Можна давяраць: куды падлеткі могуць звярнуцца па псіхалагічную дапамогу, расказала Ілляна Мацвіенка

- 12:16Интервью, Психолог в школе

У краіне створана добрая сістэма псіхалагічнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў: ёсць многа спецыялістаў, з якімі можна пракансультавацца бясплатна і канфідэнцыяльна. Але не ўсе школьнікі ведаюць, куды звярнуцца па дапамогу, ці проста баяцца прасіць яе ў псіхолага. Пра тое, каму можна давяраць і як упэўніцца, што дзецям дапамо­гуць, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог-псіхолаг Рэспуб­ліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі псіхолаг платформы для падлеткаў talk2ok.by Ілляна Мацвіенка.

— Ілляна, платформа для падлеткаў talk2ok.by была створана не так даўно. Што яна сабой уяўляе?

“Платформа talk2ok.by” — гэта анлайн-рэсурс, прычым у першую чаргу кансультацыйны. Ён разлічаны на аказанне псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі падлеткам ад 14 гадоў. Акрамя гэтага, ён уключае ў сябе інфармацыйны кампанент. Як гэта ўсё разам працуе? Пасля таго як падлетак зарэгіструецца на сайце talk2ok.by, ён можа пракансультавацца па пытаннях, якія яго хвалю­юць, з педагогам-псіхолагам або псіхолагам цэнтра, дружалюбнага да дзяцей. Узаема­дзеянне адбываецца ў анлайн-рэжыме — гэта відэа- або аўдыякансультацыя. Таксама магчыма падтрымка ад роўнага кансультанта праз размову з ім у чаце.

Інфармацыйная дапамога, якой мо­гуць карыстацца як самі падлеткі, так і бацькі, заключаецца ў тым, што на сайце ёсць спе­цыяльная ўкладка. Калі на яе перайсці, можна знайсці кароткія практыка-арыентаваныя рэкамендацыі. Яны накіраваны на дапамогу ў вырашэнні актуальных для падлеткаў праб­лем, такіх як булінг, перажыванне крызісных станаў, прафесійнае самавызначэнне.

На платформе адкрыты доступ да інфармацыйна-адукацыйнага кантэнту. Там можна прачытаць публікацыі па тэме, якая цікавіць, падумаць над сваёй сітуацыяй і прыняць рашэнне. Ёсць і хуткія парады: як павысіць самаацэнку, што рабіць, калі крыўдзяць у школе, і інш.

Акрамя бацькоў, інфармацыя будзе карыснай і для тых дарослых, хто хоча пад­трымаць дзяцей і паклапаціцца пра іх.

Сёння платформа працягвае развівацца і дапрацоўвацца. На ёй ужо з’явіўся плагін, які адказвае за стварэнне кансультацыйных пакояў — у іх размаўляюць псіхолаг і падлетак. Гэта зручны варыянт, які дазваляе праводзіць работу ў адным месцы і не карыстацца староннімі рэсурсамі.

— Хто ўваходзіць у каманду, якая дапамагае дзецям?

Варта адзначыць актыўных удзельнікаў платформы — псіхолагаў і роўных кансультантаў. На talk2ok.by працуюць педагогі-псіхолагі са шматлікіх устаноў адукацыі краіны, а таксама псіхолагі з цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў. 

Ва ўсіх без выключэння спецыялістаў багаты практычны вопыт, яны прайшлі навучанне ў Рэспубліканскім цэнтры псіхалагічнай дапамогі па анлайн-кансультаванні на платформе. Справа ў тым, што такая форма работы мае шэраг асаблівасцей, а зна­чыць, іх трэба абавязкова ўлічваць. На працягу ўсяго часу работы на платформе псіхолагі ўдзельнічаюць у індывідуальных і групавых супервізіях, якія дапамагаюць прааналіза­ваць сваю працу, а таксама ў семінарах і вэбінарах, — яны павышаюць узровень прафесійнага майстэрства. Дзякуючы навучанню спецыялістаў, якасць паслуг, якія прапаноўвае платформа, высокая, за іх нясуць адказнасць арганізатары. У адрозненне ад іншых свабодных рэсурсаў, дзе праверыць прафесіяналізм і кампетэнтнасць псіхолагаў немагчыма, у нас усё бачна. Мы ведаем усіх сваіх калег і іх практычны вопыт.

Сайт пабудаваны такім чынам, што любы, каму патрэбна дапамога, можа на галоўнай старонцы ў фільтры “прычыны звароту” выбраць праблемы, з якімі прыйшоў, і ўбачыць псіхолагаў, якія спецыялізуюцца па вызначанай тэме. Гэта робіць працэс звароту па дапамогу больш простым, зніжае трывожнасць у падлеткаў.

Важная частка нашай каманды — роўныя кансультанты. Гэта амаль равеснікі дзяцей, студэнты Інстытута псіхалогіі БДПУ, якія маюць пэўную падрыхтоўку як буду­чыя спецыялісты: яны прайшлі курсы па роўным кансультаванні ў анлайн-прасторы. Што тычыцца работы, то іх задача — падзяліцца ўласным вопытам пазітыўнага вырашэння падобных праблем, эмацыянальна падтрымаць падлеткаў, якія прыйшлі да іх у чат праз паведамленне, а таксама максімальна матываваць, даць усе неабходныя рэсурсы для звароту па дапамогу да прафесійнага псіхолага на самой платформе.

— З якімі запытамі часцей за ўсё звяртаюцца да роўных кансультантаў?

— Падчас работы роўныя кансультанты сутыкаюцца з самымі рознымі пытаннямі. У топе запытаў — праблемы ва ўзаемаадносінах з равеснікамі і бацькамі, шматлікія трывожныя перажыванні, закаханасць, адчуванне адзіноты. Часта падлеткі прыхо­дзяць і з праблемамі булінгу, кібербулінгу. Запыты да псіхолагаў і роўных кансультантаў часта падобныя. Гэта звязана з асаблівас­цямі ўзросту дзяцей, з якімі мы працуем на платформе, і з вядучымі патрэбамі на розных этапах іх жыцця. Старэйшыя падлеткі цікавяцца і праблемамі прафесійнага самавызначэння, аднак узаемаадносіны з аднагодкамі і дарослымі — на першым плане.

Праблема і запыт — гэта з’явы, якія звычайна ідуць побач, але час ад часу могуць адрознівацца паміж сабой. Падлетак можа гаварыць пра тое, што яго праблема — гэта адносіны з бацькамі, але пры гэтым яго запыт — стаць больш упэўненым у сабе. Задача псіхолага — вызначыць, як агучанае перасякаецца паміж сабой у карціне свету падлетка, чаму ён лічыць гэта ўзаемазвязаным. Часта ў анлайне, як і падчас вочнай кансультацыі, вывучэнне запыту прыво­дзіць да новага разумення праблемы. Падлетак пачынае глядзець на яе пад іншым вуглом і разглядаць іншыя варыянты магчымага вырашэння сітуацыі, разумее, якія крокі найбольш карысныя і правільныя для яго.

— У чым перавагі пакоя для кансультацый, дзе праводзяцца размовы з падлеткамі?

— Спецыялісты цэнтра заўсёды кансультуюць у гэтым пакоі, бо ў ім ёсць магчы­масць рознай сувязі — відэа і проста гукавой. А ў роўных кансультантаў ёсць магчы­масць падтрымліваць зносіны праз чат — гэта звыклы фармат камунікацыі для сённяшніх дзяцей. Тым не менш такая форма кантакту ўскладняе работу роўных кансультантаў: ім варта быць больш уважлівымі да слоўных праяўленняў, апісанняў дзіцяці. У многіх праектах па аказанні псіхалагічнай падтрымкі і дапамогі падлеткам выкарыстоўваецца рэсурс іх равеснікаў, такіх жа дзяцей. Але анлайн мае свой падводны камень: мы не ведаем, з якой праблемай прыходзіць падлетак і якой дапамогі хоча. Мы не ведаем, ці не будзе яго запыт траўманебяспечным для самога роўнага кансультанта, па сутнасці такога ж дзіцяці. Таму з намі працуе толькі падрыхтаваная моладзь, якая прайшла дадатковае навучанне і ведае, як рэагаваць на шматлікія эмацыянальныя праяўленні школьнікаў.

Роўныя кансультанты — гэта частка каманды. Важна, каб talk2ok.by прыносіла і ім таксама карысць. Падтрымка, клопат і прафілактыка выгарання — усім гэтым займаюцца псіхолагі нашага РЦПД.

— Ілляна, ці можна платформу наз­ваць эфектыўнай альтэрнатывай вочнай сустрэчы з псіхолагам?

— Анлайн-платформа — гэта сапраўды альтэрнатыва жывой кансультацыі псіхолага. Ёсць праблемы, з якімі працаваць анлайн не атрымаецца і не рэкамендуецца, аднак за час работы ў анлайне псіхолаг можа матываваць падлетка звярнуцца да спецыяліста для жывой сустрэчы.

Здараецца і так, што ўжывую прыйсці да спецыяліста ў дзіцяці не атрымліваецца па розных прычынах. Самыя частыя — страх і сорам, асабліва калі дзіця жыве ў маленькім горадзе і перажывае, што нехта ўбачыць, як яно хадзіла да псіхолага. Яшчэ адна прычына ў тым, што побач з месцам жыхарства школьніка псіхолага няма. У такім выпадку платформа — ідэальны варыянт, да таго ж бясплатны. Тут усё бяспечна і канфідэнцыяльна. Але паўтаруся: ёсць шэраг прычын, па якіх у анлайне працаваць не атрымаецца. У такіх сітуацыях нашы спецыялісты рэкамендуюць звяртацца да псіхолага або да спецыялістаў сумежных прафесій афлайн, каб атрымаць усю неабходную дапамогу. Таксама нашы супрацоўнікі могуць дапамагчы знайсці таго, да каго лепш звярнуцца.

Я вельмі хацела б, каб падлеткі звярталіся да псіхолагаў у любым фармаце. Выбірайце камфортны для вас варыянт — тэлефануйце, пішыце анлайн, выкарыстоўвайце аўдыя- і відэачат, прыходзьце. Бо гэта абсалютна нармальна — звяртацца па псіхалагічную падтрымку. Не трэба саромецца, што вам патрэбна дапамога. Часта рашэнне падлетка звярнуцца па дапамогу — гэта самае дарослае рашэнне.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА