На ІІІ Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства беларускія настаўнікі заваявалі сем дыпломаў 

- 9:23Актуально, Главная, Новости

8­-ы з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, які праходзіў на базе Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Х.Абавяна (Ерэван), стаў для беларускай дэлегацыі трыумфальным. Прычым не толькі перамогамі нашых настаўнікаў, якія выступалі проста бліскуча. На высокі вынік працавалі ўсе. Задаў планку кіраўнік дэлегацыі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, выступленне якога стала рэзанансным. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Канструктыўнае ўзаемадзеянне

Удзельнікамі з’езда сталі прадстаўнікі педагагічных супольнасцей Казахстана, Расіі, Узбекістана, Арменіі, Беларусі, Кыргызстана, Таджыкістана, якія працавалі ў межах тэмы “Адукацыя ў зменлівым свеце: уплыў глабальных рэалій на развіццё адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў”.

“Развіццё сучаснага грамадства характарызуецца высокай ступенню зменлівасці, паскораным развіццём сацыяльных працэсаў. Сістэме адукацыі даводзіцца адказ­ваць на шматлікія выклікі, звязаныя з глабалізацыяй, інфарматызацыяй, лічбавізацыяй грамадства, і абумоўленыя імі змяненні на рынку працы. Выпрабаваннем для сістэмы адукацыі становяцца і тыя выклікі, з якімі Рэспубліка Беларусь сутыкаецца з-за свайго геапалітычнага становішча. Гэта і санкцыйны націск, і эскалацыя напружанасці, якую мы цяпер назіраем на межах Рэспуб­лікі Беларусь. Гэтыя выклікі фарміруюць асаблівы заказ на выхаванне грамадзяніна і патрыёта. На рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе прынята дапаўненне да Канстытуцыі аб тым, што захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспуб­лікі Беларусь. У краіне прынята праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва Беларусі на 2022—2025 гады. На выхаванне грамадзяніна і патрыёта накіраваны сёння змест адукацыі і ўся сістэма выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі”, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч.

Ён падкрэсліў, што палітыка ў галіне адукацыі мае асаблівую падтрымку кіраўніцтва нашай краіны. Прыярытэтам беларускай сістэмы адукацыі з’яўляюцца даступнасць, якасць, практыкаарыентаванасць, укараненне інавацыйных тэхналогій і методык. Безумоўна, у нас ёсць дасягненні, напрацоўкі на ўсіх узроўнях адукацыі.

Па паказчыках разліку індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь адносіцца да катэгорыі краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця і займае 47-е месца сярод 189 дзяржаў. Узровень адукаванасці дарослага насельніцтва у краіне — 99%. Ахоп базавай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыяй занятага насельніцтва складае 99%.

“Цяпер ідзе распрацоўка макетных узораў адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, вышэйшай педагагічнай адукацыі, дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў, накіраваных на фарміраванне функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў. У 2024/2025 навучальным годзе ў адукацыйны працэс укаранёны больш за 40 вучэбна-метадычных комплексаў для правядзення факультатыўных заняткаў, накіраваных на фарміраванне ў навучэнцаў функцыянальнай адукаванасці ў працэсе праектнай дзейнасці. Вучэбна-метадычныя комплексы распрацаваны на аснове інтэ­грацыі зместу розных вучэбных прадметаў, у іх склад уваходзяць вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для навучэнцаў, а таксама метадычныя рэкамендацыі для настаўніка”, — паведаміў намеснік міністра.

А затым, гаворачы пра Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, адзначыў, што фарміраванне функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў з’яўляецца актуальным для ўсіх краін СНД, таму правядзенне міжкраінавага даследавання па ацэнцы сфарміраванасці ў вучняў навыкаў XXI стагоддзя будзе актуальным і запатрабаваным.

“Важным напрамкам трансфармацыі беларускай сістэмы адукацыі з’яўляецца лічбавізацыя адукацыйнай прасторы. Міністэрствам адукацыі зацверджана Канцэпцыя лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі Беларусі на 2019—2025 гады, у краіне створана і эфектыўна функцыянуе галіновая тэхнічная інфраструктура інфарматызацыі адукацыі. Ажыццяўляецца распрацоўка Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя (ІАА), якое ўключае ў сябе аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, інструменты доступу да іх. Важнай умовай эфектыўнай лічбавізацыі з’яўляецца фарміраванне сучаснага электроннага адукацыйнага кантэнту. Стварэнне адкрытага Міждзяржаўнага фонду інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў для розных узроўняў адукацыі можа стаць адным з кірункаў рэалізацыі патэнцыялу агульнай адукацыйнай прасторы дзяржаў — удзельніц СНД”, — прапанаваў Аляксандр Кадлубай.

Рэспубліка Беларусь актыўна ўзаема­дзейнічае з дзяржавамі СНД у сферы адукацыі і навукі ў рамках заключаных між­універсітэцкіх дагавораў, сумесных навуковых мерапрыемстваў і адукацыйных праектаў. Напрыклад, Палескі дзярж­універсітэт рэалізуе адукацыйны праект па арганічным земляробстве з Кыргызскім нацыянальным аграрным універсітэтам імя К.І.Скрабіна. БДУ і Інстытут хірургіі імя А.Л.Мікаэляна правялі клінічныя выпрабаванні прэпарата “Цысплацэл” з мэтай яго рэгістрацыі ў Рэспубліцы Арменія.

У двухбаковым супрацоўніцтве важнае значэнне адводзіцца рэалізацыі мерапрыемстваў у сферы маладзёжнай палітыкі. Тут хочацца прывесці прыклад удзелу студэнтаў і выкладчыкаў Бішкекскага, Ерэванскага філіялаў Міжнароднага інстытута маніторынгу развіцця дэмакратыі, парламентарызму і захавання выбарчых правоў грамадзян дзяржаў — удзельніц СНД у міжнародным семінары “Удзел моладзі Рэспуб­лікі Беларусь у выбарчым працэсе”. Яркімі сталі сумесныя патрыятычныя акцыі расійскай і беларускай моладзі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне.

Штогод у Беларусі павышаюць кваліфікацыю прадстаўнікі Казахстана, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана, Кыргызстана і іншых дзяржаў СНД. А Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі выконвае ролю базавай арганізацыі дзяржаў — удзельніц СНД па прафесійнай падрыхтоўцы, перапад­рыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі кадраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У 2024 годзе з удзе­лам дэлегацыі Рэспублікі Арменія на базе РІПА прайшло пасяджэнне Рабочай групы Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД па дапрацоўцы праекта канцэпцыі забеспячэння якасці прафесійнай адукацыі.

“Як і большасць дзяржаў СНД, мы адчуваем выклікі глабалізацыі, якая вя­дзе да сцірання адрозненняў паміж народамі, ліквідацыі іх гістарычнага мінулага. Таму вучым нашу моладзь захоўваць сваё, нацыя­нальнае, вучым берагчы нашу прыгожую, мірную, незалежную краіну, праца­ваць на яе карысць, шанаваць яе спадчыну, не забываючы пры гэтым пра павагу культурных і гістарычных каштоўнасцей іншых народаў. Упэўнены, што мір і згода паміж нашымі народамі, агульная гістарычная памяць аб баявых і працоўных подзвігах нашых дзядоў і прадзедаў, вопыт супрацоўніц­тва, сумесныя напрацоўкі ў навуковай дзейнасці і далей будуць найважнейшымі фактарамі канструктыўнага ўзаемадзеяння нашых дзяржаў у сферы адукацыі”, — рэзюмаваў Аляксандр Кадлубай.

Педагагічныя трэнды

Пра адметныя шляхі рэалізацыі ўласных адукацыйных стандартаў гаварылі прадстаўнікі іншых краін — удзельніц з’езда. Усіх аб’ядноўвала жаданне адпавя­даць сучасным адукацыйным трэндам, таму ў кожнай краіне працуюць над развіццём у школьнікаў навыкаў функцыянальнай адукаванасці і над удасканаленнем сістэмы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў.

Разам з тым вопыт беларускіх калег зацікавіў многіх удзельнікаў з’езда. У прыватнасці, шмат пытанняў прагучала пасля выступлення прарэктара па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціны Гінчук, якая расказвала пра адукацыйныя стандарты дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны, а таксама пра шляхі фарміравання функцыянальнай адукаванасці. Усім хацелася даведацца пра механізм правядзення Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі. 

Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Дзяніс Дук гаварыў пра навукова-метадычныя асновы падрыхтоўкі педагогаў у сістэме бесперапыннай адукацыі. Гэтае пытанне з’яўляецца актуальным для ўсіх краін — удзельніц СНД, тым больш, як заўважылі калегі з Арменіі, калі настаўніцкая прафесія становіцца настолькі непапулярнай, што закрываюцца адпаведныя факультэты.

Карысным для слухачоў стала выступленне кіраўніка клуба “Крыштальны журавель” настаўніка матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Івана Якіменкі. Іван Віктаравіч прадстаўляў магчымасці змешанага навучання для работы з маладымі педагогамі. Праблема замацавання педагагічных кад­раў у краінах СНД стаіць вельмі востра, таму Івана Віктаравіча засыпалі пытаннямі. І былі прыемна здзіўлены, што ў нашай краіне гэтае пытанне вырашаецца на дзяржаўным узроўні. А ў школах дзейнічае зладжаная сістэма падтрымкі маладога настаўніка.

Пра развіццё сярэдняй прафесійнай адукацыі ў інтарэсах рэальнага сектара эканомікі расказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўленя прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Аляксандра Пятрова. Выступленне Аляксандры Мікалаеўны таксама было ў цэнтры ўвагі, бо ў нашай краіне сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі даўно зарэкамендавала сябе.

Як і развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўстановах адукацыі. Паказальным у гэтым плане з’яўляецца вопыт Віцебскай вобласці, які прадстаўляла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч.

Эмацыянальным і аншлагавым стала выступленне пераможца конкурсу “Настаўнік года” настаўніка выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці Сяргея Шамінскага, які расказваў пра выкарыстанне творчых заданняў для развіцця ў навучэнцаў уменняў ствараць мастацкія вобразы.  

Не менш цікавым для калег з краін — удзельніц СНД стала выступленне выхавальніцы санаторнага дзіцячага сада Смаргоні Гродзенскай вобласці Анастасіі Маршалак, якая дзялілася вопытам выкарыстання сучасных форм узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў. Як аказалася, беларускія таты і мамы не толькі знаходзяцца ў вельмі цесным кантакце з навучальнай установай, яны яшчэ і актыўныя ўдзельнікі шматлікіх выхаваўчых мерапрыемстваў, чаго няма, напрыклад, у дзіцячых садах Арменіі і Туркменістана. 

Асобна хочацца сказаць пра правядзенне і вынікі ІІІ Міжнароднага фестывалю педагагічнага майстэрства, удзельнікамі якога сталі і беларускія педагогі. Мне давялося прысутнічаць на майстар-класах, якія праводзіліся ў намінацыі “Настаўнік”. І першае, што кінулася ў вочы, — гэта згуртаванасць, узаемападтрымка і ўзаемадапамога нашых настаўніц. Кожная з іх выступала асобна, але яны так падтрымлівалі адна адну, што здавалася, выступаюць адзінай камандай. І такое яднанне нашых педагогаў назіралася ў кожнай намінацыі.

Калі гаварыць больш дэталёва, то майстар-клас настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска Святланы Здаранковай быў прысвечаны рэалізацыі метаду вучэбнага праекта, які можа быць сродкам фарміравання даследчай кампетэнцыі. Настаўніца гімназіі № 2 Пінска Таццяна Пархамчук захапіла метадам мадэлявання. Прынамсі, яе мадэль лёгкіх вельмі ўразіла ўдзельнікаў майстар-класа. А настаўніца рускай мовы Ліцэя БДУ імя Ф.Дзяржынскага Аляксандра Сакулевіч удасканальвала чытацкія ўменні ўдзельнікаў майстар-класа з дапамогай прыёмаў развіцця крытычнага мыслення.

У выніку на ІІІ Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства, які праходзіў у межах 8-га з’езда настаўнікаў СНД, нашы настаўнікі заваявалі сем дыпломаў! 

У намінацыі “Настаўнік” дыплом І ступені атрымала настаўніца рускай мовы Ліцэя БДУ імя Ф.Дзяржынскага Аляксандра Сакулевіч.

Дыпломы ІІ ступені — у настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 34 Бабруйска Святланы Здаранковай і настаўніцы біялогіі гімназіі № 2 Пінска Таццяны Пархамчук.

У намінацыі “Выхавальнік” дыплом І ступені ў Кацярыны Толкач з дзіцячага сада Копішча Мінскага раёна.

Дыплом ІІ ступені — у Ганны Крышталь з дзіцячага сада № 2 Пінска.

Дыплом ІІІ ступені заваявала Любоў Палын, прадстаўніца Мазырскага вучэбна-метадычнага цэнтра.

У намінацыі “Псіхолаг/сацыяльны педагог” дыплом І ступені атрымала Юлія Пшанічнікава, педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 134 Мінска.

Усяго ў фестывалі прынялі ўдзел 56 педагогаў з пяці краін.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара