Майстар вытворчага навучання — асаблівая фігура ў педагагічным калектыве прафесійнай навучальнай установы. Гэтая пасада абавязвае быць не толькі асноўным настаўнікам, які вучыць прафесіі, але і арганізатарам пазакласнай, выхаваўчай работы з моладдзю. Сумяшчаць такія напрамкі педагагічнай дзейнасці няпроста. Але ў майстра вытворчага навучання Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Віктара Куцапалава гэта атрымліваецца. Яго выпускнікі становяцца і добрымі прафесіяналамі, і годнымі людзьмі.
А між тым жыццё Віктара Андрэевіча не заўсёды было звязана з педагогікай. Перад тым як прыйсці ў прафесійную адукацыю, ён паспеў значны час папрацаваць на вытворчасці.
— Я нарадзіўся ў вёсцы. З дзяцінства далучаўся да сельскай працы. У падлеткавым узросце ўжо ўпэўнена сядзеў за рулём трактара, дапамагаў бацьку ў полі. Напэўна, тады і ўзнікла цяга да механізацыі, да тэхнікі. Зразумела, што над выбарам прафесіі не разважаў, — успамінае Віктар Куцапалаў.Скончыўшы адпаведны тэхнікум, ён працаваў у родным саўгасе. Адразу ў якасці рабочага, а потым і на кіруючай пасадзе загадчыка майстэрнямі.
— Думаў, перамен у жыцці не прадбачыцца, а яны адбыліся. Будучая жонка працавала ў Магілёўскім раёне і пасля жаніцьбы мы аселі ў вёсцы Буйнічы. Працаўладкаваўся я тады майстрам у мясцовае аграпрамтэхпрадпрыемства, а праз некаторы час стаў майстрам вытворчага навучання ў аграрным вучылішчы, — кажа Віктар Андрэевіч.
З той пары прайшло больш за 25 гадоў. За такі доўгі тэрмін педагагічнай дзейнасці ён навучыў асновам прафесіі механізатара сотні хлапчукоў.
— Вядома, час не стаіць на месцы, дзеці мяняюцца. У сённяшніх навучэнцаў іншыя жыццёвыя прыярытэты. Але я не люблю слухаць размовы пра тое, што цяперашняя моладзь дрэнная. Яны такія ж, як мы, проста крыху іншыя. Таму і 25, і 10 гадоў назад, і зараз на сваіх занятках я выкарыстоўваю адны і тыя ж метады навучання, — распавядае Віктар Куцапалаў.
Ён да кожнага вучня стараецца знайсці індывідуальны падыход. Асновам прафесіі вучыць праз асабісты прыклад, праз сумесную працу. Вынік не прымушае сябе доўга чакаць. Нават самыя складаныя хлопцы, трапіўшы ў групу да Куцапалава, мяняюцца ў лепшы бок, бяруцца за розум. Бачачы непадробную ўвагу майстра да іх жыцця, лёсу, хлопцы раскрываюцца, дасягаюць нядрэнных поспехаў у вучобе.
Разам са сваімі навучэнцамі Віктар Андрэевіч не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час. Ён з’яўляецца кіраўніком гуртка тэхнічнай творчасці “Умелыя рукі”. Аб’яднанне па інтарэсах карыстаецца ў каледжы вялікай папулярнасцю. Яго наведваюць як вучні Віктара Куцапалава, так і дзеці з іншых груп.
— Мне падабаецца працаваць з навучэнцамі ў нефармальнай абстаноўцы, дзяліцца з імі не толькі прафесійным, але і асабістым жыццёвым вопытам, развіваць іх творчыя здольнасці, павышаючы тым самым цікавасць да абранай спецыяльнасці, выхоўваючы ў іх асобу, — сціпла, але з вялікім энтузіязмам кажа Віктар Андрэевіч.
Гэтым энтузіязмам зараджаюцца і ўсе наведвальнікі гуртка. Тут кожны можа раскрыць свой патэнцыял і нават стаць вынаходнікам. І гэта без перабольшання. Дасканала разбіраючыся ў тэхніцы, Віктар Куцапалаў разам з калегамі і вучнямі распрацоўвае розныя агрэгаты для спрашчэння сельскай працы. Усе яны шматфункцыянальныя і, што адметна, выкананы са звычайнага, а то і непатрэбнага матэрыялу.
Здавалася б, стаіць у майстэрні простая лаўка. Адзін рух — і яна, як па чараўніцтве, ператвараецца ў дзве лаўкі і стол! Віктар Андрэевіч дэманструе таксама магчымасці міні-кузні, кормаздрабняльніка, інкубатара для вырошчвання куранят.
— Многія работы знаходзяцца на выставах ці аглядах. Мы пастаянна прымаем удзел практычна ва ўсіх конкурсах тэхнічнай творчасці розных узроўняў, — адзначае Віктар Куцапалаў, падкрэсліваючы, што прызавыя дыпломы для іх ужо сталі нормай.
Адметна, што належную ўвагу Віктар Андрэевіч удзяляе не толькі развіццю творчых здольнасцей сваіх вучняў, але і іх грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Ён перыядычна праводзіць з хлопцамі адпаведныя гутаркі. А не так даўно яны сумесна аднавілі нямецкі дот, які знаходзіцца на тэрыторыі каледжа.
— Ідэя аднавіць дот узнікла ў дырэктара каледжа Георгія Мікалаевіча Маліноўскага. Наша група на яе адгукнулася. Праца аказалася нялёгкай і расцягнулася амаль на два гады, — расказвае Віктар Куцапалаў.
Паводле яго слоў, дот амаль цалкам знаходзіўся ў зямлі. Калі ён быў, нарэшце, раскапаны, вырашана было зрабіць музейную экспазіцыю. Вакол адноўленага дота з’явілася сетка акопаў, назіральная вышка, зямлянка, гарматы. Была знойдзена і ўся інфармацыя пра баі па вызваленні вёскі Буйнічы, пра бой непасрэдна каля гэтага дота. Аказалася, што тут быў здзейснены сапраўдны подзвіг. Група салдат стралковай роты 364-га стралковага палка 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем лейтэнанта Мяльнова на падручных сродках фарсіравала Днепр і знішчыла на беразе агнявыя кропкі праціўніка, забяспечыўшы пераправу праз раку ўсяго батальёна.
— Лейтэнант Мяльноў быў практычна аднагодкам нашых навучэнцаў. Напэўна таму яго подзвіг так уразіў хлопцаў. Яны нават зрабілі рэканструкцыю таго бою. Асабліва ганарацца яны тым, што сваімі рукамі аднавілі месца тых падзей, — адзначае Віктар Андрэевіч.
…Дзейнасць неардынарнага майстра, які пастаянна імкнецца да ўдасканалення сябе і сваёй працы, неаднаразова была адзначана ўзнагародамі. У скарбонцы яго працоўных дасягненняў — прызавы дыплом конкурсу прафесійнага майстэрства “Майстар года”, ганаровыя граматы мясцовых выканаўчых улад і Міністэрства адукацыі. Аднак не ўзнагароды для яго галоўнае. Сваім самым высокім дасягненнем ён лічыць поспехі навучэнцаў, кожны з якіх стаў сапраўдным грамадзянінам.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.