Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі — кузніца музыкантаў, оперных спевакоў, дырыжораў, мастацтвазнаўцаў і балетмайстраў. Яе студэнты, навучаючыся на пяці факультэтах, не проста атрымліваюць прафесійныя навыкі, а і ў першую чаргу фарміруюць свой светапогляд у галіне мастацкай творчасці і музычнай адукацыі. Бо сёння акадэмія — свайго роду культурна-асветніцкі цэнтр, дзе студэнты і вучацца, і ствараюць. Дарэчы, за амаль 90 гадоў тут падрыхтавана каля 16 тысяч спецыялістаў. Колькі ж сёлетніх абітурыентаў папоўнілі рады студэнтаў акадэміі і якія спецыяльнасці былі найбольш запатрабаванымі, чым адметна айчынная сістэма мастацкай адукацыі і які ён — музыкант будучыні — даведаемся ў рэктара ўстановы, доктара мастацтвазнаўства, прафесара Кацярыны Мікалаеўны ДУЛАВАЙ.
— Кацярына Мікалаеўна, уступная кампанія завершана. Ці змяніліся сёлета лічбы прыёму і конкурсу і колькі абітурыентаў залічана?
— Кантрольная лічба прыёму склала 141 чалавек, пададзена ж была 161 заяўка. Агульны конкурс па акадэміі склаў 1,2 чалавека на месца. Так, конкурс невялікі, і звязана гэта са многімі фактарамі, у тым ліку і дэмаграфічным. Таксама мы назіраем некаторае зніжэнне цікавасці да прафесіі музыканта з-за доўгага навучання, але без гэтага немагчыма, ёсць і іншыя акалічнасці, звязаныя з сённяшнім такім рацыянальным, прагматычным светам, дзе мастацкія прафесіі перасталі займаць ключавыя пазіцыі. Гэта не трывожная сітуацыя, але мы яе канстатуем. Вядома, лічба прыёму нараджаецца не выпадкова, гэта вынік сур’ёзнай прафарыентацыйнай работы, якая вядзецца і нашай прыёмнай камісіяй, і загадчыкамі кафедраў, вядучымі выкладчыкамі, прафесарамі з мэтай атрымання вычарпальнай інфармацыі аб тым, што нас чакае ад выпускнікоў каледжаў. Бо менавіта музычныя каледжы — асноўныя структуры, адкуль да нас прыходзяць абітурыенты, таму што паступіць у акадэмію проста пасля школы немагчыма. Нашы абітурыенты павінны мець пэўныя навыкі і веды па гармоніі, сальфеджыа, музычнай літаратуры, умець добра іграць на інструментах. У нашай УВА перш за ўсё развіваюцца навыкі высокага ўзроўню выканальніцкага майстэрства і фарміруецца светапогляд музыканта. Адбываецца гэта дзякуючы цэламу комплексу дысцыплін, асновай для якіх з’яўляюцца прадметы, якія выкладаюць у сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Таму лічбы прыёму фарміруем абгрунтавана, назіраючы за будучымі абітурыентамі на працягу года.
Калі гаварыць пра асаблівасці паступлення да нас, то, вядома, важнымі застаюцца творчыя дасягненні. Калі ў год паступлення абітурыент станавіўся лаўрэатам сур’ёзных конкурсаў, то яму дадзена права паступлення без уступных экзаменаў. У гэтым годзе залічаны 21 лаўрэат конкурсаў: IХ Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча, Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў фартэпіяннай музыкі, II Рэспубліканскага адкрытага конкурсу вакалістаў імя С.Манюшкі. Для нас гэта значныя творчыя іспыты, таму іх удзельнікі атрымалі права апрыёры быць студэнтамі нашай акадэміі.
— Давайце нагадаем, колькі і якія ў вас факультэты?
— У нас 4 буйныя факультэты па падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшай адукацыі: фартэпіянны і кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы — самы вялікі, вакальна-харавы, народных інструментаў і факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі для кіраўнікоў і выкладчыкаў устаноў усіх узроўняў прафесійнай музычнай адукацыі.
— Якія спецыяльнасці былі найбольш запатрабаванымі ў гэтым годзе?
— У нас традыцыйна самы высокі конкурс на вакальны факультэт. Акадэмічнае выкананне — самая конкурсная спецыяльнасць, бо тут заўсёды вырашальнай з’яўляецца наяўнасць голасу — той дзівосны дар, ад якога немагчыма адмахнуцца, нават нягледзячы на недахоп пэўных навыкаў у галіне, напрыклад, тэорыі музыкі. І больш за тое, мы нават свядома адмовіліся ад некаторых патрабаванняў, якія маглі б перашкодзіць маладому чалавеку паступіць да нас. Так, у вакалістаў цяпер два туры, якія дазваляюць ім больш прадэманстраваць свае здольнасці перад экзаменацыйнай камісіяй і паглядзець на тыя даныя, з якімі чалавек прыходзіць. Але застаўся вельмі важны профільны экзамен па сальфеджыа, дзе правяраюцца слыхавыя навыкі, магчымасць інтанаваць па нотах.
Яшчэ ў гэтым годзе быў сур’ёзны конкурс на кампазіцыю, ён склаў 1,7 чалавека на месца. Гэта ўвогуле эксклюзіўная спецыяльнасць, бо кампазітарам трэба нарадзіцца, таму што ніякія трэнінгі тут не дапамогуць, гэты талент проста павінен быць. І нягледзячы на мінімальную колькасць месцаў, якія ў нас ёсць, нам удаецца знаходзіць вось такія жамчужынкі.
Высокі конкурс быў і на струнныя народныя шчыпкова-ўдарныя інструменты дзякуючы конкурсу імя І.І.Жыновіча, лаўрэаты якога былі залічаны без экзаменаў. Астатнім жадаючым засталося нямнога месцаў, таму там конкурс склаў 2,7 чалавека на месца. Але кожны год не прадказальны. Так, адзін год паступала вялікая колькасць піяністаў, на другі мы думалі, што набяром толькі на флейту з усіх драўляных духавых, таму кожны раз з цікавасцю глядзіш, які конкурс і хто з кім будзе спаборнічаць. Нашы студэнты — будучыя прафесійныя музыканты, якія стануць іграць у самых знакамітых творчых калектывах: у Вялікім тэатры Беларусі, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, Белдзяржфілармоніі, Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча і г.д.
— Ці рыхтуеце вы спецыялістаў, так бы мовіць, пад заказ?
— Вядома, мы ўлічваем эканамічную сітуацыю, бо працуем у сістэме дзяржаўнага заказу спецыялістаў, а таму чакаем, што да нас прыйдуць людзі, якія будуць запатрабаваны праз 5 гадоў. І пасля заканчэння нашай акадэміі размяркоўваем выпускнікоў менавіта па заяўках. Сёння няма выпадковага прыходу на тую ці іншую спецыяльнасць. Іншая справа, што ў поўнай меры задаволіць усе заяўкі мы не можам, таму што фізічна прыходзіць недастатковая колькасць абітурыентаў, якія хочуць прафесійна вучыцца музыцы. Карані гэтай праблемы даволі глыбокія. Звязаны яны з тым, што на пэўным этапе сістэма адукацыі ў дзіцячых музычных школах перабудавалася. А таксама што зараз, на жаль, аматарскі ўхіл стаў пераважаць, хоць раней заўсёды былі класы тых, хто хацеў ісці шляхам прафесійнага навучання музыцы, спачатку паступіўшы ў вучылішча, а пасля ў акадэмію. Зараз у нас з’явілася магчымасць рэгуляваць і сур’ёзна займацца гэтай тэмай, паколькі мы кроўна ў гэтым зацікаўлены, бо мы адзіная УВА, якая выпускае прафесійных музыкантаў у галіне прафесійна-акадэмічнага мастацтва. На працягу 6 гадоў мы праводзілі ідэю стварэння Навуковага адукацыйна-творчага кластара ў галіне прафесійнага музычнага мастацтва. І днямі міністр культуры падпісаў такі ўказ, а значыць, з’явіцца цэлая грамадская структура, якая будзе займацца курыраваннем усёй вертыкалі прафесійнай акадэмічнай музычнай адукацыі — ад кіраўнікоў ДМШ да дырэктараў каледжаў — і супрацоўніцтвам з тымі, хто заказвае кадры ў нас, — мастацкімі кіраўнікамі філармоній, опернага і музычных тэатраў. Да іх могуць далучацца і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, што з намі актыўна супрацоўнічаюць, — гэта Беларускі саюз кампазітараў і Саюз музычных дзеячаў. Такім чынам мы ствараем прафесійны музычны пул, і ўжо сфарміраваны савет на чале з рэктарам акадэміі музыкі. Гэта для нас вялікае дасягненне, бо мы разумеем, што нам трэба не толькі аб’ядноўваць прафесійных музыкантаў, а і дапамагаць Міністэрству культуры фарміраваць ключавыя пазіцыі ў галіне вучэбна-метадычнага забеспячэння, правядзенні творчых мерапрыемстваў, каб была адчувальная комплекснасць.
Бываючы на дзіцячых канцэртах, я заўважаю, што стаў пераважаць эстрадны кірунак, а класіка практычна не гучыць. Можа быць, нам не хапае нейкай прапаганды акадэмічнага мастацтва? І чаму бацькі сёння не аддаюць дзяцей у музыку, якія ёсць параметры? Але ведаеце, у мяне заўсёды ёсць аптымістычны адказ для сябе і сваіх калег: “Нашы дзеці заўсёды да нас прыйдуць”. Бо чалавек, якому Бог даў талент, усё роўна пацягнецца туды, дзе гэты талент можа быць раскрыты, развіты і рэалізаваны. А бацькам, у тым ліку і са старонак вашай газеты, хацелася б сказаць пра тое, што здольнасці чалавека — гэта вельмі непрадказальная з’ява, яны могуць так нечакана раскрыцца, і не трэба баяцца таго, што дзіця вельмі сціпла праяўляе сябе ў школе або каледжы. Часам я адчуваю сапраўднае шчасце на выпускным, калі бачу, як зазіхацелі грані таленту, раскрытага нашымі педагогамі.
— А колькі студэнтаў вучыцца ў акадэміі сёння? І з якіх краін да нас прыязджаюць замежныя студэнты?
— У нас каля 800 беларускіх студэнтаў і больш за 200 замежных. Сёння спектр краін пашыраецца. Пераважна цікавасць да акадэмічнага мастацтва праяўляюць нашы кітайскія сябры, таму што ў нас захаваліся традыцыі класічнай школы. Дарэчы, кітайскія студэнты нашу школу вакалу, пастаноўкі голасу называюць італьянскай школай. Сёння значна пашырылася цікавасць да аспірантуры, але мы бяром толькі падрыхтаваных людзей з добрым веданнем мовы, якія хочуць асвойваць метадалогію, што ёсць у нашай музычнай навуцы і якая ў Кітаі была страчана на пэўным этапе. Вучацца студэнты і з Расіі, Арменіі, Казахстана і г.д.
— Раней вы гаварылі, што лічыце створаную ў нашай краіне сістэму мастацкай адукацыі значным дасягненнем. Чаму?
— Таму што я мяркую па якасці падрыхтаваных спецыялістаў, па тым, што яны ўмеюць і які аб’ём кампетэнцый закладзены ў іх адукацыю. Наша сістэма мастацкай адукацыі — выдатны комплекс, які фарміруе светапогляд музыканта і яго знаходжанне ў сваёй прафесіі. Мы не проста вышэйшая школа музыкі, а профільны ўніверсітэт, які дае максімум ведаў.
Дарэчы, такой сістэмы прафесійнай дзіцячай і сярэдняй спецыяльнай музычнай адукацыі, як у нас, нідзе ў свеце няма, за выключэннем краін былога СССР. Атрымліваецца, гэтай сістэме шмат гадоў і яна дае свой плён. Сістэма гэтая заключаецца ў раннім пачатку падрыхтоўкі прафесіяналаў і пераемнасці ступеней адукацыі. Першая сярод іх — гэта дзіцячыя музычныя школы і школы мастацтваў. Далей шлях зацікаўленых ляжыць у музычныя каледжы. Думаю, тыя змяненні, якія ўносяцца цяпер у Кодэкс аб адукацыі, будуць яшчэ больш падтрымліваць і развіваць гэтую сістэму. Паводле кодэкса, у нас з’явяцца інтэграваная магістратура, асістэнтура-стажыроўка, што дасць магчымасць рыхтаваць кадры вышэйшай выканальніцкай кваліфікацыі.
Дарэчы, у гэтым годзе мы рабілі спробу адкрыць філіял кафедры опернай падрыхтоўкі ў нашым Вялікім тэатры, але пакуль не атрымалася. Хоць мне здавалася, што будзе выдатны практыкум, калі студэнты пабудуць побач з масцітымі артыстамі на сцэне, папрысутнічаюць на рэпетыцыях, парухаюцца разам з хорам. На жаль, пакуль мы нашых вядучых майстроў сцэны не можам пераканаць, што гэтым трэба займацца не толькі ў сценах акадэміі, але і на тэатральнай пляцоўцы. Пакуль дыферэнцыяцыя такая: тут ствараем, а тут вучымся. Але я пакуль надзеі не губляю.
— Якім вы бачыце музыканта будучыні?
— Такім жа, як і сёння: яркім, таленавітым, захопленым і паглыбленым у сваю прафесію, але галоўнае — чалавекам творчым, які будзе не толькі фарміраваць сваё музычнае асяроддзе, але і будзе спрыяць, каб яго справа развівалася і набывала новыя формы, упрыгожваючы жыццё. Бо галоўная задача акадэмічнай музыкі — уносіць гармонію ў навакольны свет, прымушаць душу спяваць, і пра гэта таксама нельга забываць. Мы не функцыянеры, мы жывыя людзі, якім вельмі трэба, каб з імі размаўлялі на мове музыкі.
Гэта прафесія сапраўдных працаўнікоў, якія па 4—6 гадзін штодня займаюцца сваёй справай. У некаторых нават на руках такія ж уздутыя вены, як і ў спартсменаў. Гэта прафесія, якая з табой назаўсёды, ты ў ёй жывеш, з яе немагчыма сысці — ніколі, ні днём ні ноччу, бо музыка гучыць заўсёды, гэта спосаб мыслення гукамі.
— Кацярына Мікалаеўна, вы ўзначальваеце беларускі храм музыкі амаль 11 гадоў. Аб чым марыць рэктар?
— Рэктар паступова становіцца не толькі архітэктарам адукацыйнай сістэмы, але і рэальным будаўніком, бо вымушаны асвойваць новыя тэрыторыі, таму хацелася б прыступіць да капітальнага рамонту гэтага ўнікальнага будынка, дзе размешчана акадэмія, і зрабіць прыбудову да яго. А яшчэ я вельмі хачу, каб у нас з’явілася новая сучасная студыя гуказапісу, а таксама вялікая акустычная зала і паўнавартасны тэатр!
— Няхай усё задуманае ажыццявіцца! Дзякуй за размову!
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.