, што пешшу прыйшоў у Брэст з роднай вёскі Дзямідаўшчына, якая знаходзіцца за 80 кіламетраў ад абласнога цэнтра. Сваякам, вядома ж, запомніўся яго аповед: узяў з сабой невялікі запас ежы (хлеб, сала, яйкі) і накіраваўся паступаць у настаўніцкі інстытут. Усё, што запланаваў мэтанакіраваны малады чалавек, спраўдзілася. Запаветны дыплом ён атрымаў летам 1941 года. У тры гадзіны ночы шчаслівы лёг спаць. І хутка прачнуўся ад неразумення і жаху: за сценамі інтэрната чуліся выбухі…
У гады вайны Мікалаю Клімавічу давялося пабываць у партызанскім атрадзе імя С.М.Кірава, за што ён не аднойчы быў адзначаны баявымі ўзнагародамі. З 1944 года пачаў выкладаць матэматыку. Вернасць выбранай прафесіі захаваў на ўсё жыццё. Спачатку працаваў у вёсцы Шамятоўка Кобрынскага раёна, затым у іншых установах адукацыі свайго рэгіёна.
Больш чым за 30 гадоў педагагічнай працы Мікалай Клімавіч многім даў пуцёўку ў жыццё. Нямала выпускнікоў пайшло па слядах любімага настаўніка. Безумоўна, сваякам прыемна чуць, калі яны ўзгадваюць не толькі ўрокі матэматыкі М.К.Вышынскага, а яшчэ і ўрокі маральнасці і дабрыні. Цёплыя словы можна пачуць і пра жонку Мікалая Клімавіча. Яна таксама была настаўніцай, выкладала рускую мову і літаратуру. У вольны час любіла ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Так, па малюнку мужа зрабіла дыван, які зараз упрыгожвае кватэру дачкі Наталлі і нагадвае пра бацькоў.
Адметна, што прадстаўнікамі другога пакалення педагагічнай дынастыі Вышынскіх сталі і дзеці, і пляменнікі Мікалая Клімавіча. Лёс у кожнага склаўся па-свойму. Малодшая дачка Наталля пайшла па бацькавых слядах. Калі яна скончыла школу, старэйшы брат вучыўся на факультэце радыёфізікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Наталля паступіла ў гэтую ж навучальную ўстанову, толькі на факультэт прыкладной матэматыкі. Магла звязаць будучыню з праграмаваннем, аднак праз некаторы час дзяўчына, якая, можна сказаць, вырасла на школьным двары і з маленства ўспрыняла лад жыцця бацькоў-настаўнікаў, перавялася ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Пасля сказала родным аб сваім рашэнні. У выніку Наталля Мікалаеўна Шчыглеўская выкладала матэматыку спачатку ў Верхалескай сярэдняй школе Кобрынскага раёна, а затым у сярэдняй школе № 8 Кобрына, дзе працуе і зараз. Яе агульны педагагічны стаж склаў ужо больш за 30 гадоў.
З матэматыкай звязалі сваё жыццё пляменнікі Мікалая Клімавіча — дзеці сястры Агаф’і. Так, Міхаіл Мацвеевіч Чуйко скончыў факультэт прыкладной матэматыкі, стаў дацэнтам, кандыдатам педагагічных навук. Працуе ў Мінску ў навукова-даследчым інстытуце. Яго дачка Вольга Міхайлаўна выкладае матэматыку ў адным з універсітэтаў сталіцы. А яго сястра Аляфціна Мацвееўна Чуйко пасля заканчэння Пінскага педагагічнага вучылішча ўсё жыццё працавала ў дзіцячым садзе Брэста.
Абедзве дачкі брата Герасіма таксама звязалі сваё жыццё з педагогікай і ўнеслі важкі ўклад у адукацыю і выхаванне падрастаючага пакалення. Алімпіяда Герасімаўна скончыла факультэт пачатковых класаў Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна (зараз універсітэт). Доўга працавала настаўніцай пачатковых класаў у Мотальскай сярэдняй школе, а пазней загадчыцай дзіцячага сада ў Брэсце, адкуль пайшла на заслужаны адпачынак. Цікава, што яе мужам стаў чалавек, таксама непасрэдна звязаны з педагогікай. З Рыгорам Васільевічам Багнатам яны вучыліся ў адным інстытуце, пазней ён доўгі час узначальваў Брэсцкі абласны аддзел народнай адукацыі. Другая дачка брата, Любоў Герасімаўна, скончыла педвучылішча, а затым факультэт дашкольнай адукацыі Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Працавала выхавальніцай у дзіцячых садах Брэста № 6 і № 9, затым узначаліла брэсцкі дзіцячы сад № 27.
Яшчэ адна пляменніца, Тамара Андрэеўна Барташ, таксама пайшла ў педагогіку. Працавала пяць гадоў настаўніцай матэматыкі Тышкавіцкай васьмігадовай школы. Пасля пераезду на малую радзіму мужа — выхавальніцай дзіцячага сада ў Баранавічах. Яе педагагічны стаж склаў 36 гадоў. У яе скарбонцы шмат узнагарод: ганаровых грамат, падзяк, у тым ліку медаль “Ветэран працы”.
Прыклад Мікалая Клімавіча натхніў на выбар педагагічнай прафесіі і пляменніка Юльяна (яго бацька Андрэй, брат Мікалая Клімавіча, загінуў на фронце). Ён завочна скончыў матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І.Леніна. Працаваў настаўнікам матэматыкі, асабліва доўга, 31 год, у Шамятоўскай сярэдняй школе. Паспяваў не толькі паспяхова выкладаць свой прадмет. Займаў пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, доўгі час быў старшынёй прафсаюзнага камітэта, сакратаром партыйнай арганізацыі школы.
Квінтэсенцыя настаўніцкай працы
Дзеці Юльяна Андрэевіча Аляксандр і Галіна таксама прадоўжылі справу бацькі і стрыечнага дзядулі, зрабіўшы выбар на карысць і педагогікі, і матэматыкі.
— Выбраць педагагічную дарогу мне параіў тата, — узгадвае Аляксандр Юльянавіч Вышынскі. — Яго слова, безумоўна, было важкім для мяне. Як і тата, усё жыццё выкладаю матэматыку. Для мяне важна навучыць дзяцей самайстойна здабываць веды. У гэтым, на маю думку, і заключаецца квінтэсенцыя настаўніцкай працы. Калі бачыш, што вучань не проста вызубрыў матэрыял, а зацікавіўся і зразумеў яго, на сваім узроўні дасягнуў пэўных поспехаў — гэта вялікая радасць!
Аляксандр Юльянавіч скончыў фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута, з якім звязаны лёс многіх прадстаўнікоў дынастыі, па спецыяльнасці “Матэматыка”. Сваю настаўніцкую дзейнасць пачаў у Кобрынскім раёне. Працаваў настаўнікам матэматыкі, пэўны час узначальваў Дзямідаўшчынскую базавую школу, пасля яе рэарганізацыі быў пераведзены педагогам у Шамятоўскую сярэднюю школу.
Усе радасці і цяжкасці штодзённай працы ў педагогіцы з Аляксандрам Юльянавічам шмат гадоў падзяляе яго жонка Людміла Аляксееўна — настаўніца матэматыкі і фізікі. Яны доўгі час разам выкладалі ў Шамятоўскай сярэдняй школе. Пасля рэарганізацыі гэтай навучальнай установы разам сталі ездзіць на работу ў суседні населены пункт у Лукскую сярэднюю школу. Так што муж і жонка не развітваюцца ні дома, ні ў школе ўжо 35 гадоў. Дарэчы, бацькі Людмілы Аляксееўны — сельскія працаўнікі, аднак сярод сваякоў таксама былі педагогі.
Бацькі перакананы: сямейная згода, а таксама іх асабістае стаўленне да матэматыкі, а, магчыма, яшчэ і гены паўплывалі на выбар іх дзяцей. Яны таксама з дзяцінства сябравалі з дакладнымі навукамі. Аляксандр Юльянавіч і Людміла Аляксееўна за кожным пакідалі права зрабіць уласны прафесійны выбар, каб знайсці сваё месца ў жыцці. Старэйшая дачка Вольга ў старшых класах цвёрда і ўпэўнена сказала: “Хачу паступіць у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт і стаць настаўніцай матэматыкі. Зраблю для гэтага ўсё магчымае і немагчымае”. Мара мэтанакіраванай дзяўчыны, вядома ж, спраўдзілася. Ужо дванаццаць гадоў яна выкладае матэматыку і інфарматыку ў сярэдняй школе № 2 Кобрына. Нядаўна атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, што стала радасцю і гордасцю для бацькоў.
Малодшая дачка Алеся зараз вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Яна, як і многія сваякі, не змагла абысціся без дакладных навук. Атрымлівае кваліфікацыю “настаўнік матэматыкі і інфарматыкі”. Таксама самастойна прыняла рашэнне, аб’явіўшы аб ім бацькам у 10 класе. Сярэдняя дачка Алена выбрала для сябе іншы шлях. Аднак яе прафесія, эканаміст, таксама непасрэдна звязана з любімай у сям’і Вышынскіх матэматыкай.
— Мы нікому не навязвалі сваіх інтарэсаў, — дадае Людміла Аляксееўна. — І ўласных дзяцей, і сваіх вучняў накіроўвалі і накіроўваем, каб яны змаглі зрабіць свой свядомы выбар. Безумоўна, прыемна, калі ў навучэнцаў з’яўляецца жаданне стаць педагогам па прыкладзе настаўніка. Я з самага пачатку стараюся зацікавіць дзяцей сваім прадметам. Непакоіць, што ў наш час ёсць шмат спакус, каб дома не працаваць самастойна, а папросту спісаць рашэнне задачы. Аднак на ўроку вучням неабходна спраўляцца з заданнямі самім. Прыемна глядзець, калі, няхай і з памылкамі, яны рухаюцца наперад, асвойваюць тонкасці матэматыкі.
Людміла Аляксееўна штогод праводзіць анкетаванне ў класах, дзе з’яўляецца класным кіраўніком. Калі бачыць вынікі, радасна ўсміхаецца: у шэрагу любімых прадметаў вучні зноў і зноў пішуць матэматыку. Што тычыцца другога прадмета — фізікі, то тут настаўніцы важна паказаць сувязь гэтай навукі са штодзённым жыццём, прыродай. На яе погляд, гэта і дапамагае трымаць увагу дзяцей. Самой Людміле Аляксееўне яе прадметы дапамагаюць выдатна спраўляцца яшчэ і з хатнімі клопатамі: так, калі рабілі рамонт дома, схему новай праводкі для яго яна цалкам разлічыла і зрабіла сама.
Знаўцы дакладных навук і не толькі
Дачка Юльяна Андрэеевіча таксама ўзяла прыклад з бацькі і старэйшага брата Аляксандра. Пытанне, кім быць, перад ёй і не стаяла. Галіна Юльянаўна Кандрацюк больш за 30 гадоў працавала настаўніцай матэматыкі, прычым 27 з іх на адным месцы — у Балоцкай сярэдняй (зараз базавай) школе. Цяпер Галіна Юльянаўна на заслужаным адпачынку.
Сярод прадстаўнікоў трэцяга пакалення вялікай педагагічнай дынастыі — пляменніцы Юльяна Андрэеевіча Наталля, Людміла, Іна, Данута і дачка стрыечнага брата Ірына. Так, Наталля Міхайлаўна Каняхіна больш за 30 гадоў прысвяціла педагогіцы: доўгі час працавала настаўніцай пачатковых класаў, а зараз працуе выхавальніцай групы прадоўжанага дня. Другая пляменніца, Людміла Рыгораўна Багнат, — настаўніца замежнай мовы. Працавала ў сярэдняй школе № 1, затым перайшла ў сярэднюю школу № 9 Брэста. Іна Міхайлаўна Галавейка была выхавальніцай у Буховіцкім дзіцячым садзе Кобрынскага раёна. Яшчэ адна пляменніца, Данута Паўлаўна Мінчык, з 1993 года да сённяшняга часу працуе ў баранавіцкім дзіцячым садзе № 57 (зараз цэнтр развіцця дзіцяці № 2). У 2009 годзе яна была прызнана лепшым выхавальнікам года дашкольнай установы Баранавіч. Ірына Сяргееўна Бадза, як і многія прадстаўнікі дынастыі, скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. З 1986 года працуе настаўніцай матэматыкі ў гімназіі Кобрына.
— З чаго ўсё пачалося? Гадоў дзесяць назад мы з вучнем выбіралі тэму даследчай работы. Я прапанавала заняцца краязнаўствам і больш даведацца пра нашу дынастыю, — расказвае Людміла Аляксееўна. — Гэта дапамагло сабраць і сістэматызаваць інфармацыю. Аказалася, што наша дынастыя па агульным педагагічным стажы займае другое месца ў Брэсцкай вобласці. За сем дзесяцігоддзяў на нашым генеалагічным дрэве размясціліся 25 чалавек, якія выбралі прафесію педагога. Іх агульны педагагічны стаж складае ўжо больш за 500 гадоў.
Аляксандр Юльянавіч і Людміла Аляксееўна — людзі актыўныя. Пастаянна прымаюць уд зел у абласным конкурсе “Здаровая сям’я” і ў конкурсе па спартыўным паркавым арыентаванні, традыцыйным турыстычным злёце. Людміла Аляксееўна чацвёрты год з’яўляецца старшынёй прафсаюза. Аляксандр Юльянавіч ужо шмат гадоў стараста вёскі Шамятоўка.
— Калі адпрацуеш у школе пяць гадоў, а тым больш сем ці дзесяць, не зможаш з ёй развітацца, — дзеліцца высновай Аляксандр Юльянавіч. — Такія словы я ў свой час сказаў сваёй старэйшай дачцэ на пачатку яе працоўнай дзейнасці. І яны пацвердзіліся. Вольга любіць вучыцца, лічыць, што ўкладаць грошы трэба ў першую чаргу ў дзве рэчы: дзяцей і адукацыю. Дзевяць гадоў назад скончыла яшчэ і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Мела магчымасць пасля гэтага памяняць месца працы, паспрабаваць сябе ў банкаўскай сферы. Аднак другі раз зрабіла свой свядомы выбар на карысць педагогікі і школы.
Зараз у Аляксандра Юльянавіча і Людмілы Аляксееўны падрастаюць чацвёра ўнукаў. Пакуль невядома, як складзецца іх жыццё, кім яны стануць у будучыні. Канечне, хочацца, каб быў працяг педагагічнай дынастыі. Але для дзядулі і бабулі галоўнае, каб любімыя ўнукі былі шчаслівымі і прыносілі карысць людзям, працуючы там, дзе ім па душы.
Таццяна ШЫМКО.
Фота з сямейнага архіва Вышынскіх.