Матэматыкі шмат не бывае. Настаўніцу Алу Адзінец дзеці любяць за неардынарны падыход у выкладанні прадмета

- 12:44Интервью, Образование

Сучаснаму педагогу, каб да яго пацягнуліся дзеці, трэба ісці ў нагу з часам, быць цікавым. Такую думку выказала ў размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Акцябрскага імя А.Р.Салаўя Ала Адзінец.

Любiць работу = любiць вучняў

Калегі адзначаюць неардынарны падыход педагога ў выкладанні і значны ўклад у развіццё адукацыі. Яе вучні, атрымліваючы наймацнейшую матэматычную падрыхтоўку, паступаюць у прэстыжныя УВА, становяцца высакакласнымі спецыялістамі. Дарэчы, педагог — уладальнік нагруднага знака Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Ала Віктараўна — справядлівы настаўнік, які дабіваецца выніку і таго, каб яе прадмет разумела кожнае дзіця.

— Выкладаць дрэнна — не цікава, гэта не мой стыль, — падкрэслівае Ала Віктараўна. — Я сябе адчуваю на сваім месцы: мне падабаецца прадмет, люблю дзяцей. З 1979 года працую ў школе. Падзялюся сакрэтам: ва ўстанове адукацыі, у якой выкладаю, мая ж вучаніца стала дырэктарам. Спачатку я яе вучыла, а зараз вучуся ў яе.

— Чым прыцягнула прафесія настаўніка і ў прыватнасці матэматыка?

— Самыя лепшыя людзі, якіх я калі-небудзь сустракала на сваім жыццёвым шляху, былі нас­таўнiкамi. Пра сваiх першых нас­таўнікаў заўсёды ўспамінаю з даб­рынёй, гэта былі неверагодна таленавітыя прафесiяналы, якія любiлi дзяцей, яны падавалі прыклад чулага стаўлення да людзей.

— Давайце на хвіліну ўявім, калі б не выбралі педагогіку, то…

— У свой час і сапраўды ў мяне стаяў выбар паміж медыцынай і выкладаннем, магла б лячыць дзяцей. Але я, не задумваючыся, выбрала педагогіку. Калі дапамагаеш дзіцяці знайсці свой шлях, калі паказваеш новыя гарызонты свайго прадмета — гэта натхняе. У век тэхналогій зрабіць урок пазнавальным, інтэрактыўным і цікавым нескладана.

— Ці цяжка знайсці падыход да сучаснага дзіцяці?

— Дзеці, вядома, вылучаюцца сваёй непасрэднасцю і актыўнасцю, але ўсе яны адгукаюцца на шчырыя адносiны, на дабро, на чулае і ўважлівае стаўленне да іх. Для мяне любіць педагогiку — значыць такія ж пачуцці адчу­ваць да дзяцей. Прыемна, калі на вуліцы пры сустрэчы хлопец цi дзяўчына вітаюцца, яшчэ прыем­ней, калі пры ўспамiнах пра школьныя гады i настаўнiкаў у iх свецяцца вочы.

— Як сярод школьнікаў выявiць юнага матэматыка?

— Схільнасць да дакладнай навукі перадаецца генетычна. Ведаеце, як кажуць, што з добрай гліны атрымліваецца цудоўны збан. Пытанне “Матэматычныя здольнас­ці прыроджаныя ці іх можна развіваць?” да гэтага часу актуальна ў навуковым коле. Канечне, аднаго таленту недастаткова, трэба яго правільна выкарыстоўваць і развіваць.

Нясумныя лічбы

— На ваш урок дзеці спяшаюцца?

— Здаць добра іспыты па ЦТ i ЦЭ — мабыць, гэта лепшы стымул для вучняў, каб паспяшацца заняць сваё месца ў вучэбным кабінеце. Вялікі плюс, што з выбарам прафесіі дзеці вызначаюцца загадзя. Заўсёды прыкметныя дапытлівыя вочы тых, хто матываваны на поспех. Яны з азартам паглыбляюцца ў пазнавальны свет лiчбаў і фігур. А мне вельмі хочацца дзяліцца ведамі і не быць над навучэнцамі, а быць разам з імі. Напрыклад, са старшакласнікамі мы працуем у цесным супрацоўніцтве: абавязкова абмяркоўваем, што было цяжкім у дамашняй рабоце ці якая тэма выклікала ціка­васць, а якая падалася няпростай.

— У чым сакрэт педагагічнага майстэрства?

— Напэўна, у тым, што трэба лю­бiць тое, што робiш. Мне падабаецца, калі ў дзяцей прадмет выклікае цікавасць. Бо ў век сучасных тэхналогій хлопцы i дзяўчаты крыху замкнуліся на камп’ютарных гульнях. Раней яны спяшаліся ў бібліятэку, каб зрабіць рэферат і падзяліцца сваімі ведамі і атрыманай інфармацыяй. Цяпер школьнікі крыху іншыя, зараз мы, педагогі, iмкнёмся зацікавіць іх. Напрыклад, я на ўроках расказваю займальныя, павучальныя і пазнавальныя гісторыі з жыцця вялікіх матэматыкаў: каб вучань быў заўтра лепшым, чым учора. І дзецям падабаецца iх слухаць. А яшчэ яны зацiкаўлены не толькi разгадваць матэматычныя загадкi, крыжаванкi, але і займацца даследчай дзейнасцю, якой у нас удзяляецца вялiкая ўвага.

Матэматыкі шмат не бывае

— Школа для многіх становіцца другім домам, а настаўнікі — амаль што роднымі людзьмі. Як часта чуеце словы падзякі ад выхаванцаў?

— Неяк прыехала мая выпускніца, студэнтка медыцынскага ўніверсітэта, і сустрэла мяне ў школе са словамі: “Дзякуй, што прапорцыі навучылі вырашаць, мне на сесіі так спатрэбіліся гэтыя веды”. Гэта прыемна чуць. I потым, я заўсёды цікаўлюся, як склад­ваецца лёс маіх вучняў, ведаю пра iх жыццё, пра iх сем’i, як завуць іх дзяцей і ў якім класе яны вучацца, якімі дасягненнямі могуць пахваліцца. Асабліва радуюся iх перамогам у матэматычных конкурсах і алім­піядах.

— Вашы калегі расказалі, што вы не толькі ўнікальны педагог, але і захоп­лены творчы чалавек…

— Вучу вершы, каб памяць развівалася. А яшчэ мне пада­баецца даглядаць кветкі альбо выходзіць на ціхае паляванне ў лес па грыбы. Акрамя таго, мне адгукаецца водная стыхія, плаваю з дзяцінства, нават у 45 гадоў навучылася кіраваць лодкай. На гэтым не спынілася, у 50 атрымала ва­дзіцельскае пасведчанне. Анг­лійскую мову пакуль не ўдаецца дасканала вывучыць, але ключавое слова тут “пакуль”.

— Ваша неверагодна пазітыўная энергія акрыляе, а што натхняе вас?

— Ведаеце, я ж ніколі не расчароўвалася ў выбары сваёй прафесіі. Несумненна, былі цяжкія хвіліны, але ўсё роўна ведала, што спраўлюся з імі. Пераканана, што сярод настаўнікаў працуюць найлепшыя людзі, якія заўсёды падтрымаюць і падставяць плячо. А акрыляе пазітыў, добрая энергія навучэнцаў і педагогаў. Менавiта нам бацькі давяраюць самае дарагое, што ў іх ёсць, — дзяцей. І мы не маем права не апраў­даць іх давер, таму так самааддана і працуем.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара