У Ашмянскім раёне распрацавана мадэль прафарыентацыйнай работы, адзін з напрамкаў якой — педагагічныя прафесіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Рэалізаваны шэраг праектаў: “Я — педагог”, “Хачу стаць настаўнікам!”, “Фестываль педагагічных прафесій”. Да таго ж наладжана цеснае супрацоўніцтва з універсітэтамі. І гэтая работа дае плён.
— Імкнёмся знайсці зацікаўленых, матываваных дзяцей, захапіць прафесіяй, замацаваць кадры, стварыць умовы для іх развіцця, — адзначае начальнік упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Святлана Мікалаеўна Баркоўская.
У сетцы педагагічных класаў Ашмянскага раёна навучаннем ахоплена 18% вучняў 10-х і 11-х класаў. Як вынік, толькі ў мінулым годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 44 выпускнікі. Прычым 19 з іх — па мэтавых накіраваннях.
— Сёння свае першыя крокі ў прафесіі педагога робяць 38 маладых спецыялістаў. І 26 з іх — ураджэнцы нашага раёна. У кожнага свой шлях у педагогіку. І каб гэты шлях быў лёгкім і камфортным, на першых працоўных месцах, у калектывах іх сустракаюць сапраўдныя майстры сваёй справы. 51 вопытны настаўнік працуе з маладымі спецыялістамі, — працягвае размову Святлана Баркоўская.
Усім вядома, што з вынікаў работы педагога складаюцца вынікі дзейнасці ўстановы, а з вынікаў установы — вынікі сістэмы адукацыі раёна. Менавіта таму многае ва ўстанове залежыць ад кіраўніка. На Ашмяншчыне 91% кіраўнікоў — ураджэнцы раёна. Гэта сучасныя, крэатыўныя, інавацыйныя кіраўнікі, патрыёты Беларусі.
— Толькі ў Кальчунскай сярэдняй школе, якая працуе пад кіраўніцтвам Яўгена Станіслававіча Навіцкага, у мінулым навучальным годзе 9 з 9 выпускнікоў педагагічнай групы пайшлі вучыцца на педагагічныя спецыяльнасці, 8 з іх — як мэтавікі. І гэта далёка не поўная карціна сістэмнай прафарыентацыйнай работы на прыкладзе адной школы. 36 выпускнікоў названай установы адукацыі працуюць сёння педагогамі ў нашым раёне, — расказвае суразмоўніца.
Такіх прыкладаў нямала. У сярэдняй школе № 1 Ашмян 34% педагогаў — выпускнікі гэтай установы. А за 10 гадоў на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 127 чалавек.
— Мы ганарымся нашай вялікай педагагічнай камандай, калектывам аднадумцаў, аб’яднаных карпаратыўным духам, гатовых вучыцца, развівацца і, безумоўна, перадаваць свой вопыт галоўным удзельнікам адукацыйнага працэсу — дзецям, — адзначыла Святлана Баркоўская.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі,
выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі